12:00

+7

5 м/с

982 гПа

15:00

+9

5 м/с

981 гПа

18:00

+7

6 м/с

981 гПа

21:00

+6

8 м/с

979 гПа

00:00

+5

9 м/с

975 гПа

Орша, Спорт

Алесь Шутаў, якім мы яго запомнім

14.10.2016 11:12

4376 просмотров, 2 комментария

Споўнілася 9 дзён з дня смерці Алеся Шутава. Публікуем фотаздымкі і ўспаміны пра выбітнага грамадскага дзеяча.

Фенамен Алеся Шутава заключаўся ў тым, што ён займаўся настолькі рознабаковай дзейнасцю, што людзі часта здзіўляліся ягонаму ўменню за адзін дзень быць вострым журналістам, нястомным грамадскім дзеячом, рэпетытарам па хіміі і вядоўцам непаўторнай лекцыі па краязнаўстве Аршаншчыны. Якасць выканання кожнай з функцый дазваляла Алесю ад пачатку 90-х і да апошняга дня жыцця заставацца ў справе, актыўна працаваць.

Аўтарытэт, зароблены падчас працы, быў непахісным – публіцыстыку Алеся чыталі ўважліва, вучні разумелі, што пасля такога выкладання хіміі ім застаецца толькі не ленавацца самім і запамінаць матэрыял, а грамадскія актывісты, хто не ведаў наступных крокаў, прыходзілі з Алесем раіцца, што рабіць далей.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Оршы Юрый Нагорны прыгадаў яшчэ юнага студэнта БДУ, які пачаў актыўную грамадскую дзейнасць, і неўзабаве ўвесь горад ведаў, хто такі Алесь Шутаў. Камусьці ён запомніцца як настаўнік, камусьці як палітычны дзеяч БНФ "Адраджэньне" і "Гавары праўду!", а хтосьці быў знаёмы з Алесем дзякуючы інтэлектуальным гульням і іншым грамадскім падзеям, якія ладзіліся дзякуючы створанай ім моладзевай грамадскай арганізацыі "Звяз".

Студэнт хімічнага факультэта БДУ Алесь Шутаў. Фота канца 80-х гадоў.

Вяселле вядомага аршанскага гісторыка Віктара Лютынскага. Алесь Шутаў быў на ім шаферам.

Алесь Шутаў браў актыўны ўдзел ва ўкладанні кніг па краязнаўстве, займаўся выданнем газет, якія часта асвятлялі тэмы, што замоўчваліся ў прэсе, залежнай ад дзяржаўных структураў. Затым спрычыніўся да адкрыцця сайта orsha.eu і доўгі час з'яўляўся рэдактарам сайту. Яго дакладныя матэматычныя падлікі, яго цвёрды аналіз мінулых падзей абмяркоўваліся многімі гараджанамі. Нават праціўнікі поглядаў Алеся Шутава прызнавалі яго выхаванасць, тактоўнасць і ўменне даносіць думкі да іншых людзей. Ён не зрываўся на іншых, і ў спрэчцы, спакойна, дакладна і вельмі карэктна даводзіў слушнасць сваёй думкі, умеў знаходзіць і кампраміс.

А яшчэ Алесь Шутаў быў рэпетытарам па хіміі, бадай найлепшым у горадзе. Хімія была яго стыхіяй, навукай, якой ён, як аднойчы прызнаўся калегам, захапіўся з самага дзяцінства, калі да школьнага курсу гэтага прадмета заставалася яшчэ шмат гадоў. Першакласнік школы № 8 быў настолькі ўражаны "фокусамі" з колбамі, прабіркамі і рознакаляровымі вадкасцямі настаўніка Уладзіміра Печанькова, што адназначна вырашыў займацца гэтай навукай. І ўжо тады, у малым узросце, не адступіў ад свайго. Калі падлетак Шутаў прыйшоў на свой першы ўрок хіміі, яму ўжо многае было вядома з таго курсу.

На сайце orsha.eu Алесь Шутаў быў яшчэ і адным з самых рэйтынгавых блогераў. Кожная публікацыя выклікала рэзананс. На ўсе прэтэнзіі і грубыя каментары аўтар адказваў абсалютна спакойна, паказваючы, што менавіта ён мае рацыю, а апанент як правіла не мае за сваёй думкай нічога, акрамя абразаў. Многія з допісаў у свой блог Алесь рабіў з трапнымі заўвагамі, сарказмам, ён не навешваў на аб’екты сваёй крытыкі ярлыкі, а проста паказваў, наколькі смешна і няскладна выглядаюць некаторыя ініцыятывы. Вось толькі некалькі запісаў Алеся Шутава ў блогах:

Ілюзіяністы ад ідэалогіі

Доска памяти или позора?

Кто же проигрывает войну?

Говорите правду

Гримасы экономии по-оршански

Рашэнне складаных задач па хіміі ўзроўню Акадэміі навук адразу давала зразумець вучням, што перад імі экстраардынарны выкладчык. Беларуская і расейская мовы з ягоных вуснаў гучалі граматна і гарманічна – не ўсе нават дасведчаныя журналісты валодаюць імі на такім узроўні. Алесь часам наракаў, што не ў ідэале валодае польскай мовай, якой вельмі захапіўся. Тым не менш, і тут ягоным ведам можна было пазайздросціць.

Алесь не ўмеў злавацца. Безумоўна, яго не ўсё радавала, яму не ўсё было да душы, шмат хто хвалявала. Але спакойна беручыся за любую праблему, ён мог пераадолець цяжкасці. Адзін з журналістаў orsha.eu, які вечна спазняецца на рэдакцыйныя планёркі на “дзяжурныя” 5 хвілін, ніколі не пачуў ад Алеся Шутава рэзкіх словаў у свой адрас, толькі адну фразу: “Эх, у цябе няма пачуцця часу”. Лаканічна, мякка, але адразу зразумела, што ў наступны раз хаця б трэба прыйсці своечасова, нават калі Алеся на планёрцы не будзе.

Бясспрэчна, за стосам папераў, за дзясяткамі справаў, Алесь не мог прыдзяляць увагу ўсім справам, якімі займаўся, напрыклад, створаны ім “Звяз”. Аднак і тут ён не заставаўся далёка ад падзей. Маладое пакаленне “звязаўцаў”, якое ўзяла на сябе арганізацыю Першага аршанскага турніра па дваровым футболе і з поспехам правяла яго, часам раілася з Алесем пра наступныя крокі. Алесь не мог прысутнічаць на ўсіх матчах турніру, але пасля важных гульняў заўсёды тэлефанаваў непасрэдным арганізатарам, суддзям і запытваў, як прайшлі матчы, што будзе далей, што-небудзь рэкамендаваў, чаму-небудзь здзіўляўся.

1-га верасня, калі даўнія сябры па “Звязу” прыйшлі павіншаваць яго з Днём нараджэння, Алесь шчыра радаваўся кожнаму падарунку. Асабліва ён упадабаў невялічкі дамок з гліны, выраблены дубровенскімі рамеснікамі, туды можна было ставіць свечку і назіраць, як у доме “запальваюцца” вокны. Тады ж сябры падарылі Алесю ягоны першы смартфон – раней, нягледзячы на свой высокі статус і паўсюдную пазнавальнасць, ён карыстаўся звычайным тэлефонам без “наварочаных” функцый. У размовах паміж сабой сябры і калегі часта здзіўляліся, наколькі сціплым быў гэты чалавек. Алесь не імкнуўся любой цаной стаць лідэрам – жыццё само паставіла яго ў авангард падзей. Ён ніколі не патрабаваў для сябе прывілеяў, наадварот, многія пачэсныя магчымасці, шанцы даваў юным і маладым, дапамагаў ім знайсці сябе ў грамадскай дзейнасці, рабіць карысць для іншых, пры гэтым робячы тое, што да душы.

Сябры па камандзе “Звяз”, якая ў складзе з Алесем Шутавым стала лепшай камандай Оршы па “Мазгабойні”, з любоўю называлі Алеся “летуценнікам”. Ён са сваім нязменным партфелем у руках выходзіў з маршруткі і няспешнай, нібы летуценнай хадой накіроўваўся да сваёй каманды, радасна (у 100% выпадкаў з усмешкай на твары!) вітаючы кожнага сябра. Пасля гэтага каманда сядала за гульнявы стол і ўва многім дзякуючы неверагоднаму Алесю здабывала чарговую перамогу.

Алесь адышоў у Вечнасць. На пахаванні яго цела было пакрыта Нацыянальным, Бел-Чырвона-Белым сцягам, сімвалам, які Алесь Шутаў нёс скрозь сваё жыццё. А ў доме на Задняпроўі па Чырвонаармейскай, 13 (колішняй Манастырскай), які Алесь Шутаў абсталяваў пад офіс, вісіць вялікі банэр з эмблемай “Звяза” – арганізацыі, якую ён стварыў і якая па сённяшні дзень дапамагае аршанцам ісці да дэмакратычных пераменаў, разумець неабходнасць і правільны кірунак рэформ у роднай Беларусі. Цяпер справа вучняў і паплечнікаў Алеся працягваць змаганне, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Мы ніколі не забудзем гэтага светлага, жыццярадаснага і моцнага чалавека.

Дзякуй за ўсё, наш Алесь!

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: Алесь Шутаў, якім мы яго запомнім

Споўнілася 9 дзён з дня смерці Алеся Шутава. Публікуем фотаздымкі і ўспаміны пра выбітнага грамадскага дзеяча.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение