03:00

+6

3 м/с

976 гПа

06:00

+5

4 м/с

975 гПа

09:00

+6

6 м/с

976 гПа

12:00

+7

5 м/с

977 гПа

15:00

+8

5 м/с

979 гПа

Орша, Культура

Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

30.09.2017 07:30

4983 просмотра, 2 комментария

1812 г

Працягваем публікаваць Храналогію гісторыі Оршы ад гісторыка Віктара Лютынского: ўступленне 1552 г. - 1562 г., 1563 г. - 1566 г. Частка 2. 1566- 1587 гг. Частка 3. 1579 г. - 1585 г. Частка 4. 1586 г. - 1595 г., 2 жніўня. Частка 5., 1596 г., люты - Канец XVI ст. Частка 6

, 1601 г. - 1611 г. Частка 7, 1612 г. - 1619 г. Частка 8, 1620-1625 гг. - 1629 г., 29 верасня. Частка 9, 1630 г. - 1635 г.(?) Частка 10. 1635 г. - 1640 г. Працяг 1641 г. - 1651 г. Частка 11 1652 - 1654, 1655 - 1687,1655 - 1687 Працяг, 1688 - 1700 1700 - 1730, 1731 - 1750 1752 - 1772 1773 - 1800 1801 - 1811

1812 г., 6 красавіка Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч Герцэн (псеўданім Іскандэр; г. Масква, Расія), рускі рэвалюцыянер, пісьменнік, публіцыст, філосаф. Памёр 21 студзеня 1870 г. Імем Аляксандра Герцэна названа вуліца ў Оршы.

А.І. Герцэн

1812 г., 10 (22) чэрвеня Складзены вопіс маёмасці Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра. Меліся дзве царквы з багатымі рызніцамі: драўляная Богаяўленская, якая пазначана ў вопісу як “старадаўняя”, і мураваная двухпавярховая Свята-Духаўская (з 1869 г. Свята-Троіцкая). У манастыры, абнесеным мураванай агароджай, мелася два жылых будынкі: мураваны і драўляны, а таксама разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. На жывёльным двары, т.з. “футары”, гадавалася 26 кароў, 10 коней, 25 свінеў і іншая жыўнасць. На рацэ Куцеінке знаходзіўся млын з мураванай плацінай (малацьба, праўда, ужо тады праводзілася толькі “вясной пры паводцы”).

Рэшткі млына на рацэ Куцеінцы. Фота 2012 г.

1812 г., 12(24) чэрвеня Пачалася вайна паміж Францыяй і Расіяй. Выдадзены ўказ імператара Аляксандра І аб увядзенні ў Магілёўскай губерні ваеннага становішча ў сувязі з пачаткам напалеонаўскага нашэсця.

Аляксандр І

1812 г., канец чэрвеня Для нарыхтоўкі харчавання і фуражу магілёўскі губернатар Дз.А. Талстой выдаткаваў 90 тысяч рублёў. Але ваенны саветнік Траццякоў, якому даручылі загадваць аршанскім правіянцкім магазінам, з набліжэннем французаў “знік невядома куды

1812 г., 6 (18) ліпеня У Оршу ўвайшоў атрад у 200 чалавек з кавалерыйскай брыгады генерала барона П’ера Давіда Эдуарда дэ Кальбера (1774—1853). Французамі былі захоплены правіянцкі магазін з вялікай колькасцю харчавання і фуражу. Харчаванне і фураж былі адпраўлены ў Талачын.

П. Кальбер

1812 г., 7 (19) ліпеня У Оршу ўвайшлі войскі 3-га кавалерыйскага корпуса пад камандаваннем генерала Эмануэля Грушы.

Э. Грушы

Французскія кавалерысты

1812 г., ліпень Праз Оршу прайшлі часткі 8-га (вестфальскага) корпуса генерала Ж.А. Жуно

.

Ж.А. Жуно

Вестфальцы. З малюнка ХІХ ст.

1812 г., ліпень У Оршы створана павятовая камісія, якая павінна была назіраць за грамадскім парадкам і выкананнем мясцовым насельніцтвам павіннасцяў. На чале яе стаў падпрэфект Васілеўскі, які быў раней павятовым прадвадзіцелем дваранства. Насельніцтва было прыведзена да прысягі на вернасць імператару французаў.

1812 г., лета У Оршы адчыняецца шпіталь для параненых і хворых (на 10 тысяч чалавек), якія размяшчаліся ў жылых будынках каталіцкіх кляштароў.

1812 г. Французы пабудавалі на левым беразе Дняпра два тэт-дэ-поны (перадмоставыя ўмацаванні). Адзін з іх захаваўся ў трохвугольніку паміж вуліцамі Шолахава, Чарняхоўскага і Наберажнай

Карта і план тэт-дэ-пона

Тэт-дэ-пон (на валах пастаўлена белая агароджа). Фота 2012 г.

1812 г. У Оршы знаходзіўся французскі вайсковы пастаянны магазін для збора харчавання і фуражу.

1812 г., жнівень Праз Оршу на Красный прайшлі часці польскага корпуса пад камандаваннем генерала Ю. Панятоўскага.

Ю. Панятоўскі. Тагачасная гравюра

Князь Ю. Панятоўскі ў 1812 г. Мастак В. Косак

1812 г., 15 (17) кастрычніка У лісце да сястры ў Францыю інтэндант Анры Мары Бейль (будучы сусветна вядомы пісьменнік Стэндаль) пісаў, што атрымаў прызначэнне з “прыгожым тытулам: “генеральны дырэктар забеспячэння правіянтам рэзэрва”. Каардынуя дзейнасць інтэнданцкіх службаў у Віцебску, Смаленску і Магілёве, ён прыклаў шмат намаганняў для збору харчавання. У адным з лістоў ён заўважыў, што падчас адступлення паміж Оршай і Барысавым “даў арміі той адзіны кавалак хлеба, які яна атрымала... не патраціўшы ні санціма з касы арміі, я забяспечыў армію ў Оршы і яе наваколлі. Гэтаму забеспячэнню ў тых умовах цаны не было”. Нездарма А. Бейль заслужыў за гэта асабістую падзяку Напалеона.

А.М. Бейль (Стэндаль). 1810-я гг.

Плакетка ў гонар Стэндаля. Выраблена ў Аршанскім доме рамёстваў

1812 г., 6 (18) лістапада У Оршу ўступілі часткі вестфальскага корпуса Ж.А. Жуно, якому Напалеон даручыў навядзенне парадку ў “Вялікай арміі”, рэшткі якой уваходзілі ў горад.

Карта “Адступленне напалеонаўскай арміі праз Арашншчыну ў 1812 г.”[/p]

Адыход французаў з Масквы. Мастак Я. Сухадольскі. 1844 г.

1812 г., 7-8 (19-20) лістапада У Оршы знаходзіўся Напалеон І. Ён размясціўся ў езуіцкім кляштары. Удзельнік кампаніі генерал Ф. Сегюр пісаў: ”Імператар увайшоў у Оршу з 6 тысячамі гвардзейцаў – з былых 35 тысяч! Яўген (Багарнэ – пасынак Напалеона, віцэ-кароль Італіі, камандзір 4-га корпуса – В.Л.) з 1800 салдатамі з 42 тысяч! Даву з 4 тысячамі байцоў, што засталіся ад 70 тысяч!” У Оршы адбылася перагрупіроўка і рэарганізацыя войскаў. Для збору дэзерціраў, марадзёраў і фарміравання з іх баяздольных часцей былі вызначаны пункты ў Оршы, Барані і Коханаве. У Оршы былі знішчаны пантонныя паркі, спалены лішнія абозы, у тым ліку з нарабаваным у Расіі дабром, у Дняпры было загадана ўтапіць трафеі. Тут быў спалены архіў “Вялікай арміі”. Салдатам дазвалялася мець пры сабе, акрамя зброі, хлеб, бялізну і абутак.

Пераправа напалеонаўскай арміі праз Дняпро ў Оршы. Мастак А.Э. Шакуцін. 1997 г.

Месца пераправы французскай арміі ў Оршы. Фота А.М. Шынкевіча

Кола, знойдзенае на месцы пераправы. Фота А.М. Шынкевіча

1812 г., 8 (20) лістапада Праслаўлены рускі партызанскі камандзір А.М. Сяславін паведамляў у сваім данясенні з вёсцы Грэкаўка, “што ў 2-х вярстах ад Крапіўны”: ”Безупынна пасылаю жыдоў для дастаўлення мне з Оршы верных вестак”.

А.М. Сяславін. Тагачасная гравюра

1812 г., 8 (12) лістапада Вечарам у Оршу ўвайшоў з рэшткамі ар’ергарда маршал Нэй.

Рэшткі корпуса Нея. Тагачасны малюнак

1812 г., 9 (21) лістапада Часці маршалаў Даву і Нэя, якія апошнімі адыходзілі з Оршы, знішчылі пераправу і падпалілі горад. Як сведчылі самі французы, дым пажарышча быў бачны на адлегласці 15 вёрст.

