Выйшла кніга "Гняздо-2" (+фота)

У Стаўрах прэзентавана кніга Паліны Качатковай "Гняздо-2".

479 просмотров :: 0 комментариев 18.10.2016 14:24

У вёсцы Стаўра пад Оршай адбылася прэзентацыя кнігі Паліны Качатковай "Гняздо-2". Аўтарка пачала пісаць апавяданні і аповесці яшчэ ў канцы 80-х гадоў, аднак большасць з іх пабачылі свет толькі цяпер, у канцы 2016 года. У 2012 годзе выйшла кніга "Матылі", а цяпер у выдавецтве "Галіяфы" выдадзена і другая кніга з назвай "Гняздо-2".

Такая дзіўная, на першы погляд, назва ўзялася ад карціны. Калі Паліна Качаткова працавала ў музеі Максіма Багдановіча, там была выставачная зала. У 1992 годзе там адбывалася выстава "Жоўты дом" і адзін з мастакоў, які выстаўляў свае творы фактычна на вуліцы, Сяргей Дзегцяронак, стварыў трыпціх карцін "Гняздо" і нумарамі "1, 2 і 3". "Гняздо-1" і "Гняздо-3" аўтар спаліў, затым доўга жыў у Нямеччыне. А вось карціна "Гняздо-2" трапіла да Паліны Качатковай, якая вельмі ўпадабала гэты твор мастацтва і нават назвала так кнігу.

На прэзентацыю ў Стаўры прыехалі шматлікія госці з Оршы, Віцебска, Менска і іншых гарадоў краіны. Пра творчасць аўтара і працэдуру выдання кнігі казалі журналіст і літаратуразнаўца Міхась Скобла, дырэктар выдавецтва "Галіяфы" Зміцер Вішнёў, даўні сябар Паліны Качатковай праваабаронца Алесь Бяляцкі. Усіх гасцей сядзібы радасна прывітаў яе гаспадар - старэйшына вёскі Стаўры Ігар Грышанаў. Акрамя самой "літаратурнай" часткі на прэзентацыі быў пачастунак юшкай, бульбай і іншымі простымі, але вельмі смачнымі стравамі. Многія з гасцей прэзентацыі адзначылі, што аўтарка кнігі не вылучаецца шматслоўнасцю, а сцісла перадае свае пачуцці, невялікім тэкстам здольная паказаць цэлую гісторыю канкрэтнага чалавека.

Па словах яшчэ аднаго госця прэзентацыі, старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча, такіх пісьменніц як Паліна Качаткова, у беларускай літаратуры небагата. Таму выданне кнігі стала сапраўднай падзеяй не для асобна ўзятых Стаўроў ці Аршаншчыны, а для ўсёй Беларусі і роднай літаратуры.

Комментарии читателей:

Новости: Оршанский регион

Новости: Культура