Ворша. Раёншчыкі. Частка 1

Унікальнае дасьледваньне фенамену “раёнаў” на orsha.eu. Частка № 1: уступ, сітуацыя на Заходняй, форма байцоў-раёншчыкаў.

1449 просмотров :: 37 комментариев 19.12.2016 15:15

Старажытная Ворша славіцца ня толькі знакамітай бітвай войска ВКЛ з маскавітамі, якая адбылася непадалёк на рацэ Крапіўне, але і бітвамі так званых “раёншчыкаў”. Пра гэтыя разборкі ходзіць шмат легендаў і часьцяком асацыяцыя менавіта з Воршай, хаця падобныя бойкі адбываліся ўва многіх гарадах Беларусі. Мы знайшлі некалькіх сьведак і ўдзельнікаў старых падзей і паспрабавала аднавіць карціну крывавых змаганьняў на аршанскіх вуліцах. Больш за тое, нечакана высьветлілася, што пэўныя “варушэньні” паміж раёнамі адбываюцца і цяпер! Праўда і мана, легенды і рэальныя падзеі, забойствы, традыцыі і нават праявы беларускага і аршанскага патрыятызму ад “раёншчыкаў” – усё гэта ў новым матэрыяле orsha.eu.

Стэрэатыпы маюць унікальную ўласьцівасьць — яны жывуць дзясяткі гадоў, сэзоны альбо нават вечна. Мы часта кажам пра стэрэатыпы і забабоны адносна нацыяў, расаў, моваў. А насамрэч ёсьць і ўласнабеларускія стэрэатыпы. Адзін з такіх праяўляецца ў прымаўцы “Ворша — беларускі Чыкага”. Дагэтуль у розных кутках Бацькаўшчыны ходзяць “жудзікі” пра аршанскіх “раёншчыкаў”, якія нібыта могуць зьбіць любога, хто жыве не ў іхнай частцы горада. Дзіва, але аўтар матэрыялу сутыкаўся з падобнымі гісторыямі нават у размовах зь беластоцкімі і віленскімі беларусамі, даўно адарванымі ад цяперашніх межаў нашай краіны!

Чаму ў Воршы такая слава? Сапраўдныя бітвы раёнаў, дзе натоўп ішоў на натоўп, а чуткі пра падрыхтоўку да новай масавай бойкі пракатваліся па ўсім горадзе, даўно мінулі. Бойкі паміж раёнамі адбываліся ўва многіх гарадох тагачаснага СССР, напрыклад, у Казані дурную славу на ўвесь Саюз мела групоўка заводу “Цеплакантроль”, а яе літары “ТК” з каронай, намаляваныя дзе-небудзь на плоце, не абяцалі нічога добрага. Са звычайнага раённага згуртаваньня маладзёнаў “ТК” пераўтварыўся на сапраўдную банду, урэшце ягоныя лідэры атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня, але міліцыя сталіцы Татарстана яшчэ доўга змагалася з праявамі старых парадкаў.

Разборак паміж байцамі з масай траўмаў у Воршы няма ўжо больш за 15 гадоў. І тым ня менш, успаміны аб гэтым жывуць. Варта сказаць, што знайсьці людзей, якія ў свой час біліся за свой раён, няма ніякіх праблемаў, аднак абсалютная большасьць рэзка адмаўляецца гутарыць на такую тэму. Бадай нічога дзіўнага ў тым няма – хтосьці доўга знаходзіўся пад кантролем міліцыі, хтосьці нават сядзеў у турме. Але ня варта думаць, што ўсе колішнія раёншчыкі сталі вязьнямі турмаў ці сьпіліся, многія пачалі новы этап жыцьця і даўно маюць сем’і, дзяцей, унукаў, асобныя людзі распачалі свой бізнэс. Адным словам, шмат хто знайшоў сваё мейсца ў гэтым жыцьці. Нам усё ж удалося адшукаць некалькіх удзельнікаў і сьведак тых падзей, якія пагадзіліся пагутарыць. Вядома ж, яны не пажадалі раскрываць для шырокага кола чытачоў свае сапраўдныя імёны, і таму будуць фігураваць у матэрыяле пад іншымі.

