"Танныя сябры гэта!”

23-м студзеня пазначаны ліст, у якім беларуская паэтка Ларыса Геніюш давала рэзкую ацэнку сябрам свайго калегі і нашага земляка класіка беларускай літаратуры Ўладзіміра Караткевіча.

523 просмотра :: 0 комментариев 25.01.2017 07:22

23-м студзеня 1974 года пазначаны ліст беларускай паэткі Ларысы Геніюш да маці нашага земляка класіка беларускай літаратуры Ўладзіміра Караткевіча Надзеі Васільеўны. Ларыса Антонаўна Геніюш прайшла сталінскія канцлягеры. Яе стаўленне да савецкай рэчаіснасці да скону засталося крытычным і адмоўным. Яна жыла пад пастаянным наглядам і прэсінгам спецслужбаў, але не зламалася. Гарачая верніца, яна чым магла дапамагала царкве ў заходнебеларускай Зэльве, дзе жыла апошнія дзесяцігоддзі жыцця. Цяпер там на царкоўным падворку стаіць як вялізны каменны бюст-помнік.

Патрыёты Беларусі ехалі да Ларысы Геніюш, як да святой. Так з ёй пазнаёміўся Ўладзімір Караткевіч, а затым пазнаёмілася і пасябравала з ёй яго маці.

Ліст, пра які мы цяпер узгадваем, поўніцца непакоем за таленавітага малодшага калегу: “Жаль Валодзю і яго светлы талент. Моцна жаль… Вам цяпер з ім не справіцца… розных алкаголяў усюды – аж полкі гнуцца… Дрэнныя сябры, якія патураюць ягонай згубнай слабасці. Танныя сябры гэта!”

У абарону Караткевіча і яго сяброў можам адзначыць, што п’янствам многія творцы савецкага часу прыкрывалі сваё нежаданне супрацоўнічаць з уладамі і спецслужбамі: ад п’яных тыя адставалі з вярбоўкамі, просьбамі, патрабаваннямі данасіцельства і ўдзелу ў савецкіх мерапрыемствах ды акцыях, у якіх браць удзел было несумленна і прадажна. Часам, п’янства проста аказвалася прафілактыкай ад раптоўнага забойства – алкаголікі не ўспрымаліся настолькі небяспечнымі як цвярэзнікі, кшталту забітага ў 1972-м беларускага мастацтвазнаўцы Лявона Баразны (пахаваны ля Талочына).

Як бы то ні было, у чарговую гадавіну гарачага ліста вялікай паэткі, падумаем – а якія сябры мы?

Андрэй Мельнікаў

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура