"Рэлігійны дурман"

"Рэлігійны дурман яшчэ не зжыты", або як святкавалі Вялікдзень на Аршаншчыне ў 1929 годзе

474 просмотра :: 2 комментария 17.04.2017 19:08

9 сакавіка 1929 года ў Аршанскім акруговым камітэце КП(б)Б адбылася нарада па антырэлігійных пытаннях. Яе ўдзельнікі заслухалі ліст ЦК ВКП(б) ад 29 студзеня 1929 года “Аб мерах па ўзмацненню антырэлігійнай прапаганды”. Было адзначана, што ў Оршы дзейнічаюць тры царквы (Ільінская ў Задняпроўі, Петра-Паўлаўская на могілках па вуліцы Пралетарскайй ды Успенская ля чыгуначнага вакзала). У сваім выступленні нейкі Віннік казаў аб тым , што “назіраецца выпадкі расхішчэння царкоўнай маёмасці”. Дарэчы, у Оршы працавала акруговая камісія па адлучэнню царквы ад дзяржавы.

Але карэнны пералом у антырэлігійнай палітыцы азнаменавала сумнавядомая Пастанова Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і СНК РСФСР “Аб рэлігійных аб’яднаннях”, прынятая 8 красавіка 1929 года. Пачалася новая кампанія па барацьбе з “рэлігійным адурманьваннем працоўных мас”. Адначасова была пастаўлена задача канчатковага знішчэння рэлігіі і царквы наогул.

Свята-Петрапаўлаўская царква на могілках па вуліцы Пралетарскай. Адзіны праваслаўны храм Оршы, які дзейнічаў амаль увесь перыяд савецкай улады (зачынена ў 1961 г., а потым разбурана).

Яскравым прыкладам адносін маладой дзяржавы да свабоды веравызнання з’яўлялася Орша. Амаль адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут былі зачынены ўсе праваслаўныя манастыры. Потым у Куцеінскім Свята-Успенскім манастыры кватэраваў кавалерыйскі полк, Куцеінскі Свята-Богаяўленскі мужчынскі быў аддадзены пад жыллё ды склады.

Пашанцавала хіба што Пакроўскаму манастыру (былому базыльянскаму). Напрыканцы 1920-х гадоў у яго будынках месціўся аршанскі краязнаўчы музей. Вернікі мелі магчымасць супольна маліцца пакуль у трох царквах з шасці, што дзейнічалі ў горадзе да 1917 года. Але і ў гэтым ім чыніліся вялікія перашкоды.

Тагачасны плакат.

У 1929 годзе праваслаўныя вернікі святкавалі Вялікдзень 5 мая. Праўда, зрабіць гэта па-людску было амаль немагчыма. Пра гэта сведчаць дакументы таго часу, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці.

14 мая 1929 года на пасяджэнні Аршанскага райкама КП(б)Б былі разгледжаны вынікі антывелікоднай кампаніі, якая праходзіла ў раёне з 17 красавіка па 4 мая. Па-першае, 5 мая было абвешчана працоўным днём. Два велікодныя дні перанеслі: адзін да свята Першамая, другі дадаваўся да водпуску або наступных рэвалюцыйных святаў.

Сіламі камуністаў, камсамольцаў ды актыву мясцовай філіі Саюза ваяўнічых бязбожнікаў на прадпрыемствах, у навучальных установах і клубах праводзіліся лекцыі і гутаркі на антырэлігійныя тэмы. У хатах-чытальнях разгортваліся літаратурныя выставы, куткі бязбожніка. У аршанскай друкарні, што насіла пакуль імя Францішка Скарыны, пабачыла свет кніжка “Ваяўнічае бязбожжа” на рускай і яўрэйскай мовах. 21 красавіка ў Оршы была склікана нарада рабселькораў, аднак на яе з’явілася толькі восем чалавек. Нагадаю, што 5 мая у былым Саюзе святкаваўся разам з днём нараджэння Карла Маркса (аўтара бессмяротнага выразу “Рэлігія – опіюм народа”) і Дзень друку, прысвечаны выхаду першага нумара бальшавіцкай газеты “Правда” (ад гэтага штучнага свята і савецкага атавізма даўно ўжо адмовіліся ў Расіі, дзе яно і ўзнікла; у нашым жа календары 5 мая па-ранейшаму Дзень друку, быццам да гэтага ў Беларусі й друку не было).

Нагрудны знак СВБ.

Увечары 4 мая ва ўсіх клубах, хатах-чытальнях, а таксама ў некаторых вёсках былі праведзены агульныя сходы, удзельнікі якіх заслухалі даклады на атэістычныя тэмы. А пасля ладзіліся “спектаклі, інсцэніроўкі і скокі”. На Вялікдзень па вёсках (большасць насельніцтва жыло менавіта там) зноў адбыліся антырэлігійныя сходы. Станоўчым вынікам кампаніі райкамаўцы залічылі стварэнне яшчэ дзвюх ячэек СВБ колькасцю ў 36 сяброў. “На ўсіх вечарах, – адзначаецца ў дакуменце, – прысутнічалі рабочыя, служачыя, шмат беспартыйнай моладзі і нязначная частка дарослых сялян. Але побач з гэтым меліся выпадкі, што некаторыя камсамольцы хадзілі ў царкву, і шкодніцкая дзейнасць рэлігійных арганізацый з мэтай адлучэння моладзі ад гэтых вечароў... У вёсцы Гразіна сектанцкая ячэйка трэзвеннікаў (і яны лічыліся варожым элементам! – В.Л.) вяла агітацыю сярод беспартыйнай моладзі, што ёй будзіць грэх, калі будзіць прымаць удзел у вечарах”. Дарэчы, пасяджэнне райкама і яго пратакол вяліся па-беларуску, бо ў самым разгары была беларусізацыя. У гэтай жа архіўнай справе падшыты справаздачы кіраўнікоў акруговага (Орша была цэнтрам велізарнай па памерах акругі) суда, пракуратуры і міліцыі пра поспехі і праблемы, звязаныя з ажыццяўленнем беларусізацыі ў гэтых праваахоўных установах. Бадай, адзіны, каго яна не тычылася, быў мясцовы апарат Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ДПУ). Яго інфармацыйныя сводкі пра маральна-палітычныя настроі насельніцтва складаліся на рускай мове. Ёсць сярод іх факты і меркаванні з нагоды святкавання на Аршаншчыне Вялікадня 5 мая 1929 года. Так, у першы дзень галоўнага хрысціянскага свята ў мястэчку Копысь не выйшла на працу частка рабочых кафельнай фабрыкі. На заводзе “Чырвоны Кастрычнік” у Барані першая змена працавала толькі чатыры гадзіны. “Рэлігійны дурман яшчэ сярод працоўных ня сжыты”, – вымушаны быў падкрэсліць начальнік аршанскага акруговага аддзела ДПУ Магнус. Дарэчы, выконвалі рэлігійныя абрады не толькі малаадукаваныя рабочыя ды непісьменныя сяляне. Як даведаліся чэкісты, фарбаваннем велікодных яек займаліся нават прафесары і выкладчыкі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках (тады ўваходзілі ў склад Аршанскай акругі).

Антырэлігійны плакат 1920-х гг.

Але пакуль барацьба з рэлігіяй і царквой (трэба дадаць, не толькі праваслаўнай) вялася ў асноўным адміністрацыйна-ідэалагічнымі сродкамі. Напрыканцы 1930-х гадаў на ўсходзе Беларусі будуць гвалтоўна зачынены ўсе храмы, рэпрэсіі супраць святараў і вернікаў параўнаюць потым з ганеннямі на першых хрысціян. Доўгія гады, ва што верыць і каму маліцца, на аднойшастой частцы планеты будуць вызначаць выключна камуністычная партыя і савецкая дзяржава.

15.04.17

Віктар Лютынскі

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура