Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

1655 - 1687. Працяг

718 просмотров :: 1 комментарий 22.07.2017 08:00

Працягваем публікаваць Храналогію гісторыі Оршы ад гісторыка Віктара Лютынского: ўступленне 1552 г. - 1562 г., 1563 г. - 1566 г. Частка 2. 1566- 1587 гг. Частка 3. 1579 г. - 1585 г. Частка 4. 1586 г. - 1595 г., 2 жніўня. Частка 5., 1596 г., люты - Канец XVI ст. Частка 6

, 1601 г. - 1611 г. Частка 7, 1612 г. - 1619 г. Частка 8, 1620-1625 гг. - 1629 г., 29 верасня. Частка 9, 1630 г. - 1635 г.(?) Частка 10. 1635 г. - 1640 г. Працяг 1641 г. - 1651 г. Частка 11 1652 - 1654, 1655 - 1687

1665 г., лістапад Куцеінская друкарня дастаўлена ў Нова-Ерусалімскі манастыр пад Масквой.

Нова-Ерусалімскі манастыр. Сучаснае фота.

1667 г., 30 студзеня Заключана Андрусаўскае перамір’е паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай на 13 з паловай гадоў. Орша засталася ў складзе Рэчы Паспалітай. У дакументах таго часу адзначаецца, што Орша “бясконцымі маскоўскімі нападамі не раз спаленая і цалкам зруйнаваная”. Насельніцтва Аршанскага павета скарацілася ў 1648-1667 гг. на 69,3%.

Памятны знак у вёсцы Андрусава, цяпер Манастыршчанскага раёна Смаленскай вобласці.

Карта “Расія і Рэч Паспалітая пасля падпісання Андрусаўскага перамір’я”.

Паштовая марка, прысвечаная Андрусаўскаму перамір’ю. Літва, 2006 г.

1667-1672 гг. Патрыярхам Маскоўскім быў Іоасаф ІІ. Украінскім вучоным Ю. Мыцікам на падставе выяўленых ім архіўных дакументаў было выказана меркаванне, што ён быў ураджэнцам Оршы. Аднак, у сучасных расійскіх крыніцах месцам яго нараджэння названа Цверская зямля.

Патрыярх Маскоўскі Іоасаф ІІ.

1668 г. Оршу наведаў і зрабіў яе апісанне пасол Рэчы Паспалітай у Расіі Бернард Танер.

1668 г. Ігуменней Куцеінскага Свята-Успенскага манастыра была Трафімія.

1668 г.

Гэтым годам датуецца геральдычная кафля, знойдзеная на тэрыторыі езуіцкага калегіума. Рэканструкцыя В. і Я. Лютынскіх.

1669 г. Аршанскім падстаростам быў Гэранім-Раман Бучацкі-Твароўскі.

Герб Бучацкіх “Пілява”.

1669 г. У Расіі была арганізавана міжнародная паштовая лінія, так званая Віленская (Смаленская), якая звязвала Маскву з Польшчай праз Мажайск, Смаленск, Оршу, Мінск на Вільню, дзе тады знаходзілася рэзідэнцыя польскага караля.

Маршрут “Віленскай пошты”.

Рускі ямшчык XVII ст.

1669 г. Ігуменам Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра быў Іов Малочка.

1669 г., 1 кастрычніка Кароль Рэчы Паспалітай Міхал Вішнявецкі надаў Аршанскаму праваслаўнаму брацтву пацвярджальны прывілей аб замацаванні за ім манастыра са школамі і аб прадстаўленні яму права заснавання семінарыі і багадзельні.

Міхал Вішнявецкі. Партрэт невядомага мастака XVII ст.

1669 г. Аршанскім земскім суддзёй быў Гэранім Камар.

Герб “Камар”.

1669 г. Аршанскім маршалкам быў Рэут (Ревут).

1669 г., 6 верасня Аршанскі земскі суд абвінаваціў магілёўскі магістрат у тым, што той асудзіў на спальванне за чарадзейства мяшчанку, якая аказалася, як высветлілася пасля правядзення выраку ў выкананне, невінаватай.

1670 г., 21 чэрвеня Рускі цар Аляксей Міхайлавіч сваёй граматай загадаў штогод на ўтрыманне Куцеінскага Свята-Успенскага жаночага манастыра па 350 рублёў і 330 чвэрцей ржы і ячменя, ладана і воска па 3 пуды, царкоўнага віна па два вядра. Зрабіў і розныя ахвяраванні.

Цар Аляксей Міхайлавіч (Раманаў).

1673 г., 16 лістапада Нарадзіўся Аляксандр Данілавіч Меншыкаў (г. Масква, Расія-1729), расійскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, паплечнік Пятра І, граф (1702), святлейшы князь (1707), генералісімус (1727). У 1709 г. дамогся ад польскага караля і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ перадачы яму ў трыманне Аршанскага староства. Выказвалася меркаванне, што яго продкі паходзяць з Аршаншчыны. Так, А.С. Пушкін у падрыхтоўчых тэкстах да “Гісторыі Пятра” пісаў: ”…Меншиков происходил от дворян белорусских. Он отыскивал около Орши своё родовое имение. Никогда не был он лакеем и не продавал подовых пирогов. Это шутка бояр, принятая историками за истину”. На самой справе, ён быў сыным конюха з Масквы.

А.Д. Меншыкаў. Карціна невядомага мастака. 1710-1727 гг.

1674 г. Куцеінскаму Свята-Успенскаму жаночаму манастыру дадзена жалаваная грамата на прыезд у Маскву па два разы на год.

1674 г. Аршанскім земскім суддзёй быў Пётр Шалуха.

Герб Шалух “Свят”.

1674 г. Аршанскім падстаростам быў Ян Бучацкі-Твароўскі.

1674 г. Аршанскім харужым стаў Самуэль Кміціч (?-1692), стражнік ВКЛ (з лютага 1676 г.), быў таксама Аршанскім войтам. Стаў прататыпам Анджэя Кміціца – галоўнага героя рамана “Патоп” польскага пісьменніка, Нобелеўскага лаўрэата 1905 г. Генрыка Сянкевіча.

“Патоп” – адзін з самых вядомы твораў Г. Сянкевіча.

Кадры з кінафільма Ежы Гофмана “Патоп” (1974). У ролі Анджэя Кміціца Даніэль Ольбрыхскі.

Польская паштовая марка, прысвечаная Анджэю Кміціцу. 1999 г.

1675 г. Памёр староста Аршанскі Войцэх-Канстанцін Цеханавецкі. Быў абозным ВКЛ. Кароль Ян ІІ Казімір узнагародзіў яго за мужнасць і адвагу залатым ланцугом са сваіх грудзей.

1676 г. Абсталяванне Куцеінскай друкарні было перавезена ў Маскву і перададзена Сімяону Полацкаму (сапраднае імя і прозвішча – Самуіл Емельянавіч (па некаторых звестках, Гаўрылавіч) Пятроўскі-Сітніяновіч).

Сімяон Полацкі.

Вежа Друкарскага двара ў Маскве.XVII ст.

1676 г., 15 сакавіка Выдадзены прывілей Яна ІІІ Сабескага, якім падцверджана права Ільінскай царквы на валоданне зямлёй і перавозам праз раку Дняпро насупраць замка.

Ян ІІІ Сабескі.

1676 г. Праваслаўныя брацтвы пазбаўлены прывілееў і праваслаўным забаронена выязджаць за мяжу.

1677-1680 гг. Ігуменам Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра быў Гэдыён Клімовіч.

1679 г. Бурмістрам Аршанскім быў Фёдар Данілковіч.

1679 г., 6 ліпеня Шклоўскі войт Іван Дурасевіч завяшчае частку сваёй маёмасці Куцеінскім мужчынскаму і жаночаму манастырам, у тым ліку атпісвае царкве “лампаду сребрную, з копеек зробленую”.

Сярэбраныя капейкі маскоўскай чаканкі. XVII ст.

1680 г., 16 чэрвеня Аршанская зямянка Ганна Камар завяшчала святару царквы Св. Іліі Прарока “коп. 50 золотых”.

1680 г. У Оршы старостам Рэчыцкім Войцэхам Станіславам Касткоўскім (Калкоўскім) заснаваны кляштар францысканцаў і касцёл Раства Найсвяцейшай дзевы Марыя (пасля адбудовы ў ХІХ ст.. пераасвячоны ў імя Святога Антонія).

Касцёл Св. Антонія (на заднім плане). Фота пачатку ХХ ст.

Будынак былога касцёла Св. Антонія. Фота 1930-х гг.

Будынак былога касцёла Св.Антонія. Фота 1942 г.

Будынак былога касцёла Св.Антонія. Фота 1960-х гг.

Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца магазін “Віцязь”. Фота С. Сляпцова.

Унутраны выгляд былога касцёла Св. Антонія. Фота 1960-х гг.

Жылы будынак былога манастыра францысканцаў. Фота 2000-х гг.

Жылы будынак былога манастыра францысканцаў. Выгляд са двара. Фота 2000-х гг.

1680 г. Пажар знішчыў драўляны езуіцкі калегіум і будаўнічыя матэрыялы, падараваныя Казімірам Сапегам.

1680 г. Аршанскім бурмістрам быў Каспар Халеніч.

1681 г. Аршанскім старостам быў Аляксандр Дажбог Сапега.

1681 г. Памёр Старац Арсеній, разьбяр па дрэве, майстар “беларускай рэзі”. Быў манахам Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра. Пасля ад’езду ў Расію, працаваў у Іверскім манастыры, доўгі час кіраваў арцелямі, якія аздаблялі Каломенскі палац цара Аляксея Міхайлавіча, Васкрасенскі сабор Нова-Ерусалімскага манастыра ў Істры. З 1667 г. узначаліў Палату разьбярных і сталярных спраў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля. Стварыў “іарданскую сень” з 260 дэталей на 4 калонах для Суздаля (1668, цяпер – у саборы Раства Багародзіцы) – адзіную ў Расіі, якая захавалася з XVII ст.

“Іарданская сень” у Суздалі.

Царскі палац у Каломенскім.

Цэнтральны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра.

1681 г., снежань Магілёўская хроніка паведамляе, што “з’явілася з зоркі страшна вялікая камета, якая ўсяму свету была бачна, і відна яна была некалькі тыдняў”.

1686 г. Трактат аб вечным міры паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падцвердзіў усе правы, свабоды і вольнасці царкоўныя Куцеінскай Лаўры.

Трактат аб вечным міры.

1687 г. Ігуменам Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра быў Генадзь Гарэлька.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура