Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

1752 - 1772

477 просмотров :: 0 комментариев 19.08.2017 07:25

Працягваем публікаваць Храналогію гісторыі Оршы ад гісторыка Віктара Лютынского: ўступленне 1552 г. - 1562 г., 1563 г. - 1566 г. Частка 2. 1566- 1587 гг. Частка 3. 1579 г. - 1585 г. Частка 4. 1586 г. - 1595 г., 2 жніўня. Частка 5., 1596 г., люты - Канец XVI ст. Частка 6

, 1601 г. - 1611 г. Частка 7, 1612 г. - 1619 г. Частка 8, 1620-1625 гг. - 1629 г., 29 верасня. Частка 9, 1630 г. - 1635 г.(?) Частка 10. 1635 г. - 1640 г. Працяг 1641 г. - 1651 г. Частка 11 1652 - 1654, 1655 - 1687,1655 - 1687 Працяг, 1688 - 1700 1700 - 1730, 1731 - 1750

1752 г. У Оршы ўзведзена царква Ушэсця. Храм не захаваўся.

1752 г. Пабудаваны жылы корпус кляштара місіянераў (не захаваўся).

Каталіцкае духавенства. Малюнак ХІХ ст.

1753 г., 28 красавіка У магістраце Оршы пані Францыска Залуская, уроджаная Копцева, жонка кухмістра ВКЛ завяшчала святарам і манахам-базыльянам сваю маёмасць, якая знаходзілася ў Аршанскім павеце. З дакуметаў выцякае, што ў той час ланд-войтам Аршанскім быў Казімір Цешынскі, бурмістрамі Пётр Меладоўскі і Павел Бараноўскі.

1757 г. У Оршы пабудавана драўляная царква Уваскрэсення Хрыстова (знаходзілася па сучаснай вуліцы Васкрасенскай). Храм не захаваўся.

1757 г. Ігумен Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра Генадзь у сваім лісце ў Свяцейшы Сінод пісаў “каменная двухпрестольная церковь (Свята-Духаўская – В.Л.)..., а соборная трехпрестольная деревянная со всеми строениями весьма обветшали: такожде братские деревянные келии и ограда, и прочее монастырское деревянное строение от ветхости обвалилось”.

1758 г. У Оршы на ахвяраванні старосты Аршанскага Яна Лэпкоўскага (Ляпкоўскага) і са згоды яго брата ротмістра Міхаіла заснаваны базыльянскі кляштар. Пасля Я. Лэпкоўскі прыняў імя Іосіф і стаў яго ігуменам. Быў апошнім уніяцкім арцыбіскупам Смаленскім. Карыстаўся пры жыцці і пасля смерці славаю амаль святога.

Герб Лэпкоўскіх “Дамброва”

Пячатка Базыльянскага ордэну

Другая палова XVIII ст. У Оршы налічвалася 52 рамесніцкіх спецыяльнасці.

1759 г., 7 чэрвеня У Куцеінскім Свята-Богаяўленскім манастыры знаходзіўся епіскап Магілёўскі Георгій Каніскі. Пазней ён пісаў у Санкт-Пецярбург: “…в городе застал я миссию (каталіцкіх місіянераў – В.Л.)… и хотя советовали мне некоторые не ехать, опасаясь какого-либо от помянутых миссионеров нападения… положась на Божий промысел, в город поехал… как после извещено мне, намерены были в трех местах на меня напасть; однако ничего даже до самой церкви не учинили, только с колокольни хотевших, по обыкновению, для приезда моего звонить, согнали и веревки у колоколов обрезали; також несколько бедных цехов, которые хотели меня с хоругвами встретить, из монастыря (Куцеінскага – В.Л.) не выпустили. Ругались: “Попе, холопе, отлучнику от церкви! Не дерзай публичной миссии ругать!” … Когда же я вошел в церковь, которую лучше назвать амбаром, и начал говорить, то, вскочив до 15 человек на церковь, одни из алтаря чрез окна, другие в самой церкви били людей, а вломившись чрез людей ко мне, и ставши предо мною, накрыли шапками свои головы и ко мне разновидно оборачивались; последние от порога начали кричать: мы есмы истинные христиане. Я оставил говорить поучение, просил их выйти из церкви и не мешать мне в деле моем, но понеже не выходить, ни шуметь, ни бить людей не преставали, то я… принужден был выйти из церкви в преследовании за мной нападателей с пистолетами и с обнаженными саблями, и потому и не быв в состоянии другую церковь посетить, уехал, как скоро мог из города”. Як піша сучасны праваслаўны гісторык протаіерэй К. Зноска, уладыка схаваўся ў Куцеінскім Свята-Богаяўленскім манастыры. Каталіцкі місіянер-дамініканец Аўлачынскі і яго памагатыя сталі штурмаваць манастыр: біць у сцены яго каменнямі, бярвеннямі і жалезнымі ламамі, імкнучыся ўварвацца ў яго, выцягнуць адтуль уладыку і забіць. Манахі, каб выратаваць епіскапа ад смяротнай небяспекі, паклалі яго на сялянскія драбіны і, прыкрыўшы гноем, непрыкметна вывезлі з манастыра. Калі штурмуючыя ўварваліся у манастыр і не знайшлі там епіскапа, разрабавалі манастыр і пасеклі манахаў розгамі”.

Георгій Каніскі. Партрэт XVIII ст.

1760-1768 гг. Старостам Аршанскім быў ЯнГлябіцкі герба “Ляліва”.

Герб “Ляліва”

1760 г. Паводкай пашкоджаны касцёл бернардзінскага кляштара.

Касцёл бернардзінцаў. З карты 1636 г.

1760-1776 гг. Ігуменняй Куцеінскага Свята-Успенскага манастыра была Акіліна.

1761 г. На аршанскім сойміку Міхал Казімір Радзівіл хацеў правесці выбары пісара ВКЛ Антонія Паца. У яго падтрымку ён напісаў лісты да сваіх прыхільнікаў – пяцігорскага харужага Стэткевіча і аршанскага мечніка Васілеўскага. Радзівіл катэгарычна патрабаваў у Паца, каб у соймікавую інструкцыю не ўключаліся ніякія пункты, апрача згаданых у каралеўскім універсале і рэкамендацыі Людвіка Пацея на падканцлерства ВКЛ. Наконт калегі было адзначана, што ён можа быць прыхільнікам Чартарыйскіх, аднак не павінен імкнуцца сарваць сойм. У Оршы пад дырэктарствам пільвіскага старасты Мікалая Саббы Храпавіцкага пасламі былі абраны радзівілаўскі паплечнік ротмістр Язафат Стэткевіч і прыхільнік Фаміліі аршанскі земскі суддзя Антоні Хлебніцкі Юзэфовіч.

1762 г. Праводзілія рамонтна-будаўнічыя работы ў Свята-Духаўскай царкве Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра.

Накладка на Евангелле з выявай Св. Марка. Каляровы метал. XVIII ст. Куцеінскі Свята-Богаяўленскі манастыр. Раскопкі В. Ляўко. 1990-я гг.

1763 г. Нарадзіўся Станіслаў Шантыр (в. Горспля Расонскага р-на Віцебскай вобл.), мемуарыст, гісторык рэлігіі, доктар тэалогіі і права Віленскага універсітэта (1805). Вучыўся ў Аршанскім езуіцкім калегіуме. Памёр у 1846 г.

1763 г., 29 лістапада Пры абранні пасламі лоўчага Паўла Барташэвіча і вайсковіча Ежы Галінскага браты Тадэвуш і Станіслаў Васілеўскія ў акружэнні верных сяброў напалі на кляштар з касцёлам езуітаў і там “многіх дастойных асобаў парубілі і затым некалькі разоў рабілі вакол бедлам з аголенымі шаблямі”.

Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты. XVIII ст.

1764 г., 1768 г. Выдадзены пастановы сеймаў Рэчы Паспалітай аб забароне самавольнага збірання пошлін з рускіх купцоў.

1764 г. 28 мая Аршанскі сеймік абвясціў аб зборы з кожнага шляхецкага дыма па 2 талера і па 3 талера з каралеўскіх уладанняў “для ўдзяржання старадаўніх вольнасцей і свабод”. На сабраныя грошы павет разлічваў стварыць 3 харугві па 100 коней у кожнай. Вершнікі і пехацінцы апраналіся ў мундзір павета – “ верх зялёны, ніз белы”.

Шляхецкі соймік у касцёле. Малюнак Я. Норбліна

1764 г. Падчас сейміка Аршанскага павета ў касцёле адбылася бойка на шаблях паміж шляхціцамі. Пралілася кроў, з-за чаго касцёл прыйшлося пераасвячаць.

1764 г., 24 лістапада У Оршы святкавалі дзень “шчаслівай каранацыі” апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Каранацыйны партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага

1765 г., 19 верасня Нарадзіўся Васіль Міхайлавіч Севяргін (г. Санкт-Пецярбург, Расія), рускі мінералог і хімік, асветнік. Акадэмік Пецярбургскай АН (1793).У сваіх “Записках...” змясціў апісанне Оршы. Памёр 29 лістапада 1826 г.

В.М. Севяргін

1766 г., 16 лютага Нарадзіўся Нікодам Мусніцкі (Літва), польскі паэт, драматург, гісторык. Езуіт з 1781 г. Вучыўся і выкладаў у езуіцкім калегіуме ў Оршы. Памёр у 1805 г. у Полацку.

Ахоўная дошка на будынку бурсы езуіцкага калегіума

1766 г. У Вялікім Княстве Літоўскім уведзена адзіная сістэма мер і вагі.

1766 г. Суддзём земскім Аршанскім быў Казімір Курч герба ўласнага.

Герб “Курч”

1766 г. Харужым Аршанскім быў Юрый Галімскі (Галінскі) герба “Равіч”, асэсар задворных судоў, маршалак канфедэрацыі Аршанскага павета, які падпісаў Барскую канфедэрацыю (1768).

Герб “Равіч”

1768 г., 23 лютага Сейм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Трактат аб вечным сяброўстве паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай імперыяй.

Першая старонка Трактата аб вечным сяброўстве паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай імперыяй

1768 г., люты У Бары (на Украіне) праціўнікі ўраўноўвання дысідэнтаў з каталікамі і наогул праціўнікі Расіі арганізавалі канфедэрацыю. Да яе далучылася частка шляхты Аршанскага павета.

1768 г. Асвячоны ў імя архістраціга Міхаіла касцёл езуіцкага калегіума. Манументальныы будынак, які з’яўляўся творам архітэктуры позняга барока, быў звернуты фасадам да замка. Да заходняга боку касцёла далучаўся аднапавярховы будынак, які быў арыентаваны ў бок р. Аршыцы. У ім месціліся школа і бурса. Усе тры будынкі: касцёл, калегіум і школа злучаліся між сабою крытымі пераходамі. У касцёле знаходзілася 5 мураваных алтароў, выдатная скульптура Божай Маці, зробленая з дрэва, пафарбаваная і вызалачаная, партрэты каралёў Жыгімонта ІІІ Вазы і Уладзіслава IV Вазы – фундатараў калегіума, багатая рызніца, шмат сярэбранага касцельнага начыння.

Касцёл Св. Міхаіла Арханёла. Малюнак пачатку ХІХ ст.

Былы езуіцкі калегіум. На пярэднім плане чырвонай пліткай выкладзены прыкладныя абрысы былога касцёла, які быў разбураны ў ХІХ ст.

IHS – IESUSHOM INUMSALVATOR – Езус хомінум сальватор – Езус выратавальнік людзей. Езуіты называлі сябе слугамі Езуса выратавальніка

.

Асноўным девізам таварыства Езуса былі словы: «Ad Majоrem Dei Gloriam» - да большай славы Пана, скарочана AMDG.

1768 г. Генеральным харужым Аршанскага павета быў Юрый-Казімір Гаворскі-Галімскі.

1768 г., 10 жніўня Асвячоны касцёл Раства Найсвяцейшай дзевы Марыі ў кляштары францысканцаў.

Касцёл былога францысканскага кляштара. Фота 1960-х гг.

1768 г., 28 верасня Пасланы на Аршанскі сеймік ротмістр Уладзімірскага драгунскага палка Гойшад абкружыў у Оршы кляштар трынітарыяў, узламаў дзверы, спаліў царкоўную бальніцу і збіў некалькі ксяндзоў. На іх покліч збеглася шляхта, якая была на сейміке. Тады ротмістр загадаў біць у бубен і выратаўваўся ўплаў цераз Дняпро, згубіўшы аднаго драгуна. Тут да іх далучыўся Іван Удолаў і яны з ротай Апшэронскага пяхотнага палка і з гарматай разагналі сеймік.

Рускія драгуны.XVIII ст.

1768 г. Нарадзіўся Раймонд Бржазоўскі, езуіт, педагог і вучоны, у 1790-х гг. прафесар у Аршанскім езуіцкім калегіуме. Памёр у 1848 г. у Неапалі (Італія).

1768 г. Прынята пастанова сейма Рэчы Паспалітай аб ураўнанні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з каталікамі. Па падліках навукоўцаў, у канцы XVIII ст. сярод насельніцтва ў цяперашніх межах Беларусі было 39,5% каталікоў, 44% уніятаў, 8% іудзеяў і толькі 6% праваслаўных.

1769 г., 10 студзеня Нарадзіўся Мішэль Ней (Нэй) (г. Саарлуі, Германія), французскі ваенны дзеяч, маршал Францыі (1804), герцаг Эльхінгенскі (1808), князь Маскоўскі (1812). Пры адступленні французаў у 1812 г. камандаваў ар’ергардам, які пад Оршай злучыўся с асноўнымі сіламі Напалеона. Расстраляны 7 снежня 1815 г.

М. Ней

1769 г. Нарадзіўся Дэзыдард Рышардо (г. Лангр, Францыя), педагог, філолаг, гісторык, езуіт. Віцэ-рэктар Аршанскага езуіцкага калегіума (1817-19). Памёр у 1849 г.

Будынак бурсы былога езуіцкага калегіума

1769 г., 13 лютага Нарадзіўся Іван Андрэевіч Крылоў(г. Масква?), рускі байкапісец, драматург, журналіст. Памёр 21 лістапада 1844 г. Імем Івана Крылова названа вуліца ў Оршы.

Крылоў І.А. Мастак К. Брулоў

1760-1770- я гг. Мікалай-Саба Храпавіцкі герба “Газдава” узначальваў аршанскія каптуровыя суды, быў маршалкам Аршанскім

.

Герб “Газдава”

1769 г., 15 жніўня Нарадзіўся Напалеон І, Напалеон Банапарт (г. Аяча, в-аў Корсіка, Францыя), французскі дзяржаўны дзеяч і палкаводзец, імператар французаў (1804-1814, сак.-чэрв.1815). У 1812 г. вёў вайну з Расіяй. Падчас адступлення 7-8 лістапада знаходзіўся ў Оршы. Памёр 5 мая 1821 г.

Напалеон І

1771 г., ліпень У складзе расійскага карнага корпуса на ўсходзе ВКЛ у Оршы стаялі гарнізонам 2 роты Смаленскага коннага палка.

Воіны Смаленскага коннага палка. Сучасная рэканструкцыя

1770-я гг. У Оршы дзейнічалі каля 10 каталіцкіх і уніяцкіх кляштароў. Двухпавярховыя мураваныя жылыя пабудовы кляштароў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі месцічаў. Для невялікага горада такое архітэктурнае спалучэнне было рэдкай адметнасцю. Нездарма ў гісторыкаў архітэктуры Орша атрамыла назву “беларускага Суздаля”.

План Оршы 1770-х гг. (паводле І.М. Слюньковай). Каталіцкія і уніяцкія кляштары: 1 – езуіцкі, 2 – дзявочы марыявітак, 3 – трынітарскі, 4 – місіянерскі, 5 – бернардзінскі, 6 – базыльянскі жаночы, 7 – базыльянскі мужчынскі, 8 – дамініканскі, 9 – францысканскі.

1771 г. Ігуменам Аршанскага базыльянскага кляштара стаў Іосіф-Гэраклій Лісоўскі герба “Ёж”, з 1784 г. арцыбіскуп Полацкі.

Герб “Ёж”

1771 г. Створана шляхецкая Аршанская канфедэрацыя для барацьбы супраць маскоўскіх войскаў. Сярод кіраўнікоў яе былі каморнік ВКЛ, ротмістр Аршанскага павета Тадэвуш Отмар Штэйн, суддзя гродскі Аршанскага павета, ротмістр Лукомскай парафіі Людвіг Навацкі і іншыя. Каля 200 шляхціцаў і жаўнераў у 1771-1772 гг. вялі партызанскую барацьбу супраць расійскіх войскаў.

Касцюмы шляхты. 1767-1795-я гг.

1771 г., 5 лістапада Адбыўся нечаканы налёт на Оршу канфедэратаў на чале з ротмістрам Л. Шалухай, якія забралі тут касу гродскай канцэлярыі з 21 тыс. злотых.

1771 г. У Оршы расійскім ваенным камандаваннем заведзены правіятцкі магазін.

Рускія вайскоўцы. Другая палова XVIII ст. Тагачасная акварэль

1772 г., 6 (17) лютага У Санкт-Пецярбургу Расія і Прусія падпісалі сакрэтную канвенцыю аб папярэдніх умовах падзелу Рэчы Паспалітай. Пазней да іх далучылася Аўстрыя.

1772 г.(?) Нарадзіўся Арэст (свецкае Ануфрый Стафанавіч Костка, Быхаўскі пав. Магілёўскай губ.), беларускі праваслаўны царкоўны дзеяч, летапісец. З 1827 г. ігумен Магілёўскага Брацкага манастыра. Аўтар “Запісак ігумена Арэста”, якія з’яўляюцца апошняй па часе спробай стварэння беларускага летапісу. Памёр у Оршы ў 1850 або 1854 г. Пахаваны на тэрыторыі Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра.

1772 г., май У Оршы дыслацыраваліся рота Смаленскага пехотнага палка (159 чалавек) і рота ўладзімірскіх драгун (83 чалавекі).

Пікінер Смаленскага пехотнага палка. 1715 г.

1772 г. Выхаванцы Аршанскага езуіцкага калегіума ўчынілі напад на Куцеінскі Свята-Успенскі жаночы манастыр і падпалілі яго.

1772 г., 25 ліпеня (5 жніўня) У Санкт-Пецярбургу падпісана тайная канвенцыя аб падзеле часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай паміж Расійскай імперыяй, Прусскім каралеўствам і Аўстрыяй. Войскі дзяржаў-удзельнікаў канвенцыі занялі вобласці, на якія яны прэтэндавалі (рускія войскі знаходзіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з другой паловы 1760-х гг., актыўна ўдзельнічаючы ва ўнутрыпалітычнай барацьбе). Усходнія землі Беларусі (86 тысячы кв. км з насельніцтвам звыш 1200 тысяч чалавек) уключыла ў свой склад Расія. Трэба адзначыць, што драпежніцкі дзялёж тэрыторыі адной краіны іншымі не меў пакуль прэцэдэнтаў у сусветнай гісторыі. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Орша ўключана ў склад Расійскай імперыі.

Каралеўскі пірог. Мастак В. Ковач. 1773 г. На гравюры тры манархі паказваюць на карце Рэчы Паспалітай часткі краіны, на якія яны прэтэндуюць; расійскі дыпламат Панін – на анёла, які прадвяшчае волю манархаў.

Алегорыя “Падзел Рэчы Паспалітай”. XVIII ст. Замест Паніна – выява апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Карта “Беларускія землі ў канцы XVIII ст. Падзелы Рэчы Паспалітай. Аўтар В. Цемушаў

1772 г. У Оршы налічвалася 793 жыхары.

1772 г., жнівень Кацярына ІІ прадпісала генерал-губернатару далучаных зямель З.Р. Чарнышову “…паміж 1-м і 7-м чыслом надыходзячага верасня месяца ўзяць у сапраўднае наша валоданне ўсе пад Расійскі скіпетр прызначаныя месцы і землі…”. Пазней З.Р. Чарнышоў прыклаў шмат намаганняў для ўладкавання далучаных да Расійскай імперыіі тэрыторый. З мэтай утрымання захопленых земляў і ператварэння іх у надзейную пляцоўку для далейшай экспансіі на поўдзень і захад царскі ўрад праводзіў тут інтэнсіўную працу па паляпшэнню шляхоў зносін.Так, у краі пачалася арганізацыя паштовай сувязі і дарожнае будаўніцтва. М. Без-Карніловіч у кнізе “Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии” (СПб., 1855), адным з першых гістарычных твораў пра нашу краіну, пісаў: “...Генерал-Аншеф Граф Захарий Григорьевич Чернышев, приняв в свое управление Белоруссию, прежде нежели приступил до установления в ней постоянных почт, занялся устройством для них дорог, которых оказалось весьма мало, да и те были узки, извилисты, и не везде удобны для проезда. По его распоряжению землемеры вехами обозначили направление и ширину новых почтовых дорог; мерою определили их длину, указали места, где быть почтовым домам, и на каждые 700 саженях поставили верстовые столбы...там же, где оканчивались 7 вёрст, складывали на известке каменную из кирпича пирамиду, высотою в 1 ½ сажени (крыху больш 3 м – В.Л.), означавшие милю (Белорусская миля содержала в себе 7 вёрст). На новопроложенных дорогах построены деревянные почтовые станции...(на іх будаўніцтва быў устаноўлены спецыяльны паштовы збор па 7,5 кап. серабром з душы – В.Л.) Через реки поделаны мосты; через болота насыпаны плотины, гати; все дороги по бокам обсажены в два ряда березами, составившими в последствии прекрасную, густую, длинную аллею поныне существующую”.

З.Р. Чарнышоў. Мастак А. Рослін. 1776 г.

Дарога ў Магілёўскай губерні, пабудаваная пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (т.зв. Кацярынінскі гасцінец). Малюнак канца XVIII ст.

Кацярынінскі верставы слуп ля вёскі Ганчароўка Талачынскага раёна. Сучаснае фота

1772 г., 7(18) верасня Аб падпісанай у Санкт-Пецярбургу канвенцыі было паведамлена польскаму ўраду, які заявіў рашучы пратэст. Але сілы былі няроўнымі. Роўна праз год сойм, які сабраўся ў Варшаве, ратыфікаваў навязаны Рэчы Паспалітай ганебны трактат.

1772 г., 20 кастрычніка Згодна ўказу імператрыцы Кацярыны ІІ, у складзе Малілёўскай губерні ўтворана Аршанская правінцыя, якая праіснавала да 1777 г.

Кацярына ІІ. Мастак Г. Бухгольц. 1775 г.

1772 г., 23 кастрычніка (3 лістапада) З’явіўся афіцыйны дакумент для ўсёй Расійскай дзяржавы, у якім абвяшчалася аб далучэнні да яе зямель ад Рэчы Паспалітай. Насельніцтва беларускіх зямель, за выключэннем сялянства, на працягу месяца пасля апублікавання ўказа ўрада аб іх уключэнні ў склад Расійскай імперыі прыводзіліся да прысягі. Тыя, хто не жадаў прысягаць, павінны былі ў трохмесячны тэрмін выехаць за мяжу. Ім дазвалялася на працягу гэтага часу прадаць нерухомую маёмасць. Па сканчэнні вызначанага тэрміну яна перадавалася ў казну. Большасць шляхты і магнатаў далі прысягу на вернасць расійскай імператрыцы і дзяржаве.

1772 г., снежань З палітычных меркаванняў і гаспадарчай неабходнасці насельніцтва ўсходняй часткі Беларусі вызвалена на паўгода ад выплаты падаткаў.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура