Студэнт, і ўжо дармаед?

Лідар гурта "Лепшы квас" Уладзіслаў Лепяшынскі быў памылкова запісаны ў "дармаеды".

920 просмотров :: 8 комментариев 04.02.2017 16:11

Гурт "Лепшы квас" набыў вядомасць ужо даўно, а 8-га лютага калектыў дасць вялікі акустычны канцэрт у Менску ў "Доме Фішара". Лідар гурта Уладзіслаў Лепяшынскі — з Барані, ён вучыцца ў адным з каледжаў Менскага раёна па спецыяльнасці "праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій". І хоць ён яшчэ студэнт апошняга чацвёртага курсу, тым не менш атрымаў на свой адрас так званы "ліст шчасця" з падатковай інспекцыі з патрабаваннем заплаціць падатак на дармаедства.

Карэспандэнт нашага сайту звязаўся з Уладзіславам наконт дзіўнай сітуацыі, і ён паведаміў, што ліст прыйшоў яшчэ перад Новым годам:

Ліст прыйшоў яшчэ да Новага Году. Але неяк забыўся пра яго і забраў з пошты толькі ў новым годзе, 2-га студзеня. На пошту ішоў з думкамі, што нехта вырашыў павіншаваць мяне са святамі. У прынцыпе ўлада мяне і павіншавала (смяецца). Ведаў, што трэба проста ўзяць даведку, якая сведчыць аб тым, што з'яўляюся студэнтам, так я і зрабіў. Пасля аднёс яе ў аршанскую падатковую.

А якая была першая рэакцыя на такі вось "падарунак"?

Нечаканасць, але ж я ведаў, што ў любым выпадку плаціць не прыйдзецца, я студэнт, адбылася памылка. На пытанне, чаму так адбылося ў падатковай сказалі, што адукацыйныя ўстановы не дасылаюць ім дадзеныя навучэнцаў. Але я чытаў адзін артыкул, у якім напісана, што дадзеныя ўсё ж такі дасылаюць, а памылкі адбываюцца з-за таго, што высылаюць ідэнтыфікацыйныя нумары, якія напісаны няслушна. Мне вядома, што па краіне адбылося некалькі такіх выпадкаў, што студэнты атрымалі лісты з патрабаваннем выплаціць падатак.

Цяпер сітуацыя выправіліся?

Так, зараз трэба чакаць ліста ўжо праз год (смяецца). Лічу, што з-за такіх памылак можна дамагацца адмены дэкрэта, бо ён парушае канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, у якой прапісана, што праца ў нашай краіне не абавязак. Чалавек сам павінен вырашаць, працаваць яму ці не. Здзіўляе сітуацыя, калі сотні людзей павінны хадзіць у падатковую і даказваць, што яны не дармаеды. Фактычна, даказваць падатковай шматлікія памылкі яе супрацоўнікаў.

Нагадаем, што ў Беларусі зафіксаваны ўжо сотні выпадкаў, калі выплату падатка патрабавалі ад людзей, якія ўжо даўно грамадзяне іншай краіны, ад інвалідаў, ад студэнтаў, ад пенсіянераў, а таксама абсалютна абуральныя выпадкі, калі лісты з падатковай з патрабаваннем выплаты падатка прыходзілі памерлым шмат гадоў таму людзям. У Оршы збіраюцца подпісы за адмену Дэкрэта № 3, іх збірае партыя АГП і прафсаюз РЭП. Рэакцыя людзей на сітуацыю даволі розная, але пераважная большасць выступае супраць падатку на дармаедства і лічыць Дэкрэт № 3 абсурдам.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Общество