Шчаслівых Калядаў!

Віншуем хрысціянаў усходняга абраду з Калядамі!

229 просмотров :: 4 комментария 06.01.2018 20:00

7 студзеня святкуюць Каляды або Божае Нараджэнне вернікі ўсходняга абраду, календары якіх ідуць па старым стылі. Такім чынам, у Беларусі Раство 7-га студзеня святкуюць праваслаўныя вернікі. А напярэдадні, 6-га студзеня — Куцця.

Натуральна, у такія святочныя дні практыкаваліся калядныя абыходы. У праваслаўных калядныя абыходы прымяркоўваліся найчасцей да Раства (7 студзеня) і Шчодрага вечару (13 студзеня), у каталікоў — да Раства (25 снежня) і свята Трох каралёў (6 студзеня). Агульная тэндэнцыя — чым далей на поўдзень беларускай краіны, тым багацейшы калядны абыход.

Гаспадыня ставіла на сярэдзіну стала куццю са свечкай і бліны — сімвал Сонца. Гаспадар запальваў свечку, чытаў малітву, затым ставіў свечку ў чырвоны кут і першым садзіўся за стол. Гэтая куцця была посная — на стол збіраліся толькі посныя стравы, пажадана 12. За сталом усім трэба было абавязкова паспрабаваць хоць патроху ад кожнай стравы.

Лічылася, што ў гэты вечар на вячэры нябачна прысутнічаюць душы памерлых продкаў, таму перш чым прыступіць да ежы, першую лыжку кашы ў сподку клалі на парог— «дзядам». Пасля святочнай службы ў храме і разгавення пачыналі па-сапраўднаму святкаваць Каляды, якія доўжыліся цэлы тыдзень (да Шчодрыка), — наступалі святыя вечары, або святкі, што заканчваліся ў дзень Вадохрышча.

Увечары была багатая, шчодрая куцця — каша на сале або масле, побач з якой на стол выстаўляліся вельмі сытныя, галоўным чынам мясныя стравы (каб год наступіў багаты і ўсяго прынёс у дастатку): запечанае парася, каўбасы, дзічына, бліны і пірагі з рознымі начынкамі, гусь з яблыкамі, смажаная рыба ды іншыя прысмакі.

Каляды – традыцыйнае беларускае свята. Гэтае свята ўзнікла як язычніцкае і мела сакральны сэнс звязаны з сонцам, земляробствам, новым ураджаем, а значыць з дабрабытам і шчасцем. Але разам з прыходам хрысціянства паступова змяняцца пачынае і сэнс калядаванняў. Калядаванні пераўтвараюцца ва ўхваленне Хрыста і пачынаюць насіць усё больш выражаны рэлігійны характар. У беларускай каталіцкай традыцыі гэта выявілася не толькі ў тэкстах калядак, якія практычна замяніліся касцельнымі гімнамі, але і ў коле персанажаў калядаванняў. Замест ранейшых Казы, Механоша, Каляднай зоркі і Зорканоша, Павадыра казы з’яўляюцца Анёлы, Смерць з касой, Д’ябал, Дзева Марыя, а замест зоркі – сымбаля сонца, яшчэ і сёння ў вёсках часам выкарыстоўваюць крыж.

Рэдакцыя сайту Orsha.eu шчыра віншуе ўсіх чытачоў, якія святкуюць Каляды 7-га студзеня, са светлым днём! Са Святам вас, дарыце радасць, дабрыню і цеплыню сваіх сэрцаў бліжняму! Шчаслівых Калядаў!

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Общество