Хочам адзначаць Дзяды, а не Кастрычнік!

Вынікі апытання паказалі: большасці аршанцаў не патрэбнае "свята" 7-га лістапада, яго варта замяніць на Дзяды.

507 просмотров :: 20 комментариев 17.12.2017 11:35

7-га лістапада 2017 года камуністычная грамадскасць адзначала 100-гадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але ўспрыманне гэтай падзеі сярод беларусаў зусім не адназначнае. Ад прыхільнасці камуністычным ідэям да поўнага адпрэчвання. Фактычна, свята, якое афіцыйна працягвае ставіць у календары дзяржава, адзначаюць толькі камуністы. Многія проста адпачываюць, бо гэты дзень выходны. Ніякіх прыемных пачуццяў большасць аршанцаў пры гэтым дні не мае.

На юбілей Кастрычніка наш сайт задаў чытачам пытанне, а ці варта надалей святкаваць 7-га лістапада? Большасць чытачоў — больш за 28% — выказалася за варыянт "Адмяніць 7 лістапада і адзначаць 2 лістапада (Дзяды)". І сапраўды, старажытнае свята, якое адзначалі яшчэ нашыя продкі, быццам не заўважаецца афіцыйнымі ўладамі, затое традыцыя Дзядоў жыве ў сем'ях беларусаў, нягледзячы на дзясяткі гадоў забароны, занядбання і пераследу за шанаванне народных традыцый і звычаяў. Каля 26% апытаных не задумваліся пра ролю Дзядоў, але адносна 7-га лістапада адказалі адназначна — "Даўно пара адмяніць гэтае свята".

Крыху болей за 18% чытачоў, верагодна, не надта хвалюе сэнсавае напаўненне свята, але важна, каб захоўваўся выходны, яны адказалі "Нічога кепскага ў лішнім выходным няма". Пазіцыі прыхільнікаў камуністаў аказаліся не такімі слабымі — варыянт "Працягваць адзначаць як і зараз" абралі амаль 14%. Больш за тое, 8% чытачоў палічылі, што цяперашняя дзяржава недастойна ацэньвае ролю бальшавіцкай рэвалюцыі. Яны настойваюць на тым, каб дзеянні Леніна і яго хаўруснікаў адзначаліся з большым размахам, чым цяпер, таму і абралі варыянт "Варта адзначаць на больш высокім дзяржаўным узроўні".

Нарэшце, больш за 5,5% чытачоў orsha.eu дапусцілі, што дзень 7-га лістапада можна пакінуць выходным, але адзначаць не перамогу бальшавікоў, а дзень жалобы па мільёнах ахвяраў камуністычнага рэжыму.

На фота: святкаванне 100-гадовага юбілею бальшавіцкай рэвалюцыі ў Оршы, на якое сабралася некалькі дзясяткаў камуністаў.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Общество