Мацаробка, мясасечка, швейка, таксафон

А вы ведалі пра вынаходніцтвы – мацаробку, мясасечку, швейную машынку і таксафон, якія былі зробленыя ў Оршы і Барані?

772 просмотра :: 2 комментария 24.09.2016 13:25

У кастрычніку Беларускі саюз дызайнераў прэзентуе ўнікальны каталог разнастайных вынаходніцтваў, зробленых на тэрыторыі Беларусі за апошнія 150 гадоў. Называцца каталог будзе “Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы”. Як тлумачаць аўтары каталога, назву “тутэйшы” замест “беларускага” абралі адмыслова, каб паказаць, што ўнікальныя прадметы вынаходзілі не толькі этнічныя беларусы, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, што пражывалі ў Беларусі – татары, яўрэі, літоўцы, украінцы, палякі і іншыя.

Жыхарам Аршаншчыны вельмі прыемна адзначыць, што адразу чатыры вынаходніцтвы, што трапілі ў каталог, былі звязаныя менавіта з нашым рэгіёнам – з Оршай і Баранню, адпаведна праславілі гэтыя гарады на ўсю Беларусь і сталі вядомымі нават па-за межамі нашай зямлі. Адно з вынаходніцтваў якраз і звязана з нацыянальнай меншасцю – яўрэямі. Мацаробка, вырабленая ў Оршы ў 60-я гады, як следуе з назвы, служыла для вытворчасці мацы – неад’емнага складніку яўрэйскага Песаху. У савецкія часы існавалі падпольныя пякарні для мацы, бо рэлігійнае свята, асабліва іўдзейскае, небяспечна было святкаваць адкрыта. Для вынаходніцтва спатрэбілася спалучыць ланцуг ад ровара з валікам ад пральнай машыны.

Наступным вынаходніцтвам з Оршы, якое трапіла ў каталог “Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы” стала мясасечка, зробленая на заводзе “Чырвоны барацьбіт” у другой палове 50-х. На мясасечцы нават прысутнічае заводскі штамп. Расстаўленыя ножкі дазвалялі не прыкручваць кухонную прыладу да стала, хаця не заўсёды дадзеная акалічнасць была зручнай для гаспадароў.

У 1950-я гады ў Оршы была вынайдзена швейная машынка “Орша”. Інструмент для шыцця, як, напрыклад, гэты — нажная механічная машынка “Орша” — у сем’ях перадаваўся ў спадчыну, з пакалення да пакалення. “Singer”, “ГосШвейМашина” (яна ж “Подольск”), “Орша” добра вядомыя кожнай жанчыне былога СССР. Назву машынка атрымала ад імя горада Орша, дзе ў 1952 г. на базе завода ацяпляльных катлоў была наладжана вытворчасць пабытовых прылад, — так апісвае каталог машынку. Выглядам і механізмам “Орша” падобная да машынкі А. Зінгера, які ў 1850 г. значна ўдасканаліў раннія мадэлі: размясціў чаўнок гарызантальна, распрацаваў нажны прывод, столік-дошку для тканіны і ножку-трымальнік іголкі. Такім чынам, швейная машынка Зінгера зрабілася эталонам амаль на стагоддзе. У Беларусі на сённяшні дзень швейныя хатнія машыны не выпускаюцца.

Барань і яе прадпрыемства “Лёс” праславілася ў 2000-я гады дзякуючы таксафону. Мадыфікацыя гэтага апарату, зробленая менавіта ў Барані, распаўсюдзілася на ўсю Беларусь і стала папулярнай па ўсёй краіне. Вось як апісвае бараньскі таксафон каталог, які будзе афіцыйна прэзентаваны ў кастрычніку:

Звычайны, знаёмы ўсім таксафон становіцца рэдкасцю на вуліцах. Яго перамагае мабільная сувязь. Але таксафон яшчэ трымаецца. У Беларусі першыя таксафоны з’явіліся ў 1930-я гады. Праз пяць гадоў у Мінску іх налічвалася ўжо 62. У пасляваенны час тыпавымі тэлефонамі былі АМТ-47 і АМТ-69 (аўтаматычны манетны тэлефон), якія вырабляліся Пермскім тэлефонным заводам. З 1992 г. замест манет для аплаты ў таксафонах пачалі выкарыстоўваць жэтоны. У 1990–2000-я гады паўстала пытанне вытворчасці таксафонаў у Беларусі, у тым ліку апаратаў новай генерацыі — на тэлефонных картках. Дадзеную задачу сумесна вырашылі УП “Лёс” і НПА “Агат”. Нягледзячы на амаль усеагульнае пашырэнне мабільнай сувязі, на 2012 г. у Беларусі працавала 10 000 таксафонаў, з іх 2 000 — у Мінску.

Таксама ў каталог трапілі такія незвычайныя вынаходніцтвы, як каробачка (у народзе - “аўтазак”) і ігральныя карты. І шмат якія іншыя рэчы. Хто, напрыклад, ведаў, што на картах, якімі ён часта гуляе, змешчаны выявы каралёў Польшчы і Рэчы Паспалітай? А тым часам на картах менавіта яны (на фота). Яны вырабляліся ў Гродне на Першай краёвай фабрыцы картаў для гульні, фабрыка належала братам Лапіным, якія атрымалі канцэсію на друк. У 1939 г. друкарня была нацыяналізаваная і карты больш не выпускала. Але карты паводле малюнкаў мастака Я.Рустэма з Вільні друкаваліся потым на іншых фабрыках і знаходзяцца ў дамах многіх беларусаў і да сённяшняга дня, пабачыць іх можна і на Аршаншчыне.

Усе прадметы можна глядзець у інтэрнэце на сайце Беларускага саюзу дызайнераў.

Комментарии читателей:

Новости: Оршанский регион

Новости: Общество