Прайгралі "Гомелю", але дастойна

"Орша" прайграла "Гомелю" з мінімальным лікам і пры скандальным судзействе.

438 просмотров :: 0 комментариев 14.08.2016 10:16

Другое кола чэмпіянату Беларусі ў 1-й лізе стартавала для "Оршы" 13-га жніўня хатнім матчам з лідэрам "Гомелем". Нягледзячы на тое, што ўсе спецыялісты аддавалі бясспрэчную перавагу "зялёна-белым", перамог "Гомель" толькі з вялікай доляй фарту і пры вельмі скандальным арбітражы. Аршанцы пачыналі матч у такім складзе: Камінскі, Шыбека, Пракопчык, Вусачоў, Магаль, Волкаў, Грачыха, Знак, Кучараў, Мараў, Хадневіч. На замены выходзілі Жданок, Гігевіч і Краўчук.

Ужо на старце матчу аршанцы выявілі прагу голу ў чужую браму. Шыбека палез у самастойную атаку, аднак быў спынены гомельскімі абаронцамі. Першы момант у гомельскіх футбалістаў узнік толькі на 11-й хвіліне, калі Янчанка прабіў недакладна. На 22-й аршанцы мелі небяспечны момант, аднак брамнік "Гомеля" Кавалёў адбіў мяч. На 32-й хвіліне галоўная зорка гамельчукоў Павел Сітко, які ў свой час забіваў за зборную Беларусі ў браму зборнай Англіі, трапіў у штангу - самы небяспечны на той момант эпізод у гасцей. Нічыя 0:0 пасля першай паловы, прычым "сіня-белыя" нічым не выглядалі горш за суперніка. У другім тайме "Гомель" прыціснуў аршанцаў да сваёй брамы - Траякоў і Ражкоў мелі добрыя магчымасці забіць, аднак не рэалізавалі іх. А вось Сазановічу гэта ўдалося - 0:1, "Орша" саступае. Аднак даганялі гаспадары толькі сем хвілін, ужо на 63-й Яўген Пракопчык расстраляў браму гасцей - 1:1!

І вось тут пачалося самае цікавае. Літаральна праз хвіліну суддзя Яўген Навумаў з Менска знаходзіць нейкі крымінал у штрафной аршанцаў, прычым нават некаторыя гульцы "Гомеля" былі здзіўленыя рашэннем суддзі прызначыць пенальці. Сітко забівае з 11-метровага - 1:2. Але "Орша" не здаецца пасля гэтай несправядлівасці і зноў пачынае атакаваць! Навумаву на лініях дапамагаюць Фёдар Буняк і Антон Ігнацюк, таксама са сталіцы. У шэрагу момантаў, як падаецца аршанскай публіцы, арбітры прымяняюць падвоеныя стандарты - пры парушэнні супраць аршанца не свістаюць, а аналагічны фол на гульцы "Гомеля" фіксуюць. Двойчы баковы арбітр не разабраўся і ў простых сітуацыях аддаў мяч з аўта гульцам прыезджай каманды, хаця выходзіў ён ад іх жа ног. Судзейства прывяло ў шал памочніка галоўнага трэнера "Оршы" Сяргея Чавідаева, а потым праца рэферы атрымала і нездавальняючую адзнаку ад галоўнага трэнера "сіня-белых" Юрыя Канаплёва. Абодва прадстаўнікі "Оршы" былі выдаленыя за свае эмоцыі, выкліканыя судзействам.

Некалькі цікавых атак аршанцаў сканчваюцца безвынікова, але Кучараў, які ўдала дзейнічаў на правым флангу цягам усёй гульні, на 85-й прыгожым ударам метраў з 25-ці зраўнівае лік - 2:2! Гэта першы гол Аляксандра за "Оршу", хаця праводзіў ён толькі другі матч за клуб. Аршанцы зусім не гуляюць на ўтрыманне, разумеючы, што ў гэты дзень могуць перамагчы сам "Гомель". "Ільняныя" ладзяць навалу, гомельскі клуб, які за адзін матч з аршанцамі прапусціў столькі, колькі за ўсё першае кола, адчайна супраціўляецца. А спадарыня Фартуна паварочваецца тварам да гасцей. Вуглавы не прыносіць аршанцам поспеху, мяч касалётам трапляе ў ногі футбаліста "Гомеля" - і пайшла контратака 3 у 2. Груба памыляецца брамнік "Оршы" Камінскі, у выніку Гомза забівае мяч ужо на 90+1 хвіліне - 2:3, "Орша" саступае.

Аршанцы саступаюць, але на дадзены момант яны забілі ў браму "Гомеля" 3 мячы, ва ўсіх астатніх 12 матчах "зялёна-белыя" прапусцілі толькі аднойчы. Большая частка матчаў пройдзе ў нядзелю, потым аформіцца і роўная табліца пасля 14 тураў.

Пазней на нашым сайце з'явіцца відэа з матчу. Сачыце за навінамі на orsha.eu!

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Спорт