Маршал Л.Н. Даву

Маршал М. Ней

1812 г., 10 (22) лістапада У Оршу першымі ўварваліся казакі палка Паісія Сяргеевіча Кайсарава. Яны адразу ж кінуліся тушыць агонь, аршанцы былі ўдзячны і дажджу, які пачаўся 8 лістапада і працягваўся з перапынкамі некалькі сутак. У горадзе былі захоплены 26 пушак, 2,5 тысячы новых стрэльбаў, мноства палонных, сярод іх генерал Дзяваньскі. Паводле загаду М.І. Платава камендантам Оршы прызначаны палкоўнік Майсей Іванавіч Карпенка (Карпенкаў). Яму быў даручаны 1-ы егерскі полк і сотня міліцыйных данскіх казакаў. У горадзе было заснавана новае гарадское кіраванне, складзены вопіс адбітай у французаў ваеннай і іншай маёмасці, у цэнтральныя губерні Расіі былі накіраваны больш за 5 тысяч палонных. У Оршы быў арганізаваны шпіталь для хворых і параненых французаў, кінутых Напалеонам пры адступленні.

Атаман Данскога войска М.І. Платаў

П.С. Кайсараў. Майстэрня Дж. Доў

М.І. Карпенка. Майстэрня Дж. Доў

Казак Данскога войска, 1812 г. Мастак А. Яжоў. 2008 г.

1812 г., 14 (26) лістапада Оршу наведаў вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Ён адобрыў дзейнасць каменданта Карпенкі па ачыстцы горада ад трупаў людзей і коней, якія ў вялікай колькасці ўсцілалі вуліцы, плошчы і двары горада. Камендант загадаў збіраць іх, складваць вялікія вогнішчы і спальваць на іх трупы. За Дняпром былі спалены 1700 людзкіх трупаў і 300 забітых коней.

Вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Невядомы мастак

1812 г., 16 (28) лістапада 1-ы егерскі полк пакінуў Оршу і накіраваўся ў Шклоў.

Валтарніст 1-га егерскага палка. Сучасны малюнак

1812 г., лістапад У рацэ Днепр у Оршы знайдзена вялікае сярэбранае панікадзіла з Маскоўскага Успенскага сабора, вывезенае французамі і кінутае ў Оршы пры адступленні.

1812 г., восень У Оршы «сярод розных старых царкоўных рэчаў і папер, выкінутых французамі з манастыроў горада Оршы пасля іх разграблення” знойдзена Аршанскае Евангелле – выдатны помнік пісьменства Беларусі канца ХІІ-ХІІІ ст. Як мяркуецца, яно захоўвалася ў базыльянскім кляштары. Цяпер знаходзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Украіны.

Евангеліст Лука. Мініяцюра з Аршанскага Евангелля

1812 г. Падчас напалеонаўскага нашэсця згарэла драўляная царква ў імя Св. Барыса і Глеба, пабудаваная над Рагвалодавым каменем.

1812 г., лістапада – 1813 г., май У Оршы знаходзіліся 8-ы пехотны полк Маскоўскага апалчэння і 1, 3, 5, 9-ы казацкія палкі Палтаўскага і 4-ы полк Чарнігаўскага апалчэння.

Обер-афіцэр і егер Маскоўскага апалчэння. Сучасны малюнак

Обер-афіцэр конных палкоў Палтаўскага апалчэння. Сучасны малюнак

Знамя Палтаўскага апалчэння

Казак Чарнігаўскага апалчэння. Сучасны малюнак

1812 г., 31 снежаня Складзены вопіс маёмасці Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра. У Свята-Богаяўленскім храме быў разбураны прастол, з абразоў садраны сярэбраныя аправы, выкрадзена каштоўнае царкоўнае культавае начынне. Былі абадраны масіўныя сярэбраныя аправы з Евангелляў, аднак частку іх з 8 кніг вагой 17 футаў (каля 7 кг) потым знайшлі ў зямлі. Пра адступленні напалеонаўскія вайскоўцы забралі ўсе інструменты, што меліся ў гаспадарцы манастыра, экіпажы, калёсы, колы, збрую, раскралі літаральна ўвесь посуд: медны, алавяны, фаянсавы, драўляны. У вопісе коней, іншай жывёлы, птушак і пчол прыпіска: “Усё гэта разрабавана і знішчана французамі”. Доўга яшчэ манастыр не мог ачуняць ад спустошвання. У Оршы пасля вайны існавала легенда пра тое, што данскія казакі, калі ўбачылі гаротнае становішча манастыра, ахвяравалі на яго аднаўленне дзясяткі пудоў трафейнага серабра. У вопісе ёсць на гэты конт удакладненне: тое, што далі данцы манахам, ніяк не цягне на дзесяткі пудоў.

Куцеінскі Свята-Богаяўленскі манастыр. Малюнак Дз. Струкава. 1860-я гг.

Данскія казакі. Тагачасны малюнак

1812-1820 гг. Існавала Полацкая езуіцкая акадэмія, якой быў падначалены калегіум у Оршы.

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

1812 г

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение