Гісторыя выбараў на Аршаншчыне Ч.7

Заключная частка матэрыяла Віктара Лютынскага

302 просмотра :: 0 комментариев 09.09.2016 19:02

Па Аршанскай-Дняпроўскай акрузе № 27 балаціраваліся шэсць кандыдатаў у дэпутаты: чатыры беспартыйныя, у тым ліку дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Жвікаў і два партыйцы: сябра ПКБ Фадзей Шамараў і сябра БСДП (НГ) Фёдар Муханаў.

Перадвыбарчая кампанія праходзіла неяк блякла і млява. Часам здавалася, што яе і няма. Пра выбары ў парламент нагадвалі толькі некалькі расцяжак над вуліцамі ды цэнтрвыбаркамаўскія плакаты. Ня бачна было агітацыйных улётак (для іх гарвыканкамам і мясцовай выбарчай камісіяй былі вызначаны адпаведныя месцы, але ўлёткі асобных кандыдатаў былі размешчаны ў школах, бальніцах, установах культуры), незаўважнымі праходзілі выступленні кандыдатаў па мясцовым радыё. Амаль не згадвала пра ход выбарчай кампаніі «Аршанская газета». Ці не апафеёзам гэтага стала арганізаваная ідэалагічным аддзелам гарвыканкама ды акружкамам сустрэча выбаршчыкаў з кандыдатамі ў дэпутаты па 26-й акрузе ў гарадской цэнтральнай бібіятэцы ім А. Пушкіна 28 кастрычніка. Пра гэтую сустрэчу не паведамлялі СМІ і толькі некалькі невыразных афішаў былі расклеены на рэкламных тумбах. З пяцёх зарэгістраваных кандыдатаў на яе прыйшлі трое са сваімі даверанымі асобамі. Прысутнічалі таксама дырэктар бібліятэкі, прадстаўнік гарвыканкама і адзін журналіст. Мясцовая тэлекампанія «СКІФ», якая здымала для сваіх навінаў усё, нават ранішнікі ў дзіцячых садках, гэтае важнае гарадское мерапрыемства чамусьці праігнаравала. Таму на сустрэчу прыйшоў усяго адзін (!) выбаршчык. Яму й распавядалі кандыдаты пра свае праграмы. Ён уважліва ўсё выслухаў ды мовіў, што ў Оршы шмат хворых ды вялікая смяротнасць, таму будучаму дэпутату трэба дабівацца пабудовы новага будынка бальніцы. Праўда, ніхто з прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат яму гэтага не паабяцаў. На тым і разышліся.

Упершыню шмат выбаршчыкаў удзельнічалі ў датэрміновым галасаванні. Па афіцыйным звесткам, у горадзе датэрмінова прагаласавала 30 % выбаршчыкаў, на некаторых участках больш за 50 % (напрыклад, ў ПТВ № 45 дзяўчаты-будучыя цырульнікі дармова стрыглі тых, хто прагаласаваў датэрмінова). Мясцовае тэлебачанне ледзь не праз паўгадзіны нагадвала гледачам, што трэба абавязкова ісці на датэрміновае галасаванне, каб сэканоміць бюджэтныя сродкі, ды ўсім прагаласаваць «за стабільную Беларусь». Дарэчы, у арганізатараў выбараў (гарадскую камісію ўзначальваў начальнік спорткамітэта гарвыканкама Алег Казлоў, памёр у 2012 г. у 60-гадовым узросце), меўся горкі вопыт выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы 2003 года, калі ў Оршы ў другім туры прынялі ўдзел усяго 47,1 % выбаршчыкаў. Так, у Аршанскі гарсавет былі абраны тады 20 дэпутатаў з 30 неабходных.

Выбары адбыліся 17 кастрычніка і прайшлі ў адзін тур. Па афіцыйным звесткам, у іх прынялі ўдзел 84 % выбаршчыкаў. Найбольш напружаная абстаноўка склалася ў 26-й акрузе. Пасля падліку галасоў на выбарчых участках Л. Анікеева мела 34 % (для прыкладу, на ўчастку ў СШ № 20, дзе месціўся штаб кандыдаткі, у раёне, дзе яна жыла і працягвала выкладаць у гэтай жа школе, за яе прагаласавала 600 выбаршчыкаў з 2752 прагаласаваўшых, за Ананьева – 560), Г. Ананьеў – 32 %, М. Дзямідаў – 20 %. Першапачаткова нават Цэнтрвыбаркам паспяшаўся абвесціць, што тут будзе другі тур. Але потым галасы пералічылі і з мінімальным вынікам у 50,23 % перамагла Л. Анікеева, другім да фінішу прыйшоў Г. Ананьеў, якія набраў 17,80 %, на трэцім месцы апынуўся У. Ігнаток з 13,01 %. У знак пратэсту супрць фальсіфікацый пры падліку галасоў выбаршчыкаў выніковы пратакол выбараў адмовіліся падпісаць сябры Аршанскай гарадской выбарчай камісіі па 26-й акрузе Васіль Кабачэўскі і Станіслаў Храпавіцкі.

Л. Анікеева, дэпутат ПП НС РБ (2004-2008).

Па Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акрузе № 27 другі раз запар дэпутатам стаў Уладзімір Жвікаў, які, паводле афіцыйных звестках, набраў 61,56 % галасоў.

Напрыканцы зазначу, што ўсе лічбы і факты з выбараў 1995, 2000 і 2004 гадоў узяты з адкрытых друкаваных крыніц і ўласных назіранняў. Большасць удзельнікаў згаданых выбарчых кампаній (кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асобаў, членаў выбарчых камісій рознага ўзроўню, назіральнікаў, выбаршчыкаў) яшчэ жывыя і маглі б шмат што дабавіць і, магчыма, нешта ўдакладніць і паправіць. Мяркую, што напісанне поўнай, праўдзівай і аб’ектыўнай гісторыі парламенцкіх выбараў на Аршаншчыне яшчэ наперадзе.

Віктар Лютынскі

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Общество