Фота Оршы з партыйнага архіву

Знойдзены фотаздымкі Оршы 1930-х гадоў, якія выкарыстоўваліся для савецкай прапаганды.

824 просмотра :: 2 комментария 29.07.2017 17:22

Савецкі Саюз меў вялікую машыну прапаганды, уся прэса тых часоў ухваляла вялікае сацыялістычнае будаўніцтва і дзякавала за разбудову гарадоў партыйнаму кіраўніцтву. Менавіта на замову партыйнага кіраўніцтва рабіліся некаторыя здымкі, якія потым выкарыстоўваліся ў савецкай прэсе і ў якасці агітацыйных матэрыялаў для камуністычнай прапаганды. Даследчык Павел Растоўцаў знайшоў рэдкія фотаздымкі ў Нацыянальным архіве Беларусі. Іх зрабілі ў 1930-я гады па загаду КПСС. Нездарма, на здымачы фіксавалі амаль заўсёды менавіта тыя будынкі, якія былі пабудаваныя бальшавікамі. Сярод знойдзеных здымкаў ёсць і фота Оршы. Доўгі час гэтыя фатаграфіі захоўваліся ў архіве Кампартыі БССР. Са спасылкай на даследчыка, tut.by піша, што многія здымкі не былі падпісаныя і таму даводзілася асобна рабіць працу па вызначэнні горада, дзе зроблена фатаграфія.

У Оршы ў 30-я гады мінулага стагоддзя была навінка — сучасны на той момант гукавы кінатэатр "Імя 11 ліпеня", што быў пабудаваны па праекце вядомага менскага архітэктара Георгія Лаўрова, які з 1928 па 1934 гг. узначальваў архітэктуру беларускай сталіцы. У такім выглядзе, як прадстаўлена на фота, кінатэатр, натуральна, не захаваўся.

Таксама партыйны фатограф, якога адправілі здымаць Оршу, зафіксаваў на плёнцы даваенныя вуліцы Оршы, многія з якіх менш чым праз дзесяць год трапяць пад бамбардаванне гітлераўскіх войскаў. На цотным баку вуліцы Леніна дамы былі знішчаныя, таму яны ёсць толькі на фота. Але захаваўся будынак №17 па гэтай вуліцы (так-так, гэта той самы будынак на скрыжаванні Леніна і Камсамольскай, дзе ў 2017 годзе сушы-бар, піцэрыя і ювелірная крама). А вось будынак па цотным баку, які можна ўбачыць на наступным здымку, быў знішчаны ў ІІ Сусветную вайну, цяпер тут пасляваенная забудова.

А вось жылы дом па Пралетарскай вуліцы, які быў пабудаваны ў 20-я гады. Падчас адной з бамбёжак Оршы дом згарэў. Таксама на здымку бачныя купалы Пакроўскай царквы Базылянскага манастыра. Сваю бомбу пад храм пакладуць ужо не нацысты, а камуністы, якія знішчаць яго ў 1960-х.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Общество