Не “расстрэл”, а “запаленне мозгу”

Злачынствы камунізму не асуджаныя ў Беларусі, і ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай тых, хто здзяйсняў масавыя расстрэлы.

511 просмотров :: 6 комментариев 07.03.2017 18:09

Вядомая праваабаронца, пісьменніца, журналістка Паліна Сцепаненка ў блогу на афіцыйным сайце "Радыё Рацыя" піша пра масавыя расстрэлы камуністычнай улады, якія адбываліся ў 20-30 гады. Аўтарка нагадвае чытачам, што месцы расстрэлаў дагэтуль ніяк не ўшанаваныя, а цяперашнія ўлады нідзе не ўзгадваюць тыя сумныя падзеі. Таксама Паліна Сцепаненка паведамляе пра даследванне яшчэ 90-х гадоў, якое сведчыць пра тое, што ў пасведчаннях пра смерць людзей, натуральна, камуністы не пісалі рэальную прычыну "куля ў патыліцы" — злачынствы трэба хаваць, як і сваю подласць.

Тэкст матэрыялу "Не “расстрэл”, а “запаленне мозгу” цалкам:

Праз перасыльную турму ў Воршы, якая месцілася ў будынках Езуіцкага калегіуму, прайшла незлічоная колькасць ахвяраў сталінскага рэжыму. Ворша – буйны чыгуначны вузел, тут спыняліся цягнікі, якія везлі рэпрасаваных і з Усходу, і з Захаду. Зараз на месцы турмы адрэстаўраваны Калегіум езуітаў.

Расстрэлы адбываліся ў г. Ворша каля Магілёўскай шашы (цяпер мікрараён-3) ў 20-30 гады 20 стагоддзя. Месца ніяк не ўшанаванае, не мае памятных знакаў. З’яўляецца месцам адпачынку жыхараў мікрараёну. Людзі, якія прыходзяць сюды распіваць спіртныя напоі не ведаюць, што п’юць на магілах. У 80-ыя гады 20 стагоддзя аршанскі даследчык Юрась Копцік, які на той час працаваў карэспандэнтам газеты “Ленінскі прызыў”, шмат ездзіў па раёне і сабраў унікальны матэрыял – успаміны сведкаў расстрэлаў і сваякоў расстраляных.

Пры сустрэчах Юрася Копціка са сваякамі расстраляных высветлілася яшчэ адна малавядомая акалічнасць – падчас хрушчоўскай “адлігі”, калі пайшла першая хваля рэабілітацыі, у пасведчаннях пра смерць расстраляным пісалі іншыя прычыны смерці, бо колькасць расстраляных была неверагодна вялікай. – Пазначалі ў пасведчаннях аб смерці, напрыклад, не “расстрэл”, а “запаленне мозгу”. І толькі пасля “перабудовы”, у 90-ыя гады сваякі расстраляных пры Сталіне здолелі даведацца сапраўдную прычыну смерці сваіх блізкіх – расстрэл, – кажа Юрась Копцік. Смяротнае пакаранне становіцца “звыклай з’явай” падчас падчас масавых рэпрэсій.

Смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаныя ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Общество