Экскурсія па Оршы 1929 года

Як выглядала Орша ў 1929 годзе?

911 просмотров :: 5 комментариев 09.05.2016 18:00

Tut.by працягвае серыю артыкулаў, прысвечаных таму, як выглядалі экскурсіі па гарадах Савецкай Беларусі ў 1929 годзе. Аднавіць маршруты амаль 90-гадовай даўніны ўдалося дзякуючы матэрыялам, змешчаным у даваенным часопісе «Наш край», які выдаваўся Цэнтральным бюро краязнаўства пры Беларускай акадэміі навук з 1925 па 1930 гады. Раней чытачы tut.by маглі азнаёміцца з экскурсійнымі маршрутамі па Мінску і Віцебску. Гэтым разам мы накіруемся ў віртуальнае падарожжа па вуліцах старажытнай Оршы, якая ў 1929 годзе з’яўлялася цэнтрам Аршанскай акругі.

Аўтарам маршрута з’яўляецца Даніла Мінавіч Васілеўскі (1889−1963) — беларускі краязнавец, гісторык і педагог. У 1929 годзе ён быў намеснікам старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства. З 1930-га — дэканам геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. У 1936-м арыштаваны і высланы ў Архангельскую вобласць. Працаваў буравіком у Варкуце. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Мова і арфаграфія тэкста Д. Васілеўскага захаваныя.

Культурна-гістарычныя экскурсіі па Воршы лепш за ўсё пачынаць з агляду Аршанскага замчышча. Накіраваўшыся з Дому Асьветы па Менскай вул., экскурсанты выходзяць да новай электрастанцыі і вадзянога млына, які пабудаваны на перакопе.

Гэты перакоп быў выкапаны для аддзяленьня плошчы замку ад поля. За перакопам адразу пачынаецца пляц ніжняга замку, які зваўся астрогам. Уся плошча ад перакопу да замковага рову, які пачынаўся ніжэй сучаснай граблі (плаціны. — У. С.) праз раку Аршыцу і злучаў воды Дняпра і Аршыцы, аддзяляючы такім чынам верхні замак ад астрогу, была абведзена высокім драўляным тынам. Адсюль і назва «астрог». Налева ад граблі, па левым беразе Аршыцы да яе вусьця, цягнуўся верхні замак.

Плаціна на рацэ Аршыцы на пасляваенным здымку. Справа бачныя валы Аршанскага замчышча.

Самы замак быў пабудаван каля 1500 году, меў каменныя сьцены вышынёй ад 5 да 7 сажняў і 5 вежаў вышынёй да 10−12 сажняў. Замак меў форму пяцікутніка і ахапляў сабой усю плошчу ад сучаснай Замкавай вуліцы да вусьця рэчкі Аршыцы. Цапер добра відаць толькі рэшткі рова і вал па Замкавай вуліцы, таксама застаўся роў замку каля вусьця Аршыцы. Раскопкі навуковай экспэдыцыі Інбелкульту ў 1928 годзе высьветлілі, што Аршанскае гарадзішча ня зусім даўняга пахаджэньня. Археолёг Ляўданскі адзначае яго, як славянскі гарадок ХІ-ХІІ стагодзьдзяў. Сярод насельніцтва гораду вельмі пашыраны чуткі аб падземных ходах з замку ў розныя канцы гораду. Інвэнтар Аршанскага замку ад 1560 году сьведчыць, што падземны ход быў толькі пад Днепр, праз які ў час аблогі хадзілі па ваду ў Днепр.

План Аршанскага замка, рэканструкцыя.

Перайшоўшы Аршыцу на мосьце, праз грэблю, экскурсія пападае ў асяродзьдзе старога гораду Воршы, і на Савецкай вул. зараз-жа сустракае два помнікі будаўніцтва ХVІІ веку: будынак сучаснага Акруговага архіву зьмяшчаецца ў царкве Мікольскай і нараджэньня багародзіцы. Гэтая царква пабудавана Аршанскім брацтвам у 1661.

Від на вуліцу Савецкую з замчышча на здымку 1950-х. Царква Нараджэння Божай Маці на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя. Будынак моцна пацярпеў у вайну, доўга стаяў у руінах і быў канчаткова знішчаны ў 1959 годзе. У 2000-я царква была адбудаваная на старых падмурках.

Далей па Савецкай вуліцы цікавы сваёй пабудовай сучасны парахвіяльны касьцёл. Раней у ім зьмяшчаўся дамініканскі кляштар. Манахі-дамінікане зьявіліся ў Воршы каля 1649 году, к гэтаму часу трэба аднесьці і заснаваньне самога касьцёлу, але каменны касьцёл быў збудаваны ў пачатку ХІХ сталецьця. Дамінікане мелі ў сваім кляштары школу для дзяцей шляхты з 1826 па 1840 год. Кляштар дамінаканаў зачынены царскім урадам каля 1840 году. У самым касьцёле цікавай пабудовы лаўкі для сядзеньня багамольцаў і панікадзіла з горнага крышталю.

Касцёл Святога Юзафа быў зачынены ў 1937 годзе і перароблены пад Дом культуры. У 1989 годзе храм вернуты каталікам.

Далей па Савецкай вуліцы будынак былога Францішканскага кляштару, пабудаваны каля 1680 г. Цяпер у ім зьмяшчаецца Профтэхшкола.

Жылы корпус кляштара францысканцаў на здымку пачатку ХХ стагоддзя. Злева бачна апсіда касцёла Святога Антонія, які быў зруйнаваны ў 1970-я пры пашырэнні вуліцы Савецкай. Кляштарны будынак захаваўся да нашых дзён. Доўгі час у ім змяшчалася турма. Падняўшыся ўверх Смальлянскай вул., экскурсія пападае на гарадзкія бойні, якія стаяць над вялікімі рвамі, выкапанымі пры здабываньні вапнякоў. Завярнуўшы на права па вуліцы, экскурсія выходзіць на шашу і даходзіць да старога яўрэйскага магільніка, на якім ёсьць досыць цікавыя надмагільныя помнікі. Заснаваньне магільніка трэба аднесьці да 1620 г., калі кароль Уладыслаў асобным прывілеем дазволіў аршанскім яўрэям пабудаваць сінагогу і да сінагогі дадаў пляц для пахаваньня. З магільніка адкрываецца вельмі прыгожы від на Воршу і яе ваколіцы.

Від на гістарычны цэнтр Оршы з пагорка на здымку пачатку ХХ стагоддзя.

Спусьціўшыся з магільніка па Прабойнай вул., экскурсанты выходзяць да яўрэйскіх сінагог па былой Гараднянскай вул. (цяпер вул. Энгельса. — У. С.). Драўляная сінагога з высокай вежавай страхой па гэтай вуліцы зьяўляецца надта цікавым помнікам яўрэйскай сінагогальнай архітэктуры. Страха гэтага будынку вельмі выцягнута ў вышыню: тыповая адзнака яўрэйскага будаўніцтва і выкарыстаньня характару пабудовы вежаў Аршанскага замку. Каменная сінагога, побач з гэтай драўлянай, пабудавана ў канцы ХVІІІ і пачатку ХІХ-га стагодзьдзя і носіць на сабе адзнакі змаганьня хасідаў і міснагдымаў (рэлігійныя напрамкі) сярод аршанскіх яўрэяу пачатку ХІХ стагодзьдзя.

Драўляная аршанская сінагога на здымку пачатку ХХ стагоддзя. Будынак, меркавана, згарэў у вайну.

Накіраваўшыся далей па Гараднянскай вуліцы, экскурсія трапляе да будынкаў былога пакроўскага праваслаўнага кляштару. Да 1840 г. з паловы ХVІІІ стагодзьдзя тут быў базыльянскі вуніяцкі кляштар. Цяпер у манастырскіх кельлях зьмяшчаецца Земаддзел, чэрцёжны архіў і краязнаўчы акруговы музэй.

Пакроўскі сабор і жылы корпус былога базыльянскага кляштара на здымку часоў акупацыі.

Сабор (да 1842 года ўніяцкі касцёл Апекі Маці Божай) перажыў вайну, але быў узарваны ў 1967 годзе. Жылыя карпусы кляштара захаваліся да нашага часу ў напаўразбураным стане. Гэты музэй быў заснаваны, як сельска-гаспадарчы, толькі ў 1928 г. Сюды перавезены колекцыі культурна-гістарычнага музэю. У бібліотэцы пры музэі ёсьць старадрукаваныя кнігі, у тым ліку і кнігі Кутэінскай друкарні 1-й паловы ХVІІ стагодзьдзя. Пры музэі ёсьць мэтэоролёгічная станцыя, пчальнік Земаддзелу, а летам тут-жа ў гародзе можна знаёміцца з мёданоснымі травамі, якія могуць расьці на Беларусі. Поплеч, а музэем ляжыць мэханічная майстэрня, у якой можна азнаёміцца з процэсамі ліцьця і рознымі вырабамі з жалеза.

Былы базыльянскі кляштар і Пакроўскі сабор на пасляваенным здымку. Дарога на пярэднім плане — гэта сучасная вуліца Міра, якая перасякае раку Аршыцу.

У далейшым сваім паходзе, уніз па рэчцы Аршыцы, экскурсія ўпіраецца ў сьцены і паркан шпітальнага двара. Сучасны шпіталь імя Сямашка месьціцца ў будынках кляштару Бэрнардынаў. Бэрнардынскі кляштар пабудаваны ў першай палове ХVІІ стагодзьдзя аршанскім старастай Андрэем Млоцкім. Самы кляштар стаяў да 1840 году, пасьля чаго быў закрыты царскім урадам і перададзены пад больніцу. У кляштары было 2 касьцёлы: адзін каменны, другі драўляны, якія былі разбураны ў 80 гадох. Уцалелі толькі кельлі манахаў, у якіх цяпер месьціцца павятовы шпіталь.

Кляштар бернардынцаў на здымку пачатку 1990-х.

Па выхадзе на Комсамольскую вул., эскурсія даходзіць да былога кляштару трынітараў і Комсамольскага садзіка. Кляштар трынітараў самы малады з каталіцкіх кляштараў у г. Воршы. Ён пабудаваны каля 1714 г. панамі Саковічамі і закрыты царскім урадам пасьля 1831 г. У 1851 годзе касьцёл гэтага кляштару перабудаваны ў Васкрасенскі сабор. У самым кляштары з 1840 г. зьмяшчалася дваранская школа, пазьней — гарадзкое вучылішча. Цяпер вайсковая школа.

Былы кляштар трынітарыяў і касцёл, перабудаваны ў Васкрасенскі праваслаўны сабор, на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя. Сабор быў знішчаны ў 1950-я. Жылы комплекс кляштару быў адрэстаўраваны ў 2000-я, зараз у будынку змяшчаецца аддзел ЗАГС.

За кляштарам цягнецца вельмі цікавы сад профсаюзаў, у якім ёсьць стралковы цір.

Насупроць вайсковай школы і двара былога трынітарскага кляштару раскінуўся Камсамольскі сад. Да рэволюцыі гэта быў адзіны гарадзкі сад у Воршы. Сад разьведзены ў 1813 годзе. Да таго часу гэта быў пляц, на якім адбываліся базары і смотры салдат. Гарадзкая дума меркавала заснаваць на гэтым плацу гасьціны двор падобны да Маскоўскага. Будынкі, у якіх цяпер зьмяшчаецца гарадзкі тэатр і друкарня, былі пабудаваны ў другой палове ХІХ стагодзьдзя для выкананьня гэтага пляну.

Стары драўляны гарадскі тэатр на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя. Меркавана, будынак згарэў у вайну.

Будынак АВК (акруговы выканаўчы камітэт. — У. С.) на Ленінскай вул. цікавы як некаторы помнік грамадзкай архітэктуры ў Воршы. Да 1812 году на гэтым месцы стаяў драўляны будынак гарадзкой ратушы, але згарэў. Будынак АВК цагляны, двухпавярховы з высокай пажарнай вежай. Пад будынкам АВК знаходзяцца вялікія сутарэньні былой гарадзкой ратушы, і, калі гэтыя падвалы абвальваюцца, то адчыняюцца моцныя сьцены былых падвалаў гарадзкога магістрату, адгэтуль пайшлі чуткі аб падземных ходах. Такія правалы гэтых сутарэньняў былі ў 1898 г. і ў 1915 г.

Гарадская ўправа на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя. Будынак не захаваўся, на яго месцы пасля вайны пабудаваны жылы дом.

Будынак папраўчага дому зьяўляецца рэшткамі будынкаў былога кляштара езуітаў у Воршы. Езуіты зьявіліся сюды ў пачатку ХVІІ стагодзьдзя. Касьцёл езуітаў у Воршы пабудаваны каля 1690 г.; вызначаўся сваім хараством сярод усіх іншых езуітскіх кляштараў на ўсходзе Беларусі. Гэты кляштар займаў усю плошчу паміж ракой Аршыцай, Ленінскім завулкам і Менскай вул. Да 1820 году ў гэтым кляштары зьмяшчалася 5-ціклясная колегія, у якой навучаліся дзеці шляхты Аршаншчыны. На Ленінскай вул. засталася яшчэ дагэтуль сьцяна, якой кляштар езуітаў аддзяляўся ад гораду.

Калегіюм езуітаў на старым здымку. У 2000-я гады комплекс езуіцкага кляштара і калегіума быў адноўлены.

Насупраць сьцяны езуіцкага кляштару, на другім баку цяперашняга Ленінскага завулку, быў Мар’явіцкі кляштар. Манашкі мар’явічкі займаліся пераважна пашырэньнем каталіцтва сярод гараджан праз сваю школу. Школа іхняя была зачынена ў 40 гадох ХІХ стагодзьдзя.

Кляштар быў драўляны і зруйнаваны пасьля 1863 г. З цікавых Аршанскіх будынкаў, якія зьмяшчаюцца па Ленінскай вул., трэба адзначыць Рабоча-партыйны клюб, Пушкінскую бібліотэку, паштовую кантору. Уся гэтая частка гораду пачала шыбка расьці пасьля правядзеньня шашы на Віцебск пры Мікалаі І-м.

Былая вуліца Пецярбургская, цяпер вуліца Леніна, на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя.

Да таго часу горад канчаўся цяперашняй Піонэрскай вул., былой Пацыянаўскай. У канцы Пацыянаўскай вуліцы, на беразе Дняпра, дагэтуль яшчэ ўцалелі рэшткі землянога вала, якім быў абведзены старадаўны горад Ворша. Па беразе Дняпра гэты вал яшчэ уцалеў і можа быць агледжаны экскурсантамі. Далей, па Ленінскай вуліцы пад Кабылякі, экскурсанты могуць агледзець стадыён для фізкультуры пры 1-й Аршанскай сямігодцы, піваварны завод «Спартак», лесапільны завод Комгасу і аэродром.

Аршанскі піваварны завод «Спартак» на пасляваенным фотаздымку. Адзін з найстарэйшых (1883 год) піўзаводаў у Беларусі ў 2003 годзе быў прызнаны банкрутам і прыпыніў працу.

З будынкаў, на левым беразе Дпяпра, у Задняпроўі цікава Ільлінская царква, якая пабудавана у ХV стагодзьдзі, і будынкі Кутэінскіх кляштараў: мужчынскага і жаночага. Мужчынскі Кутэінскі кляштар пабудаваны ў 1623 г., а жаночы — ў 1631, на зямлі пана Аршанскага павету Багдана Статкевіча, портрэт якога знаходзіцца ў Аршанскім музэі. Гэтыя кляштары, асабліва жаночы, цікавы з боку пастаноўкі гаспадаркі кляштараў. З царквей найбольш цікава каменная царква ў жаночым кляштары, якая была асьвяшчана Пятром Магілай у 1635 г.

Куцеінскія кляштары — жаночы і мужчынскі — на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя. Жаночы кляштар Прачыстай Багародзіцы зруйнаваны ў 1930-я гады. Мужчынскі кляштар Св. Божага аб’яўлення захаваўся і дзейнічае.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура