"А што, калі якая не адмовіць?"

"Міранізмы-3" прадстаўлены ў Оршы, шмат гумару і наўпроставы эфір з імпрэзы.

180 просмотров :: 0 комментариев 25.11.2016 15:08

Паэт Міхась Мірановіч прэзентаваў у Оршы сваю новую кнігу "Міранізмы-3". Імпрэза ўзнаўлялася ў наўпроставым эфіры на сайце orsha.eu. Але перад асноўным выступоўцам свае вершы прэзентавала віцебская паэтка Наталля Салаўёва. Яна адзначыла, што надышоў час пісаць не толькі пра іншаземныя асобы накшталт Аляксандра Македонскага, але і пра беларусаў. Балазе, годных людзей на нашай зямлі было ўдосталь. У Наталлі Салаўёвай з'явіліся, напрыклад, вершы пра Максіма Багдановіча, Еўфрасінню Полацкую, паэтка плануе пісаць пра славутых землякоў і надалей. Прыканцы яе выступу старшыня Таварыства беларускай мовы Оршы Юрый Нагорны пажадаў паэтцы творчага плёну і далейшага выкарыстання роднага слова ў паэзіі.

А наступным выступаў ужо Міхась Мірановіч. Ягоныя непаўторныя жартачкі, сарказм па жыццёвых падзеях ужо былі знаёмыя аршанцам. Паэт адзначыў, калі раней ён пісаў пра навучанне і пра смерць, цяпер вырашыў "дапоўніць" жыццёвую карціну і напісаць пра шлюб. Адзначым, што паэт не спецыялізуецца на паэмах, на доўгіх вершах, ягоны стыль - лаканічныя, але трапныя рыфмаваныя радкі. Прывядзем некалькі прыкладаў творчасці Міхася Мірановіча:

Вечарэла,

І на неба выйшлі зоры.

Ты ж ніяк мне не давала

Згоды, Зося.

Сіл нямала змарнаваў я

На ўгаворы -

Ні на што другое

Іх не засталося.

***

Я вам слова гонару

Даю,

Што на флірт

Мяне ўжо не падмовіць.

Да жанчын

Я больш не прыстаю -

А што, каля якая

Не адмовіць?!

***

Мяне няўвагай

Зневажаеш,

І твой галоўны

Недахоп:

Што ты мяне

Не заўважаеш -

Купі больш моцны

Мікраскоп!..

***

Не жаніся ні з Маняй,

Ні з Аняй,

А бяры лепей Любу ты,

Бо

Як калісьці

Пакіне каханне,

Дык табе застанецца

Любоў.

***

Узрост у гэтым

Вінаваты -

З гадамі

Ўсе старэем, братка.

І маладзенькія

Дзяўчаты

Нас абдымаюць

Толькі ў згадках...

***

Усе жадаючыя мелі магчымасць набыць як многія ранейшыя кнігі Міхася Мірановіча, гэтак жа і новае выданне. Сустрэча адбылася ў рамках кампаніі паэтычных сустрэч "Урокі паэзіі", якія ладзіць ТБМ ім.Ф.Скарыны.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура