Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

1835 - 1841

563 просмотра :: 0 комментариев 30.10.2017 07:33

Працягваем публікаваць Храналогію гісторыі Оршы ад гісторыка Віктара Лютынскага: уступ 1552 г. - 1562 г., 1563 г. - 1566 г. Частка 2. 1566- 1587 гг. Частка 3. 1579 г. - 1585 г. Частка 4. 1586 г. - 1595 г., 2 жніўня. Частка 5., 1596 г., люты - Канец XVI ст. Частка 6

, 1601 г. - 1611 г. Частка 7, 1612 г. - 1619 г. Частка 8, 1620-1625 гг. - 1629 г., 29 верасня. Частка 9, 1630 г. - 1635 г.(?) Частка 10. 1635 г. - 1640 г. Працяг 1641 г. - 1651 г. Частка 11 1652 - 1654, 1655 - 1687,1655 - 1687 Працяг, 1688 - 1700 1700 - 1730, 1731 - 1750 1752 - 1772 1773 - 1800 1801 - 1811 1812 г 1812 - 1820 1821 - 1833

1835 г. Увядзены ў дзеянне „Збор законаў Расійскай імперыі”.

Тытул “Поўнага збора законоў Расійскай імперыі”. СПб., 1830 г.

1835 г. Складзены праект на перабудову касцёла Св. Міхаіла Арханёла былога езуіцкага калегіума ў праваслаўны храм. Але ў хуткім часе касцёл быў прададзены на знос і разбураны.

Касцёл Св. Міхаіла Арханёла. Малюнак пачатку ХІХ ст.

1835 г., красавік Оршу наведаў вядомы расійскі пісьменнік, публіцыст і выдавец Фаддзей Венядзіктавіч Булгарын (1789-1859). У сваіх “Путевых заметках на поездке из Дерпта в Белоруссию и обратно весной 1835 года” адзначыў: «Что сказать об уездных городах Бабиновичах и Орше? Не могу ничего придумать… Орша если не лучше, то более и многолюднее Бабинович. В Орше есть, по крайней мере, великолепные костелы, до четырехсот домов, в том числе пять каменных, и более двух тысяч жителей. Местоположение Орши на берегу реки Оршицы, близ Днепра, весьма выгодно в стратегическом отношении, и потому-то здесь дрались татары, шведы, поляки, литва, русские и, наконец, французы. Окрестности усеяны могилами. Вид Орши пустынный и печальный».

Ф.В. Булгарын

1835 г. Заведзена справа (захоўваецца ў Архіве ўніяцкіх мітрапалітаў) аб парушэннях святарамі Аршанскага духоўнага вучылішча абрадаў праваслаўнай царквы і “развратном поведении” некаторых святароў і настаўнікаў.

1835-1836 гг. Рускі паэт М. Ю. Лермантаў напісаў паэму „Боярин Орша” (апублікавана ў 1842 г.). Падзеі, апісаныя у ёй, не маюць гістарычнага пацвярджэння. Тым не менш, паэма трывала асацыіруецца з нашым горадам.

Іллюстрацыя да паэмы “Баярын Орша”. Мастак А. Волкаў. 1853 г.

1836 г. Быў выдадзены ўказ аб увядзенні выкладання ва ўсіх навучальных установах на рускай мове.

1836 г., 13 (25) жніўня Нарадзіўся Станіслаў Станіслававіч Акрэйц (г. Арол, Расія), рускі і беларускі журналіст, мемуарыст, белетрыст, выдавец. У пачатку 1850-х гг. вучыўся ў Аршанскім павятовым вучылішчы. З 1868 г. у Санкт-Пецярбургу. Выдавец часопісаў “Дешевая библиотека”, “Всемирный труд”, “Русь”. Аўтар гістарычных раманаў, успамінаў. Як выдавец меў сумнеўную рэпутацыю. У 1887 г. нашчадкі А. Пушкіна ўзбудзілі супраць яго крымінальную справу, абвінаваціўшы ў прысваенні чужоў уласнасці – ён выдаў поўны збор твораў вялікага паэта ў абход фінансавых інтарэсаў яго нашчадкаў. Вызначаўся ярым антысемітызмам. А. Чэхаў называў яго “Юдафобам Юдафобавічам”, а ў жартоўным літаратурным Табелю аб рангах паставіў яго на апошняе месца як “не маючага чыну”. Памёр пасля 1918 г.

1838 г., 2 ліпеня Пачалося выданне і распаўсюджванне, у тым ліку і ў Оршы, „Могилевских губернских ведомостей".

1838 г. Нарадзіўся Васіль Ігнатавіч Катырла (г. Полацк Віцебскай вобл.), удзельнік рэвалюцыйнага руху 1860-х гг. Член пецярбургскай арганізацыі “Зямля і воля”. З лютага 1863 г. на радзіме, у сакавіку распаўсюджваў сярод салдатаў і жыхароў Оршы пракламацыю ЦК “Зямлі і волі” “Льецца польская кроў, льецца руская кроў...”, вёў агітацыю за паўстанне, вербаваў людзей у атрады. 12 сакавіка 1863 г. арыштаваны. Ваенным судом у Магілёве асуджаны на 10 гадоў катаргі. Памёр пасля 1874 г.

1838 г. У Оршы заснавана аптэка М. Паперна.

Рэцэпты з аптэкі М. Паперна. Захоўваюцца ў Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі

1839 г., 12 лютага Полацкі царкоўны сабор ліквідаваў уніяцкую царкву на беларускіх землях; уніяцкія цэрквы Оршы і базыльянскі мужчынскі кляштар у Оршы перададзены праваслаўнай царкве.

1839 г., 30 сакавіка Свяцейшы Сінод са згоды імператара Мікалая І зацвердзіў просьбу Полацкага сабора, у выніку чаго ўніяцкая царква ў Беларусі была скасавана.

Медаль у гонар далучэння ўніяцкай царквы да праваслаўнай

1839 г. Комплекс былога езуіцкага кляштара перададзены ваеннаму ведамству.

План калегіума езуітаў. Пачатак ХІХ ст.

1839 г., 6 жніўня Адбыўся хросны ход з Куцеінскага Свята-Богаяўленскага мужчынскага манастыра да Куцеінскага Свята-Успенскага жаночага з нагоды далучэння ўніяцкай царквы да праваслаўнай. З мужчынскага манастыра працэсію ўзначаліў епіскап Аршанскі Васіль Лужынскі, які нёс крыж Святой Еўфрасінні Полацкай. Яму насустрач з жаночага манастыра ішла працэсія начале з епіскам Магілёўскім Смарагдам. На сярэдзіне шляху яны сышліся і кланяліся цудатворным рэліквіям сустрэчнае працэсіі. Пасля сумеснае шэсце рушыла ў жаночы манастыр, дзе быў зачытаны ўказ Свяцейшага Сінода аб далучэнні ўніяцкай царквы да праваслаўнай і адслужаны ўдзячны малебен з гэтай нагоды. Па сведчанню В. Лужынскага, багамольцаў было не менш за шэсць тысяч чалавек.

Куцеінскі Свята-Успенскі манастыр. Малюнак Дз. Струкава.1860-я гг.

1839 г., 20 жніўня Нарадзіўся Мікалай Яфімавіч Брандэнбург (г. Санкт-Пецярбург, Расія), рускі археолаг і ваенны гісторык, генерал-лейтэнант. У 1899 г.правёў раскопкі курганнага могільніка ля в. Гразівец. Памёр у 1903 г.

М.Я. Брандэнбург

1840 г., 28 студзеня Нарадзіўся Аляксандр Станіслававіч Дамбавецкі (?), беларускі краязнавец, грамадскі дзеяч. Магілёўскі губернатар (1872-1893). Ініцыятар выдання і рэдактар калектыўнай працы “Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах” (кн. 1-3, 1882-1884 гг.), дзе змешчана шмат звестак пра Оршу. Памёр каля 1914 г.

А.С. Дамбавецкі

1840 г., 18 чэрвеня Выдадзены ўказ Мікалая І аб забароне выкарыстоўваць тэрмін „белорусские и литовские губернии".

1840 г. Оршу наведаў французскі мастак Бартэлемі Лавернь і зрабіў тут малюнак “Калегіум езуітаў у Оршы”.

Калегіум езуітаў у Оршы. Мастак Б. Лавернь.1840 г.

1841 г. Распрацаваны праект перабудовы былога комплекса езуіцкага кляштара пад гарадскую турму (астрог).

1841 г. Нарадзіўся Ігнат Мартынавіч Будзіловіч (Валынская губ., Украіна), удзельнік паўстання 1863 г. на Беларусі. Схоплены на полі бою 26 красавіка 1863 г. і паводле прыгавору ваеннага суда расстраляны 9 верасня 1863 г. у Оршы.

1841 г., снежань Духавенства (праваслаўнае, каталіцкае і інш. канфесій) было пазбаўлена права мець зямельную ўласнасць на падставе, што гэта перашкаджае ім выконваць добрасумленна свае святарскія абавязкі.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура