"Вітэн" — уладальнік Кубка Беларусі!

У фінале Кубка Беларусі, які ўпершыню адбыўся ў Оршы, "Вітэн" перамог і пакінуў трафей у нашым горадзе!

470 просмотров :: 1 комментарий 28.01.2018 20:00

Гістарычная перамога ўжо легендарнай для Беларусі аршанскай каманды. "Вітэн" у чарговы раз даказаў, што ў Оршы вельмі любяць міні-футбол і падтрымліваюць сваю каманду. Акрамя таго, горад цяпер мае спартовы комплекс "Алімпіец", у якім можна праводзіць матчы самага высокага ўзроўню. Таму федэрацыя міні-футболу вырашыла фінал сёлетняга Кубка Беларусі праводзіць менавіта ў Оршы, горадзе з традыцыямі міні-футбола і пастаянным аншлагам на матчах. На шчасце для аршанцаў, у фінал розыгрышу прабіўся і "Вітэн", таму было не проста відовішча, але аршанцам было за каго заўзець.

Афіша фінальнага матчу. Квіткі на фінальны матч скончыліся яшчэ ўвечары чацвярга, за тры дні да фіналу!

Поўныя трыбуны гналі "Вітэн" наперад, але і "Сталіца" не збіралася здавацца, гэта каманда са збалансаваным складам і досведам перамог. Але спачатку пра шлях камандаў да фіналу. "Сталіца" атрымала ў 1/8 фіналу такога суперніка, з якім можна было б сустрэцца і ў фінале, а менавіта "Лідсельмаш", які летась не пусціў "Вітэн" да фіналу Кубка Беларусі, а затым і да медалёў чэмпіянату краіны. "Сталіца" перамагла лідскі клуб па пенальці, у асноўны час згуляўшы з супернікам 2:2.

У чвэрцьфінале "зялёна-белым" супрацьстаяў гомельскі БЧ, які скарыўся ў двух матчах - 3:3 і 1:0. Гэта дзіўна, але лягчэй за ўсё менскаму клубу было ў паўфінале, хоць і там супернік чакаў нялёгкі — землякі з "Дарожніка". Аднак у іх "Сталіца" выйграла двойчы, 2:0 і 8:4.

У "Вітэна", калі глядзець абектыўна, турнірная сетка склалася лягчэйшай за супернікаў па фінале. Затое стартавалі аршанцы не з 1/8, а з 1/16 фіналу. На першай стадыі Кубка быў "Спорт-Вэй", у аршанскім дэрбі "чырвона-чорныя" зламілі супраціў суперніка ў аршанскім дэрбі 4:1. На наступнай стадыі была яшчэ больш упэўненая перамога над берасцейскім "Аматарам" 5:1. У 1/4 фіналу "Вітэн" не пакінуў шанцаў менскаму "Дынама-БНТУ", дзве перамогі ў двух матчах, 7:0 і 7:4. У паўфінале давялося патраціць шмат нерваў з мікашэвіцкім "Гранітам", але ў выніку і ён быў пройдзены — 1:0 і 3:3.

"Сталіца" і "Вітэн" дагэтуль у розыгрышах Кубка Беларусі сустракаліся толькі аднойчы, прычым адразу ў фінале. Гэта быў вырашальны паядынак 2015 году, у якім "Сталіца" аказалася мацнейшай 5:3, не дазволіўшы аршанцам дакрануцца да трафею.

Усе падрабязнасці фіналу, так сама як фотаздымкі і відэа з матчу, будуць пазней, а пакуль мы скажам пра развіццё ліку. Адкрыў лік Дзмітрый Клачко, а затым забіў Раман Кардоба, які напярэдадні фіналу адсвяткаваў дзень нараджэння. Сяргей Дзядзічкін зрабіў лік 3:0, і здавалася, што гэта канец для "Сталіцы". Аднак цалкам перакананымі ў перамозе "Вітэна" маглі быць толькі людзі, якія не ведаюць патэнцыял "зялёна-белых". У астатні час да канца паядынку госці прыклалі ўсе намаганні, каб звезці трафей у свой горад. Двойчы прабіў аршанскага брамніка Руслан Лазюк. 3:2, а гэта ўжо іншая размова. Аднак "Вітэн" не дазволіў супернікам большага. Сваё важкае слова сказаў грузінскі легіянер Георгій Цікурышвілі, ён забіў пераломны чацвёрты мяч. Час яшчэ заставаўся, аднак многае стала зразумелым. Кардоба аформіў дубль, і пасля голу ўкраінца стала канчаткова зразумела — Кубак не пакіне Оршу! "Сталіца" адыграла толькі адзін мяч намаганнямі гульцу з вялікім досведам Аляксандру Чэрніку. Аднак гэты мяч прадстаўніка зборнай Беларусі стаўся апошнім у сустрэчы. Перамога 5:3 за "Вітэнам"! Аршанскі клуб у фінале Кубка Беларусі бярэ рэванш за паразу ў фінале таго ж турніру двухгадовай даўніны, прычым з тым жа лікам!

Мы далучаемся да ўсіх віншаванняў у адрас "Вітэна"! Гэта перамога ўвойдзе ў гісторыю аршанскага спорту! "Вітэн" заваяваў Кубак Беларусі ў трэці раз у гісторыі. Першы раз гэта здарылася ў 2009, а потым у сезоне 2009/10. Цяпер зноў! Віншуем усіх, хто датычны да гэтай падзеі!

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Спорт