Школьнікі без школы

Дубровенская школа № 1 аказалася не гатовая да 1-га верасня. 600 вучняў будуць туліцца па іншых будынках у другую змену.

653 просмотра :: 6 комментариев 31.08.2016 15:35

Паводле традыцыі, урачыстая лінейка ў гонар Дня ведаў 1 верасня адбудзецца ў двары школы № 1 горада Дуброўна. Аднак у саму школы першаклашкі і школьнікі іншых класаў прайсці не змогуць. Прычына - рамонт, які пачаўся ў школе толькі ў канцы ліпеня. Вядома, рабочыя не паспелі за такі кароткі час выканаць належны рамонт, а прычына - фінансавыя праблемы і нязграбнасць мясцовых уладаў. Цяпер вучні 1-й школы Дуброўны змушаныя займацца ў іншых будынках горада, прычым некаторыя з іх - у другую змену, хаця да гэтага года дубровенскія школьнікі апошні раз вучыліся ў другую змену яшчэ пры СССР. 1 і 2 класы пачнуць навучальны год у старым корпусе старэйшай школы горада, якой больш за 40 гадоў. 3 і 4 класы буду вучыцца ў цэнтры дзяцей і моладзі. Вучні старэйшага звяна часова "пераселяцца" ў школу № 2.

Вучобы ў другую змену можна было б пазбегнуць, калі б працягнулі рамонт іншай школы, якая знаходзіцца побач з кляштаром бернардынаў. Але тую пяць гадоў таму зачынілі на рамонтныя работы, але правялі толькі маленькую долю з іх. Можна сказаць, што школе № 1 яшчэ пашанцавала - яна трапіла ў праграму Сусветнага банку, а без яе рамонт мог бы пачацца яшчэ пазней. Улады спадзяюцца, што пазыка Сусветнага банку дапаможа забяспечыць матэрыяльна-тэхнічную базу.

За верасень рамонт у асноўным корпусе школы будзе зроблены, і вучні працягнуць вучыцца ўжо ў сваёй школе. А пакуль 600 дубровенскіх школьнікаў вымушаныя туліцца па іншых будынках.

Цікава, што пры такой сітуацыі старшыня Дубровенскага выканкаму балатуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Анатоль Пятровіч Лукашоў з'яўляецца кандыдатам ад улады па Сенненскай акрузе.

Падобная сітуацыя з незавершаным рамонтам ёсць і ў адной са школ Талачына. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады не паўсюль належным чынам падрыхтаваліся да навучальнага года-2016/17.

Комментарии читателей:

Новости: Оршанский регион

Новости: Общество