03:00

+5

10 м/с

970 гПа

06:00

+3

9 м/с

967 гПа

09:00

+0

11 м/с

966 гПа

12:00

+0

10 м/с

969 гПа

15:00

+1

9 м/с

975 гПа

Орша, Культура

На і табе! Напачатку-2

12.02.2017 07:44

3137 просмотров, 5 комментариев

Урывак першай главы кнігі Міколы Камароўскага "На і табе! Непрыдуманыя гісторыі"

Слова аўтара можна прачытаць тут. Пачатак главы "Напачатку" чытайце тут.

НАПАЧАТКУ (працяг)

Асабліва запомніўся мне, вучню, дзень калі разбуралі святыню – царкву. Яна стаяла на высокім месцы, на Грудку, як яго звалі, недалёка ад Нёмана. Там мяне хрысцілі, там павянчаліся бацька з маці. Нягледзячы на пагрозы настаўнікаў, ці не ўсе школьнікі збеглі з урокаў глядзець на гэта страшнае відовішча. Царква была вялікая, мела аж сем купалоў. Хтосьці яшчэ заспеў яе сфатаграфаваць, і, як яна выглядала, можна пабачыць цяпер у Інтэрнэце. А разбуралі гэты помнік драўлянай архітэктуры з нагоды барацьбы з рэлігіяй. Прымусам, запалохваннем сабралі ўлады некалькі подпісаў ад грамадзян, быццам бы ўся вёска просіць знішчыць гэты опіум для народа. Вакол царквы сабралася ўся вёска, нават рабочыя цагельні прыбеглі. Людзі плакалі, маліліся, трымалі ў руках іконы. (Калі сёння чую ўхвалу Савецкаму Саюзу, маўляў, пры Саюзе жылося лепш, я не лепшымі словамі згадваю Саюз за нашу царкву, і за бацьку, і маці, якія пражылі ўвесь свой век у СССР і памерлі, так і не ўбачыўшы дастойнага жыцця). Сышла тады з нябёсаў на зямлю і Божая кара: адзін з тых, хто разбураў святы будынак, зваліўся з верхатуры і разбіўся насмерць…

Наогул, апісаць школьнае жыццё – кнігі б не хапіла: настолькі яно было насычана запамінальнымі падзеямі і незвычайнымі людзьмі. Дзяцінства сёння бачыцца як адзін дзень. І, згадваючы пражытае, памяць часцей спыняецца на выпадках смешных, а не змрочных. Зноў жа, не магу не вярнуцца да яе, да яшчэ не разбуранай царквы.

Раслі блізка ад будынка дзве вялікія ліпы. Буслы гняздо зрабілі на адной з іх. У нашай дзіцячай хлапечай кампаніі знайшоўся выдумшчык, які прапанаваў залезці на ліпу, дастаць з буславага гнязда яйка і пакласці пад квактуху ў каго-небудзь з вяскоўцаў. Во смеху будзе, як вылупіцца замест кураняці бусляня! Адразу ж знайшлі і ахвяру. Гэта быў дзядзька па мянушцы Бусел. Прыляпілі яму такую мянушку за яго цыбатыя ногі. Ініцыятар ідэі палез па яйкі сам. Не ведаю, як ён не зваліўся з дрэва, але яйка з-пад бусліхі ўсё ж дастаў, хаця птушка дзяўбала яму галаву ( добра, што мы папярэдне абматалі яе нейкімі старымі штанамі і наверх нацягнулі вялікую зімовую шапку). Яйка падклалі пад квактуху. Вывеліся кураняты, вывелася і бусляня. Рагатала ўся вёска. Карціна была вартая пэндзля майстра-мастака: ходзяць па двары цыбаты дзядзька, бусляня і квактуха з куранятамі. Дзядзька Бусел аказаўся чалавекам з добрай душой: не выкінуў буслянятка, пакінуў. Што з буслянём было далей, не прыпамінаецца.

А яшчэ было. Мы ў чарговы раз сядзелі пад той самай ліпай з буславым гняздом. Тоячыся ад дарослых, рэзаліся ў карты. Нашаму “верхалазу” маці справіла новую кашулю. Белую, з блакітным адлівам. Буслы на ліпе аглядалі наваколле, збіраліся ў вырай. Аднаму з іх уздумалася апаражніцца. І бела-ружовае змесціва яго кішэчніка прыйшлося менавіта на абноўку. Вось тады мы ўбачылі, што наш задзіра-верхавода, задавака, можа і плакаць. Плакаў ён, канешне, не з-за кашулі, а ад сораму і крыўды. Пасля бусляняці яго фантазія не скончылася. Прыдумаў такую гульню. Ты, заяц, уцякаеш ад паляўнічага. Схавацца можна толькі ў хатцы, якая з’явіцца нечакана і невядома дзе. Хатка – гэта нешта з адзення аднаго з гульцоў, часцей – ватоўка. Зайцам мог быць толькі навічок, які не ведае сакрэту падставы. Ты павінен паспець сесці на хатку, тады паляўнічыя прайграюць. Фокус быў у наступным. Ватоўка трымалася кім-небудзь нізка над свежай каровінай кучай. Ты з ходу спяшаешся сесці на хатку, і ў гэты момант ватоўка імгненна прымаецца… Зайцам быў мой стрыечны брат Дзіма.. Вельмі шустрым хлопчыкам аказаўся. Куртку сваю Куна, наш прыдумшчык, выхапіць не паспеў… Што тут скажаш? Калі чалавеку не шанцуе, то гэта, відаць, надоўга.

Затым быў універсітэт – гэта цэлая эпоха ў маім жыцці і вызначэнне майго далейшага лёсу. Пра асобныя моманты гэтага перыяду я раскажу ніжэй. Выкладчык Алег Антонавіч Лойка запомніўся як вельмі тактоўны чалавек. Ніхто ніколі яму яго прадмет не пераздаваў. Шанаваў маладых паэтаў: і Разанава, і Ярца, і Янішчыц, і нас, жаўтаротых пачынаючых пісак. Ці ўзяць Ніла Гілевіча. На першым курсе ён паехаў з намі ў нейкую гомельскую вёску на фальклорную практыку. Помню першы вечар практыкі. Сабраліся на вячэру ў адной хаце. Хлопцы надыбалі ў мясцовай краме “Вішнёвага” віна. Але як паглядзіць на гэта выкладчык? Выручыў ён сам: “А што, хлопцы, нічога не прыстараліся да гэтага смачнага сала з салёнымі агуркамі?” Мы асмялелі. ”Вішнёвае” пацякло ў шклянкі. Пасля спявалі народныя песні, якія так любіў Ніл Сымонавіч. Як ён іх спяваў!

Па размеркаванні я павінен быў прыбыць на Браслаўшчыну, ды аднакурсніца папрасіла памяняцца накіраваннем: ёй бліжэй ад дому была Браслаўшчына, а не прпапанаваная Аршаншчына. Па мне ж – дык усё роўна. Так і прайшло жыццё на радзіме Караткевіча. Яно б магло скласціся зусім па-іншаму, каб паехаў на Браслаўскія азёры, а склалася як склалася. І адну выснову зрабіў для сябе: ніколі не шкадаваць, што нешта зрабіў не так, а патрэбна было інакш. Лёсу відней, што і як павінна адбыцца. І няхай пухам зямля будзе маім родным, блізкім і знаёмым, каго ўжо няма, пра якіх я згадаў у гэтым зборнічку. Яны па-ранейшаму ёсць. У такой субстанцыі, як Памяць.

Другую главу кнігі чытайце ў наступную суботу

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: На і табе! Напачатку-2

Урывак першай главы кнігі Міколы Камароўскага "На і табе! Непрыдуманыя гісторыі"

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение