Леў Сапега і Орша

Даклад Віктара Лютынскага на канферэнцыі "Леў Сапега - чалавек трэцяга тысячагоддзя"

468 просмотров :: 0 комментариев 20.06.2017 09:19

У 2008 годе на франтоне адноўленага будынка былога езуіцкага калегіума ў Оршы былі змешчаны два роставыя партрэты. Першы – славутага полацкага князя Усяслава Брачыславіча (Чарадзея), з імем якога звязана першая згадка пра Оршу ў летапісе, і Льва Сапегі – выдатнага дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. З’яўленне яго там невыпадкова. Менавіта пра сувязь Льва Сапегі з Оршай мой далейшы аповед.

На фота: Партрэт Льва Сапегі на франтоне калегіума езуітаў. Фота аўтара

Па-першае, Леў Іванавіч паходзіў са стражытнага роду аршанскіх (або смаленскіх) баяраў герба “Ліс”. Ягоны бацька Іван Іванавіч Сапега быў старостам драгічынскім і падстаростам аршанскім. Леў Сапега быў звязаны сваяцкімі сувязямі з родам князёў Друцкіх-Сакалінскіх (яго маці Багдана належала да гэтага роду), таму адным з элементаў яго герба быў герб “Друцк”. Дарэчы, старостамі аршанскімі былі таксама іншыя прадстаўнікі славутага і ўплывовага магнацкага роду Сапегаў (у тым ліку малодшы брат Льва Андрэй Іванавіч і трэці сын канцлера Казімір-Леў). Будучы адным з багацейшых магнатаў, Сапега меў маёнткі па ўсёй Беларусі, у тым ліку і ў Аршанскім павеце.

Адзін з першых беларускіх біёграфаў Льва Сапегі Іван Саверчанка адзначае, што звестак, чым займаўся малады Сапега пасля вучобы ў Германіі, не захавалася. Вітаў Чаропка заўважыў, што “пасля вяртання на радзіму Сапегу не знайшлося месца на службе. Па маладосці ён перажываў, як яму здавалася, сваю непатрэбнасць і вось не вытрымаў. У лісце да Крыштофа Радзівіла піша: “А я, небарака, яшчэ не ведаю, дзе сесці, і ўжо ўдумаў да кляштара ўступіць, бо нікога за мяне няма на свеце. Да гэтага часу не ўмеў падліслівіць, а вучыцца ўжо позна…”

Цікава, што ў рускамоўнай версіі Вікіпедыі нехта піша, што Сапега “службу пачаў пісарам ў гарадской канцэлярыі г. Оршы, што ўпаўне натуральна, паколькі ягоны бацька з’яўляўся аршанскім старостам (дакладней, падстаростам – В.Л.),… на пасадзе гарадскога пісара праслужыў дастаткова доўга”.

А вось ў беларускамоўнай версіі Вікіпедыі адзначана, што “у 1575 годзе Андрэй Нікадзімавіч Цеханавецкі, які прадстаўляў інтарэсы наваградзкага ваяводзіча Астафія Гарнастая, выклікаў у аршанскі гродзкі суд «о гвалтовное выбитие спокойного держания с имения Старосельского и з ыменей заднепровских и побитье, помордование и зранение слуг, и бояр, и подданых наших и почынение немало шкод» Івана Іванавіча Сапегу разам з сынамі – Рыгорам і Львом. Адказьнікі на суд не зьявіліся і Цеханавецкі дамогся атрыманьня выраку аб выгнаньні іх за межы дзяржавы «за тое непослушенство», які і адаслаў каралю і вялікаму князю Генрыху Валуа. Аднак толькі Стэфан Баторы, пасьля таго як атрымаў ліст ад аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага, нягледзячы на скаргі Сапегаў пра несправядлівасьць суду, асудзіў іх у абозе пад Гданьскам 10 жніўня 1577 году на баніцыю (выгнаньне). Да рэалізацыі дэкрэту справа аднак не дайшла. Ужо ў кастрычніку 1577 году манарх скасаваў вырак аршанскага гродзкага суду як супрацьпраўны пасьля звароту ваяводы падляскага Івана Іванавіча Сапегі. Як сьведчаць крыніцы, у задворным каралеўскім судзе інтарэсы бацькі бараніў Леў Іванавіч Сапега. Кар’ера якога была прадвызначана ў гэтае першае спатканьне з манархам”.

У час сваёй дзяржаўнай службы Леў Сапега неаднойчы наведваў Оршу – значны фарпост на ўсходніх межах дзяржавы. Так, вясной 1584 года на чале пасольства, як вялікі пісар ВКЛ, ён накіраваўся ў Масковію.У наступны раз, 27 верасня 1600 года, менавіта з Оршы выправілася ў Маскву пасольства Рэчы Паспалітай, якое ўзначаліў ужо канцлер ВКЛ Леў Сапега.

Магчыма, наступны раз Леў Сапега быў у Оршы напачатку вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй. Тут у верасні 1609 года канцлер пераконваў Жыгімонта ІІІ Вазу не марудзіць, а спяшацца на Смаленск.

На кніжным знаку Льва Сапегі меўся лацінскі надпіс “Frustra vivit avi nеmini prodest” – “Марна жыве той, хто нікому не дапамагае”. Сам канцлер шмат сродкаў выдаткоўваў на кнігадрукаванне, а таксама сабраў у Ружанах вялікую бібліятэку.

Па ўсёй Беларусі Леў Сапега выдаткоўваў сродкі на будаўніцтва хрысціянскіх храмаў і кляштароў. У Оршы Леў Сапега стаў фундатарам езуіцкага калегіума. У 1590 годзе канцлер выкупіў у кальвіністаў участак зямлі ў цэнтры горада для заснавання тут езуіцкай рэзідэнцыі. Нагадаю, што ў 1555 годзе князем Мікалаем Радзівілам Чорным у Оршы быў заснаваны кальвінскі (пратэстанцкі) збор – адзін з першых у Беларусі. Дарэчы, Орша стала і першым горадам ва Усходняй Беларусі, дзе ў 1573 годзе з’явіліся выхаванцы Ігнація Лаёлы. На сродкі Льва Сапегі быў пабудаваны драўляны касцёл. Разам з пробашчам касцёла Якубам Лаўрэнці Л.Сапега пачаў рыхтаваць адкрыццё езуіцкай калегіі. У 1609 годзе яны прапанавалі свой план каралю Жыгімонту ІІІ Вазе, калі той прыбыў у горад у пачатку вайны Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавай. Ён тады ж вызначыў на пачатак працы езуітам 11 валок зямлі, якая належыла аршанскаму прыходу.

У артыкуле пра аршанскі езуіцкі калегіум, што змешчаны ў выдадзенай у 1996 годе ў Кракаве “Энцыклапедыі ведаў пра езуітаў на землях Польшчы і Літвы (1564-1995)”, рэзідэнцыя езуітаў у Оршы датуецца 1610-1611 гадамі, а калегіум – 1611-1820 гадамі. Першыя будынкі (пранамсі калегіума і касцёла), трэба меркаваць драўляныя, былі ўзведзены ў 1611-1612 гадах. У чэрвені 1611 года Жыгімонт ІІІ Ваза падчас паездкі ў Смаленск наведаў Оршу. Тады за свой кошт ён зрабіў багатую рызніцу для езуіцкага касцёла. Фундацыя караля ў 1612 годзе складалася з пяці вёсак: Чамаданы, Княжыцы, Крыніцы, Чэрціца і Чолна. У 1616 годзе езуітам быў падараваны вялікі маёнтак Фашчаўка (больш за 2 тыс. сялян), вылучаны з зямель Магілёўскай эканоміі.

У 1621 годзе езуіты атрымалі ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы манаполію на адукацыю шляхецкай моладзі ў горадзе і ва ўсім Аршанскім павеце. Праз два гады калегіум за 6500 злотых набыў маёнтак Пагост і фальварак Почап.

На фота: Партрэт Льва Сапегі. Мастак Эдуард Рымаровіч

Пазней аршанскі езуіцкі калегіум стане буйным цэнтрам асветы і культуры рэгіёна, а комплекс ягоных будынкаў (ужо мураваных) цікавым помнікам беларускага дойлідства эпохі барока. На жаль, ён не захаваўся цалкам, бо пасля высылкі езуітаў з Расіі, больш 150 гадоў будынкі калегіума былі прыстасаваны пад турму. У 2007-2008 гадах была праведзена доўгачаканая рэканструкцыя і рэстаўрацыя калегіума, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Яна зрабіла помнік сапраўднай дамінантай ў цэнтры старажытнай Оршы.

Дарэчы, у Оршы ужо сабрана невялікая мастацкая “сапегіяна”. У экспазіцыі Аршанскай мастацкай галерэі В.А. Грамыкі, у зале, прысвечанай гісторыі калегіума, маецца насценны роспіс (мастак Алесь Суша), дзе сярод персанажаў пачэснае месца займае Леў Сапега. У будынку былога калегіума ёсць і зала для ўрачыстасцяў, у якой кіраўніцтва Аршанскага раёна падпісвае розныя міжнародныя пагадненні аб супрацоўніцтве. Яе ўпрыгожваюць парадныя партрэты фундатараў калегіума, у тым ліку і алейны партрэт канцлера пэндзля мастака Эдуарда Рымаровіча. Партрэт Льва Сапегі стварыў і аршанскі мастак Алесь Кажамяка. Веру, прыйдзе час і імя славутага канцлера – “зоркі першай велічыні на небасхіле беларускай гісторыі і культуры” (І. Саверчанка) – будзе нададзена ў Оршы вуліцы або плошчы. І паўстане ў горадзе помнік чалавеку, якога сучаснікі называлі “бацькам і збаўцам Айчыны”.

Віктар Лютынскі

Комментарии читателей:

Новости: Оршанский регион

Новости: Культура