Савет міністраў выпусціў пастанову паводле якой шэраг прадпрыемстваў Віцебскай вобласці пазбаўляюцца пазыкаў. Сярод аршанскіх прадпрыемстваў - камбінат хлебапрадуктаў, які вінен "Беларусбанку" амаль мільён даляраў. Праблемаў у гэтым няма - і КХП і "Беларусбанк" дзяржаўныя прадпрыемствы і па сутнасці адна рука дзяржавы спісвае пазыкі другой руцэ.
Іншая справа, цікава адкуль узялася такая вялікая пазыка. Тры гады таму Міністэрства фінансаў давала публічную справаздачу адкрытых акцыянерных таварыстваў, сярод іх быў і Аршанскі КХП. Паводле публічнай зводкі тады ён быў самы даходны з усіх прадпрыемстваў раёна. Як гэта прынята ў сучаснай Беларусі, на даходныя прадпрыемствы "навешвалі" стратныя прадпрыемствы. У выніку КХП атрымаў шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а потым вакол яго стварылі гандлёвы дом "Оріс". Статыстыка "Оріса" не публікуецца ды і публічная статыстыка Мін.фіна пасля пары гадоў экспераменту знікла. Але па знешніх прыкметах бачна, што "Оріс" не палепшыз сітуацыю на тых прадпрыемстваў, якія ў яго ўвайшлі.
Агулам жа па краіне дзяржаўныя прадпрыемствы набіраюць вельмі шмат крэдытаў. Пры чым інфармацыя пра запазычанасці з'яўляецца рэдка, таму ацаніць агульную пазыку перад крэдыторамі цяжка. Некаторыя эканамічныя эксперты гавораць, што пазыка ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў краіны можа дасягаць узроўню двух гадавых ВУП краіны.