Шпіён з-за капейкі

Выпадкова знойдзеная капейка стала прычынай расстрэлу жыхара вёскі Рассасна

1114 просмотров :: 2 комментария 14.07.2017 18:50

На заклік грамадскіх актывістаў, людзі пачалі дзяліцца гісторыямі як сталінскія рэпрэсіі закранулі іх сем'і. Адну з такіх гісторыяў змог распавесці праўнук расстралянага Лазоўскага Валер'яна Іосіфавіча. Актывісты са свайго боку, дапамаглі аднавіць дакладныя даты трагедыі.

Гісторыя гэтая нідзе раней не публікавалася і, можа быць, так і забылася б, калі б Станіслаў Лазоўскі праўнук растралянага, перабіраючы сямейны архіў, не знайшоў бы кароткую аўтабіяграфію свайго дзядулі Станіслава Валяр'янавіча Лазоўскага. Біяграфія, бачна, пісалася для работы, і ў ёй сын растралянага піша пра тое, што бацька быў рэпрэсаваны і пазней рэабілітаваны. Праўда, чамусці біяграфія так і не была перададзена на апрацоўку і засталася ў сямейным архіве.

А іншыя члены сям'і змаглі ўзгадаць і гісторыю, якая перадавалася ў сям'і вусна: Валяр'ян Іосіфавіч нарадзіўся ў вёсцы Сітнае Чэрвеньскага раёну ў 1888 годзе. Але пазней лёс яго занес у вёску Рассасна Дубровенскага раёна. Тут у яго была сям'я — жонка Ганна Сцяпанаўна і двое дзяцей: Станіслаў (які і напісаў потым біяграфію) ды Яўген (малодшы сын). Была і харошая праца — тут ён займаў пасаду загадчыка мясцовага млына, што дазваляла сям'і жыць крыху багацей, чым іншыя сяляне. Аднойчы нехта з дзяцей, гуляючы каля дарогі, знайшоў манету. Не разабраўшыся што гэта за манета, малы пайшоў у краму і паспрабаваў нешта сабе купіць. Манета аказалася польскай. Гэтага было дастаткова, каб Валяр'яна Іосіфавіча абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшы і забралі ў аршанскую турму — былы Езуіцкі калегіюм. Што было далей з Валяр'янам сям'я не ведала. Рэгулярна яны вазілі ў турму перадачы, але ў пэўны час, без тлумачэння прычынаў, перадачы браць перасталі. Толькі гэты факт і падказаў родным, што іхняга бацькі і мужа больш няма ў жывых.

Гісторыю гэтую сям'і давялося хаваць. Так, у 1947 годзе старэйшы сын расстралянага Станіслаў паступіў у Палітэхнічны інстытут імя Сталіна (сёняшні БНТУ), для таго, каб паступіць, факт растрэлу бацькі ў біяграфіі ён не ўказаў, потым працы на розных будаўнічых аб'ектах па ўсім СССР, дзе таксама Станіслаў нікому не расказваў пра расстрэл бацькі. І толькі ў сваёй біяграфіі, якая так і засталася дома, ён указаў гэты факт. Як аказалася, біяграфія была напісана ў 1963 годзе - гэта ўдалося высветліць, супастаўляючы факты біяграфіі і дакуманты Станіслава Валяр'янавіча. Таксама ў біяграфіі ён указвае, што бацька быў пасмяротна рэабілітаваны ў 1959 годзе.

Актывісты, якія займаюцца зборам гэтых гісторый, змаглі знайсці прозвішча Лазоўскага ў спісах расстраляных, якія ў іх ёсць. У тых спісах пра Валяр'яна Іосіфавіча было напісана наступнае: нар. 1888 у в. Сітнае Чэрвеньскага р-ну, паляк, зь сялян, загадчык Рассаснінскага млына Віцебскай вобласці Дубровенскага раёна в. Рассасна. Арыштаваны 1938.07.29. Асуджаны 1938.11.11 «тройкай» як агент польскай выведкі паводле арт. 68 КК БССР да ВМП. Расстраляны 1938.11.28. 1959.04.09 справа пераглядалася ВТ БВА. УКГБ Віцебскай вобл. 6214-П

Толькі цяпер сям'я займела падцверджанне таго, што іх родзіч быў растраляны. Таксама высветлілася, што пасля арышту, які адбыўся 29-га ліпеня (хутка споўніцца 79 год) ён пражыў у турме яшчэ 4 месяцы.

Вы таксама можаце падзяліцца сваёй гісторыяй пра тое, як сталінскія рэпрэсіі паўплывалі на лёс вашых родных. Для гэтага адпраўце свае кантакты і кароткае апісанне таго, што вы хацелі б расказаць на адрас нашага сайту: orsha.eu@gmail.com. Валанцёры звяжуцца з вамі і дамовяцца на запіс гісторыі ў зручны для вас час.

На фота: біяграфія Станіслава Валяр'янавіча Лазоўскага, у якой ён распавядае пра бацьку.

На фота: фотаздымак Станіслава Валяр'янавіча з "Ваеннага білета".

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура