Дзень памяці Зана

У Смалянах адбылася вечарына, прысвечаная 220-годдзю з дня нараджэння Тамаша Зана.

647 просмотров :: 0 комментариев 23.12.2016 11:31

Знакаміты кіраўнік таварыства філаматаў, якое ўзнікла ў Віленскім універсітэце Тамаш Зан нарадзіўся ў маёнтку Мясата Ашмянскага павету, але апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Кахачын (цяперашняя вёска Какоўчына) непадалёк ад Смалянаў. Зан быў цудоўным паэтам, прыродазнаўцам, спрычыніўся да стварэння музею ў Арэнбургу, калі быў там у высылцы. У ссылку трапіў за дзейнасць, якая падалася расейскім акупацыйным уладам антыдзяржаўнай. Фактычна, так і было, бо Зан кіраваў некалькімі арганізацыямі, якія ставілі на мэце вызваленне Літвы (тагачасная назва беларускіх земляў) ад расейскага прыгнёту. У Кахачыне Зан жыў з Брыгідай Свентажэцкай. Спачатку маёнтак прыносіў Зану растраты, але затым быў пабудаваны новы дом, і ўсё было даведзена да ладу. Пахаваны Зан са сваёй жонкай на каталіцкіх могілках у Смалянах.

Вучні Смалянскай школы на ўроку, які правёў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віктар Мяжэвіч, дэкламавалі вершы Тамаша Зана, а сам настаўнік распавядаў цікавыя факты з біяграфіі Тамаша Зана. Вучням дэманстраваўся фільм пра Тамаша Зана, зняты 10 гадоў таму, але вядомы не самаму шырокаму колу людзей. Пасля вечарыны адбылося ўскладанне кветак да магілы сям'і Занаў. Як адзначыў Віктар Мяжэвіч, у Смаляны даволі часта прыязджаюць польскія турысты, каб пабываць у славутых мясцінах, часта праблемай для іх з'яўляецца знайсці Кахачын-Какоўчына, але, напрыклад, дзесяць гадоў таму настаўнік правёў экскурсію і туды для ўнучак Тамаша Зана, якія жывуць у Варшаве.

Комментарии читателей:

Новости: Оршанский регион

Новости: Культура