На і табе! Напачатку-1

Урывак першай главы кнігі Міколы Камароўскага "На і табе! Непрыдуманыя гісторыі"

437 просмотров :: 0 комментариев 11.02.2017 09:34

Слова аўтара можна прачытаць тут.

НАПАЧАТКУ

Дзеткі, не спяшайцеся расці –

Маленства больш не будзе у жыцці.

Невядомы аўтар

Эх, што ёсць мілей вас, дзіцячыя годы?

І чым, як не вамі, ў часіну нягоды

Ты смутак развееш, душой ажывеш!

Якуб Колас

Да 1939 года наша вёска была пад Польшчай. Што я “заходнік” – “западник» - я даведаўся, калі па размеркаванні прыехаў на Аршаншчыну. Раней – савецкую. А не польскую, як мая малая радзіма. Прыехаў адпрацоўваць два пасляўніверсітэцкія гады. Зняць мне хату для пражывання ў вёсцы Стапурэва майму начальству ўдалося не адразу: “западники” былі для жыхароў як замежнікі і чамусьці не ўнушалі даверу. Да таго ж размаўляў я па-беларуску, і ў вачах мясцовых жыхароў быў як дзіва дзіўнае. З 17 сверасня мы сталі грамадзянамі Савецкай Беларусі. Старажылы маёй Мікалаўшчыны прыгадвалі такую карцінку з той знамянальнай падзеі. Трэба было прывітаць, ад імя народа, прыход доблеснай вызвольнай Чырвонай Арміі. Энкавэдзісты знайшлі больш-менш падыходзячага селініна, патлумачылі яму, што і як з такой нагоды патрэбна сказаць. Сабралі мітынг. З прысутных – і начальства, і жыхары вёскі, і чырвонаармейцы. Далі слова прадстаўніку вызваленага народа. Выйшаў, бедалага, і маўчыць: усё, чаму яго навучалі перад выступленнем, вылецела з галавы. Маўчанне зацягнулася. На выступоўцу пагрозліва пазірала ўлада. Урэшце ён нешта ўспомніў з завучанага і крыкнуў: “Красная звязда пабядзіла белага арла”. І больш – ні слова. Доўга пасля не сыходзілі жарты з вуснаў мясцовых зубаскалаў пра тое выступленне.

Калгас у нас утварыўся недзе ў другой палове 40-ых. Калі ва ўсходняй частцы Беларусі людзі ўжо спаўна напрацаваліся за “палачкі”, то мы, “заходнікі”, толькі спасцігалі калгасны лад жыцця. Агароду стала ўсяго 20 сотак. З яго і жылі. Выжывалі. (Мой стрыечны брат, у трохгадовым узросце, калі памёр яго дзед, узрадаваўся і сказаў: “Дзед памёр, і цэлая міска крупніку засталася”). Чорныя “варанкі” не міналі і нашай вёскі. Мы ўсё ж як-ніяк пражылі ў буржуазнай дзяржаве каля двух дзясяткаў гадоў. Наглядзеліся таго, чаго ў савецкай краіне не павінны былі бачыць. Без Саветаў хоць і не заможна жылося, але хлеб на стале не пераводзіўся, было і да хлеба. Мікалаўцы дзівіліся, гледзячы на абы-як апранутых чырванаармейцаў, якія літаральна ўсё пазмяталі з мясцовых крамаў. Настаў час спазнаць маім землякам, што значыць “усё вакол калгаснае”… Ды народ не траціў пачуцця гумару, можа, таму і выжыў. Умудраліся хлопцы цішком ноччу залезці да каго-небудзь на страху хаты і накрыць комін шклом. Гаспадыня запальвае ў печы. Заслонка не закрыта, а дым – на хату. Зірне кабета: неба ж у коміне відаць, значыць, дым павінен выходзіць. Пакуль не падкажуць прычыну, – дыму поўная хата. Так жартамі супрацьстаялі нішчымніцы і беспрасветнасці калгаснага жыцця.

А затым, у пяцідзясятым, бусел прынёс мяне. Пра які там-небудзь дэкрэтны водпуск раджальніцам і гаворкі не было. Гадаваліся дзеці, можна сказаць, самі па сабе. Бацька мой уладкаваўся на цагельню, маці, нягледзячы на тое, што на руках зусім яшчэ малое, штодня ішла на працу ў калгас. Мяне, пакуль яшчэ не хадзіў, пакідалі аднаго ў калысцы. А калі падрос, маці, ідучы на працу, садзіла на падаконнік і гаварыла: ”Глядзі ў акенца і больш нікуды не лезь.” У разетку я залезці не мог, бо электрычнасці ў вёсцы яшчэ не было. (У першым класе, помню, а гэта быў 1957 год, вучыліся пры газавых лямпах). Сяджу я на тым падаконніку, гляджу ў акно, задрамлю ды і засну. Прыбяжыць маці з поля, а я сплю там, дзе і пасадзіла мяне. Спакойным хлопчыкам быў. Спакойным то спакойным, але дасціпным. Без адвёрткі ці іншых там інструментаў нейкім чынам здолеў разабраць барометр, што вісеў на сцяне. Менавіта разабраў на дэталі, а не разбіў. Дарослыя дзівіліся, як гэта мне ўдалося. Штуковіну тую прывезла мая бабуля Моця з Украіны, адкуль была родам. Ганарылася гэтым цудам тэхнікі. Аднойчы абвясціла ўсім, што можна растрасаць сушыць сена: барометр паказвае на пагоду. Уся вуліца дружна растрэсла копы. А тут як лінуў дождж… Так што за разабраны барометр бабуля не сварылася.

Праз тры гады пасля мяне з’явілася ў мяне сястрычка. Бацька зрабіў калыску, праўда, крыху цяжкаватую. Мая задача была калыхаць малую, пакуль бацькі на рабоце. Мне ўжо было больш за тры гады, а сястрычцы недзе з паўгода, калі гэтае калыханне ледзь не скончылася трагічна. Калыска гайдалася, як арэлі. Я ўвайшоў у азарт ды так разгайдаў яе, што яна ўзяла ды і перакулілася. Я галавой урэзаўся ў вугал стаяка, а сястрычка аказалася пад калыскай, накрытая дошкамі, што ўсцілалі дно. Акрываўлены і спалоханы, я выбег на ганак, сеў і плачу. Не, каб людзей паклікаць на дапамогу. А малая ўжо храпці пачала пад дошкамі. Колькі б я яшчэ праседзеў, калі б нехта з вуліцы не пацікавіўся, чаго я плачу. Так была выратавана сястрычка.

Першы год вучобы ў школе запомніўся тым, што пасля заканчэння першага класа быў я ўзнагароджаны кніжкай М. Калачынскага “Насустрач жыццю”, якую, прыбегшы са школы, нават не паеўшы, прачытаў ад пачатку да канца, без перапынку. Тагачасная школа пакінула цэлы пласт успамінаў. З сённяшняй, з камп’ютарамі, смартфонамі, навушнікамі, духоўна жабрацкай – дзеці амаль не чытаюць мастацкай літаратуры – не параўнаеш. Мы вельмі шмат чыталі кніг. І, як усе дзеці, свавольнічалі і на ўроках, і на перапынках. Калі ж і ўтваралі якое нязлоснае хуліганства, то з выдумкай, з творчым падыходам. Ды і гульні ў нас былі не “смартфонаўскія”, а такія, што развівалі і фізічна, і маральна. Жыццё цанілі, бо не абясцэньвала яго тады тэлебачанне штодзённым паказам смерцяў і морам чалавечай крыві. Калі ў нас адзін з вяскоўцаў за нешта (ці ні за што) па-страшнаму забіў бабулю, то гэта было такім узрушэннем для ўсіх, асабліва для дзяцей. А аднойчы ўся вёска збеглася глядзець на труп незнаёмца, што ляжаў ля магазіна. Страх, можна сказаць, паралізаваў жыхароў, а ў нашай дзіцячай свядомасці адбіўся выгляд таго трупа назаўсёды.

Працяг першай главы чытайце заўтра

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура