"Беларусь значна больш еўрапейская"

Рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў выступіў у Оршы. Пра палітыку, перспектывы Беларусі і выдавецкую справу.

425 просмотров :: 4 комментария 26.05.2017 19:09

Чарговая сустрэча, якую ладзіла Таварыства беларускай мовы Оршы, адбылася ў нашым горадзе на вуліцы Камсамольскай. Рэдактар вядомага гістарычнага часопіса Arche Валер Булгакаў пачаў выступ перад аршанцамі, распавядаючы пра бягучы гістарычны момант, пра палітычныя падзеі. Зазначыўшы, што ў Еўропе па-ранейшаму трывалыя пазіцыі ў леваліберальных сілаў, розных сацыялістычных партыяў, тым не менш, узрастае сіла нацыяналістычных рухаў і ім падобных арганізацый, якія стаяць на кансерватыўных пазіцыях.

Асобна ў выступе Булгакаў спыніўся на Злучаных Штатах Амерыкі. У прыватнасці, вядомы аналітык і выдавец адзначыў, якія сілы стаялі за прэтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду ў краіне, хто за іх галасаваў і якую прапаганду яны выкарыстоўвалі. Спадар Булгакаў не пагадзіўся з разнастайнымі леваліберальнымі фразамі пра тое, маўляў, Дональд Трамп кіне ЗША ў аўтарытарызм. Пры дзеючай сістэме ў ЗША гэта проста немагчыма. Акрамя таго, не можа заставацца па-за ўвагай і той факт, што Хілары Клінтан патраціла на сваю выбарчую кампанію ў 1,5 разы больш грошай за Трампа, каля 1 мільярда 100 мільёнаў даляраў. Таму казаць пра тое, што Трамп перамог дзякуючы таму, што ён мільярдэр, не выпадае, ён патраціў значна менш і пры гэтым стаў прэзіддэнтам. Прыход Трампа да ўлады - сімвал пэўнага вяртання да кансерватыўных каштоўнасцяў, гэта перамога белага насельніцтва Амерыкі, якое штодня працуе і пры гэтым зарабляе немалыя грошы. Дарэчы, 90-91 % чорнага насельніцтва ЗША галасавала на мінулых выбарах за Абаму, большасць з іх галасавала за дэмакратаў і ў асобе Хілары Клінтан.

Для беларускіх арганізацый пачалося скарачэнне бюджэтаў на розныя фонды і арганізацыі, сітуацыя не выглядае бязвоблачнай. Але даўно беларускім дзеячам пара зразумець, што ніхто за іх працу не зробіць, а спадзявацца пастаянна на Захад не варта. Там ёсць свае праблемы і пытанні. Так, у Польшчы да ўлады прыйшла партыя "Права і справядлівасць", кансерватыўны блок, у мінулыя гады фінансавая дапамога тэлеканалу "Белсат" складала да 50% усіх грошай, выдадткаваных на МЗС Польшчы. Цяпер жа фінансаванне істотна скарочанае. А параўноўваючы Беларусь з Расеяй, Валер Булгакаў адназначна сказаў, што падзеі 2014 года ва Украіне яскрава далі зразумець беларускім уладам, што пэўныя крокі да Еўропы рабіць неабходна. І безумоўна, Беларусь куды больш еўрапейская краіна за Расею, што б ні казалі пракрамлёўскія прапагандысты.

Заключнай часткай выступу Валера Булгакава ў Оршы стала прэзентацыя часопісаў і кніг, якія былі выдадзеныя ў апошні час. У прыватнасці, выдадзены новы раман Сяргея Пясэцкага, новы нумар Arche прысвечаны Аўстрыі і яе літаратуры. Аўстрыйская тэма з'явілася на старонках часопіса нездарма, бо ў Менску нарэшце адкрылася амбасада Аўстрыі. Аршанцам былі прапанаваны для куплі і спецвыпускі пра знакамітыя рады Радзівілаў і Сапегаў, даследванні гаворак Латгаліі і многія іншыя кнігі. Нягледзячы на ўсе ранейшыя праблемы з распаўсюдам выдання, з яго друкаваннем, Arche працягвае існаванне і плануе наступныя выпускі, у кожным з якіх можна адкрыцьь для сябе шмат цікавага. Напрыклад, як у кнізе Алеся Белага "Хронікі Белай Русі", у якой раскрываецца назва "Беларусь" і даказваецца, што гэта імя ніякае не акупацыйнае, нібыта дадзенае нашым землям упершыню захопніцкімі ўладамі Расейскай імперыі, гэта старажытная назва нашага краю.

Комментарии читателей:

Новости: Орша

Новости: Культура