Вершы, прасякнутыя журбой

Паэт Мікола Камароўскі распавёў, як ствараўся зборнік "Журба адлётных журавоў" (+ фота).

215 просмотров :: 0 комментариев 30.11.2017 07:16

У Оршы ўслед за музеем Караткевіча адбылася і другая прэзентацыя паэтычнага зборніка "Журба адлётных журавоў", аўтары якога два Міколы — Дземідовіч і Камароўскі. Міколы Дземідовіча ўжо няма з намі, на жаль, не ўдалося адшукаць і рукапіс, у якім было многа вершаў. Але, тым не менш, шэраг вершаў, як распавёў карэспандэнту orsha.eu Мікола Камароўскі, удалося знайсці па старых падшыўках газет, часопісаў. Яны і былі ўключаныя ў зборнік. Паэзія двух Міколаў, якія вучыліся разам з першага класу Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы, прасякнутая журбой.

— Журбой па запланаваным, але нязробленым, па прымроеным, але няздзейсненым. Лёс не паўсюль пайшоў так, як тое планавалі. І, безумоўна, шмат увагі ў нашых вершах нададзена роднай мове. На жаль, і тут пераследуе журба, наша родная беларуская мова не займае да гэтай пары свайго належнага месца ў Беларусі. Кнігу выдалі ў Менску, бо ў Оршы і Віцебску друкарні давалі занадта высокую цану за сваю працу. Шкада, што не ўдалося адшукаць рукапісы Міколы Дземідовіча, ён збіраў там вершы на свой асобны зборнік. Але па розных крыніцах, напрыклад, са старых газетаў, нам з ягоным сынам Максімам удалося знайсці сёе-тое. Варта дадаць, што кніга і выдадзена за сродкі сына Міколы Дземідовіча.

Мікола Камароўскі пасля школы ў Мікалаеўшчыне, якая з'яўляецца радзімай і для Якуба Коласа, працягваў сябраваць з Міколам Дземідовічам. Балазе, жыццёвыя шляхі іхныя не разыходзіліся і надалей. Сумесная вучоба на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэту БДУ, затым размеркаваннеабодвух сяброў у адзін рэгіён — на Аршаншчыну. Там яны працавалі першым часам у розных вёсках і не прыпынялі сяброўства. А праз доўгія гады, зайшоўшы ў клас, Мікола Камароўскі пачуў прозвішча аднаго з вучняў Дземідовіч. І высветліў, што гэта сын ягонага сябра Міколы Максім.

Таксама ў імпрэзе ў Оршы ўзяў удзел вядомы паэт Кастусь Севярынец. Ён даўно ведае Міколу Камароўскага, але збольшага кантактаваў па жыцці з Міколам Дземідовічам. А пачалося ўсё з таго, што Кастусь Севярынец таксама працаваў настаўнікам у адной з вёсак на Аршаншчыне. Аднойчы ў яго скончыўся торфабрыкет на ацяпленне школы, і так сталася, што менавіта Мікола Дземідовіч са сваёй школы дапамог палівам. Пачаўся з такога побытавага знаёмства, Кастусь і Мікола пасябравалі і часта сустракаліся за размовай.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура