Без фінала, без медалёў

Аліна Талай вяртаецца на Радзіму без узнагароды. Выйсці ў фінал аршанка не змагла з-за знесенага бар’ера (+фота).

342 просмотра :: 4 комментария 18.08.2016 07:40

Аліна Талай была адной з галоўных медальных надзей Беларусі на Алімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра. Нягледзячы на аграмадную канкурэнцыю ў сваім відзе лёгкай атлетыкі – бегу на 100 метраў з бар’ерамі, 27-гадовая аршанка прэтэндавала на ўзнагароды. Магло здарыцца ўсякае – новы рэкорд Талай, знесены суперніцай бар’ер, падзенне – гэтым і славіцца дадзеная дысцыпліна лёгкай атлетыцы. Па непрадказальнасці гэта бадай вядучы від “каралевы спорту”.

На вялікі жаль, на гэты раз не пашанцавала якраз Аліне. Выхад у паўфінал яна аформіла з 4-м агульным часам у кваліфікацыі і была аднесеная ў самы моцны з паўфінальных забегаў – з фаварыткамі Ціфані Портэр і Браянай Ролінз, з чэмпіёнкай Еўропы Сіндзі Роледэр, з іншымі моцнымі спрынтаркамі. Зрэшты, у алімпійскіх паўфіналах слабых і не бывае.

Свой забег Талай, якая бегла па 6-й дарожцы, пачала паспяхова, трымала тэмп. Да перадапошняга бар’ера Аліна прайгравала толькі Браяне Ролінз з ЗША, што бачна на фотаздымку з паветра. Аднак затым зачапіла бар’ер махавай нагой, адчула страту тэмпу і ў адно імгненне засталася па-за спінамі суперніц. Сёмы бар’ер стаў канцом Алімпіяды для Аліны Талай. Яна фінішавала толькі па інэрцыі, апошняй 8-й у забегу, паказаўшы вынік 13,66 секунды.

Фінальны забег, які праходзіў ужо без Аліны, стаўся поўным трыумфам спрынтарак з ЗША. Усе тры амерыканкі ў гэтым відзе не толькі прабіліся ў фінал, але і занялі ўвесь п’едэстал. Браяна Ролінз выйграла золата, Нія Алі срэбра, а Крысці Кастлін бронзу.

Аліна Талай не прайшла ў фінал і на Алімпіядзе-2012 у Лондане. Тады яе выніку было недастаткова, каб выйсці з паўфінала.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Спорт