Сёння Звязаўцы займаюцца трыма даследваннямі: дзейнасць Аршанскага Акруговага краязнаўчага таварыства ў 1920-1930-я гады, Беларуская традыцыйная магія на Аршаншчыне і блакада чыгункі 1991 г., па выніках працы плануецца выданне брашураў з напрацоўкамі. Але да брашураў краязнаўцы вырашылі прэзэнтаваць кароткатэрміновыя вынікі, каб зразумець актуальнасць пытання і абмеркаваць праведзеную працу з зацікаўленымі людзьмі.
Першым краязнаўчыя чытанні распачаў Алесь шутаў, які распавёў пра працу краязнаўцаў напачатку стагоддзя, іхныя поспехі, дасягненні, рэпрэсіі, пад якія патрапілі удзельнікі Аршанскага таварыства. Асобна было адзначана, што так званую барацьбу з "нац-дэмаўшчынай" у выніку якой былі знішчаныя шматлікія артыкулы, выданні, артэфакты і г.д. рапспачаў на Беларусі камуніст Канстанцін Гей, чыім імём сёння названы завулак ў Пскове. Размова пра рэпрэсіі натхніў прысутных на ўласныя ўспаміны пра расповеды старажылаў. Напрыканцы выступу Алесь Эдуардавіч зачытаў артыкул Данілы Васілеўскага, аднаго з актыўных удзельнікаў краязнаўчага руху 20-30 гадоў, "Экскурсійныя аб'екты Аршаншчыны".
Другім слова ўзяў Ільля Жыльцоў, які каротка распавёў пра хаду даследвання падзеяў 1991 года. Адносна нядаўнія падзеі, разглядаемыя ў даследванні, навеялі ўспаміны і на прысутных. Шмат хто пачаў распавядаць чым сам займаўся ў дні блакады Аршанскага чыгуначнага вузла. Напрыканцы выступу адна з прысутных прапанавала чарговы раз арганізаваць збор сродкаў для сям'і Мікалая Разумава, якая знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы.
Апошняя тэма на якую размаўлялі ў гэты вечар сабраўшыеся - традыцыйная магія. Ігар Казмерчак, які займаецца дадзеным даследваннем у лёгкай форме распавёў пра незвычайныя месцы рэгіёну, з якімі звязаныя цуды і павер'і жыхароў. Зачытаў некалькі рэцэптаў лячэння ад розных хваробаў, якія гучалі, хутчэй, як рэкамендацыя ман'яка-забойцы, чым метады лячэння. напрыклад: калі баліць зуб, то трэба дастаць зуб са рта мерцвяка і пашыраваць ім свой балючы зуб - тады і ён балець не будзе. Такога роду "рэцэпты" выклікалі смех у прысутных.
На дадзены момант краязнаўчыя даследванні працягваюцца. Любы ахвотны можа таксама прыняць удзел у даследваннях названых тэмаў. Для гэтага пра сваё жаданне варта паведаміць на электронную адрэсу: zviaz@tut.by