Баец раёну “Лясныя” Максім у размове прызнаецца, што стаў нават забываць некаторыя падрабязнасьці тых часоў. Цяпер у яго ўласная сям’я, праца на чыгунцы ў Аршанскім раёне, а старыя бітвы засталіся далёка ў мінулым.

— Я вучыўся ў 7-й ці ў 8-й клясе, калі да мяне падыйшлі і спыталі “Ці будзеш хадзіць за раён?” Тых, хто, так бы мовіць, гонар раёну не адстойваў, маглі чакаць праблемы. Праблемай было і сысьці з групоўкі, калі ты ўжо браў удзел у бойках. У найбольш сур’ёзных раёнах накшталт “Заходняй” ці “Флёрава” той, хто не жадаў больш хадзіць за раён, мусіў “прастаўляцца” – накрываць стол, альбо гарэлку даваць, альбо грошы. У нас на “Лясных” было прасьцей, надакучыла хадзіць — ня ходзіш.

Я ўліўся ў гэтыя справы недзе ў 1995 годзе і ўдзельнічаў прыкладна да 1998 года. Спачатку мы былі “нулямі”, то бок самымі малымі. “Нулі” звычайна толькі рыхтаваліся да будучых баёў. Таму пераважна біліся паміж сабой для ўпэўненасьці на будучыню. 6 на 6, 10 на 10. Было два сярэднія пласты і “старыкі”, многія зь якіх неўзабаве адыходзілі ад актыўных боек і проста сачылі за парадкам. “Старыкі” не маглі біць “нулёў”, такое было правіла. Кожная з узроставых групаў зьбіралася асобна разы па тры на тыдзень у лесе. Былі і агульныя сходы, зьбіраліся грошы. Раён меў свайго “вадзілу” і “намесьніка вадзілы”.

У канцы 90-х “рух” стаў сыходзіць на нішто, агрэсыўнасьць і колькасьць байцоў істотна зьменшыліся, хаця, памятаю, у асяродку “раёншчыкаў” тады пачалі зьяўляцца тыя, хто мэтанакіравана хадзіў у “качалку”, ськінхэды. Стала і значна меней баёў, мне, напрыклад, давялося паўдзельнічаць у дзьвюх бойках. Папярэдняе пакаленьне білася часьцей. Напрыклад, мой бацька таксама быў “раёншчыкам”, ён хадзіў якраз за “Заходнюю”. Але ў час ягонага юнацтва паняцьці былі больш жорсткія. Як ва ўсім Савецкім Саюзе, калі ты не ўваходзіш у КПСС, дык ня зоймеш высокай кіроўчай пасады, так і ў “раёншчыкаў” была свая “партыя”. Ня ходзіш біцца за свой раён — цябе не паважаюць і “прэсуюць”.

Розныя раёны імкнуліся адрозьнівацца адзін ад аднаго "формай". Самым важным элементам вопраткі, які казаў, з якога ты раёна, была шапка. Шапку яшчэ называлі “байцоўка”. У некаторых раёнах не надавалі ім вялікай увагі. А вось на “Лясных” гэта было вельмі важным элементам. Яны перадаваліся па “спадчыне”, ад старэйшых байцоў – малодшым, шапкі мелі сіні колер зь белымі квадратамі зьверху. Хаця часам сустракаліся і зялёныя, і жоўтыя, з такім жа каньцікам з квадратамі. Але пераважна былі сінія. Дагэтуль можна знайсьці падобныя шапкі, яны яшчэ прадаюцца. Рэліквіяй яны былі і для “Заходняй”, там насілі шэрыя з арнаментам. І дагэтуль носяць! Потым, дарэчы, на “Заходняй” сталі насіць чорныя шапкі зь белым пампонам. Гэта ўнікальны для горада раён, бо там дагэтуль маюць мейсца пэўныя разборкі. Толькі няма таго розгаласу і маштабу, як у 90-х.

У частцы № 2: працяг інтэрв’ю з байцом “Лясных”, знакамітая бойка ў Доме культуры машынабудаўнікоў, тэрытарыяльны падзел, чуткі і плёткі пра раёншчыкаў. Працяг неўзабаве!

Арцём Сізінцаў

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Общество