Алёна Ланская прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні". Менавіта гэтая спявачка перамагла на конкурсе, які адбіраў удзельніка ад Беларусі. Аднак перамога Алёны не стала такой бязвоблачнай і бездакорнай. Прыходзяць звесткі, што ў пэўных рэгіёнах краіны за яе прымушалі галасаваць прамымі ўказаннямі. Так, напрыклад, паштоўкі з просьбамі і патрабаваннямі галасаваць за Ланскую разносілі ў Асіповіцкім раёне. А таксама ў Коханава і Оршы.
Актывіст кампаніі "Наш дом" Мікалай Петрушэнка паспрабаваў высветліць, што здарылася. "Я спытаў на пошце, адкуль узяліся гэтыя ўлёткі. Удалося даведацца, што іх было няшмат, таму іх разносілі пераважна па арганізацыях. Частка ўлётак была закінута ў паштовыя скрыні жыхароў Оршы і Коханава. Значыць, адміністратыўны рэсурс і дзяржаўныя сродкі паставілі "на службу мастацтву", дакладней, ідэалогіі? Мы звярнуліся да дэпутатаў Коханаўскага пасялковага савету, Талачынскага і Аршанскага райсаветаў і Аршанскага гарадскога савета з тым, каб яны далі ацэнку такога выкарыстання бюджэтных грошаў і "ўключэння" паштовых работнікаў у незаконную агітацыю.
Калі Асіповіцкі раён яшчэ можна неяк "апраўдаць" - Алёна Ланская родам з Магілёва, то пры чым тут Орша і Коханава, невядома. Так ці іначай, Ланская перамагла ў адборы, і 24 траўня ў азербайджанскім Баку прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні".
