З Менска ў Барань прыехала некалькі аўтобусаў з аховай прэзідэнта, а першыя правяраючыя, як паведамляюць жыхары Барані, прыбылі ў горад яшчэ за два тыдні да меркаванага візіту. Інтэрнат, які знаходзіцца непадалёк ад царквы Прэабражэння Гасподняга, у якую і адбыўся прыезд Лукашэнкі, быў фактычна блакаваны супрацоўнікамі ў цывільным, для аховы, як кажа ананімная крыніца нашага сайту, было прывезена нават некалькі сабак.
Людзям забаранялі адчыняць фортачкі, падыходзіць блізка да вокнаў, а на вуліцы ў гэты дзень у многіх правяралі дакументы, асабліва паблізу царквы. Ёсць меркаванне, што і сярод людзей, якія былі ў царкве падчас выступу Лукашэнкі, не было выпадковых людзей, акрамя "правераных" жыхароў Барані ў натоўпе прысутнічалі і супрацоўнікі спецслужбаў. Таксама ў сацыяльных сетках пішуць, што да чалавека, які сфатаграфаваў некалькі машынаў аховы, падышлі "людзі ў чорным" і запатрабавалі выдаліць усе здымкі.