06:00

-3

5 м/с

996 гПа

09:00

-3

4 м/с

999 гПа

12:00

-1

4 м/с

1001 гПа

15:00

+0

3 м/с

1003 гПа

18:00

-3

3 м/с

1004 гПа

Дзеянні паўстанцаў

Пачатак паўстання, агітацыя, супрацьстаянне з войскамі і паліцыяй

Усе атрады паўстанцаў па Магілёўскай губерніі мелі свае стратэгічныя мэты, але тактыка на бліжэйшыя дні была ўва ўсіх адзіная – яскрава заявіць пра сваё існаванне, каб стварыць уражанне вялікага ўсеаўгульнага дзеяння, заходзячы ў розныя населеныя пункты набіраць новых добраахвотнікаў, тых хто не можа далучыца да атрадаў заклікаць да непадначалення расейскім уладам, сялянскім бунтам.

Выхад з дамоў для паўстанцаў быў прызначаны на 22 красавіка, 23 красавіка на вызначаных месцах збору мусілі канчаткова сфармавацца атрады, 24 пачацца першыя дзеянні.

Усе атрады мелі добрую выведку, шмат інфарматараў і таму некаторы час паспяхова пазбягалі непасрэдных сутычак з моцнымі атрадамі расейскага войска.

22 красавіка. Горыгорацкі атрад пад камандваннем Людзвіга Жверждоўскага (іншы варыянт - Звяждоўскі, паўстанцкія псеўданімы Людзьвіг Тапор, капітан Вялічка) збіраўся малымі групамі на тэрыторыі сённяшняга Горацкага раёну. Асноўныя пункты збору – фальваркі шляхціча Любамірскага. Выхадцы з Аршанскага ўезду збіраліся разам з жыхарамі Горыцкага ўезда і часткай студэнтаў Горыцкага інстытута каля вёскі Зубры, выхадцы з Магілёўскага і Чавускага ўезда – каля вёскі Сляпцы. Асобныя малыя групы размесціліся ў лясах уздоўж дарогі Орша – Горкі. Асобна вечарам ў Горках рыхтаваліся студэнты пад камандваннем Віскоўскага.

Большасць Аршанскага атрада пад камандваннем Ігната Будзіловіча (псеўданімы Ян Піховіч, афіцэр Каткоў) збіралася ў фальварку шляхціча Антона Гурко Добрына (сёння Лёзненскі раён), яшчэ адна група каля 20 чалавек ў фальварку Ягора Лышчынскага пад камандваннем Карніцкага, асобныя малыя групы збіраліся каля Лёзна. З Віцебскай губерніі, дзе паўстанне ўжо ішло, на дапамогу атраду Будзіловіча выехала група паўстанцаў каля 16 чалавек пад камандваннем шляхціча Іосіфа Смежаноўскага.

Пад вечар Будзіловіч выйшаў на ганак маёнтка і пратрубіў збор. На гук трубы са сваіх схованак выйшла каля 30 чалавек. Атрад вырушыў у бок Бабінавічаў (сёння Лёзненскі раён), дзе па дарозе ўжо пачаў набіраць дадатковых добраахвотнікаў. Вядома, што да ночы да іх далучылася яшчэ дзве невялікія групы паўстанцаў. На ноч увесь атрад спыніўся ў карчме.

Аршанскі атрад першыя праблемы сустрэў ужо 22 красавіка. Справа ў тым, што паліцыя Аршанскага ўезда, рыхтавалася да таго, што паўстанцы Віцескай губерніі могуць адступаць на тэрыторыю Аршаншчыны. Паліцыі быў аддадзены загад арыштоўваць усіх падазроных асобаў. Таму ўжо ноччу з 22 на 23 каля Ліозна былі арыштаваныя першыя 3 ўдзельнікі яшчэ канчаткова не сфармаванага Аршанскага атраду.

Група Карніцкага нечакана для сябе натыкнулася на паліцэйскіх каля вёскі Мікуліна. Самому Карніцкаму ўдалося схавацца, а на базе групы – у фальварку Лышчынскага быў праведзены вобшук. У выніку вобшуку выяўленыя вялікая колькасць зброі, медычных прэпаратаў і розных ваенных запасаў. Лышчынскі спрабаваў апраўдацца тым, што збіраўся ўсе свае запасы здаць у паліцыю, для чаго і выехаў у кірунку Смаленска.

Група Смежаноўскага спынілася на ноч каля паштовай станцыі ў вёсцы Паграбёнкі (сёння Сенненскі раён), сам Іосіф Смежаноўскі скіраваўся ў выведку, пад час якой і быў арыштаваны недалёка ад Бабінавічаў.

Сенненскі атрад пад камандваннем Канстанціна Жэброўскага (паўстанцкі псеўданім Костка) мусіў сабрацца ў двух месцах. Сам Жэброўскі разам з жыхарамі паўднёвай часткі Сенненскага ўезда збіраўся ў шляхціча Аляксандра Нітаслаўскага ў вёсцы Сляпцы. Жыхары паўночнай часткі ўезда збіраліся ў вёсцы Валасовічы на мяжы Мінскай і Магілёўскай губерніі, пад камандваннем Кучэўскага.

Чарнаруцкі атрад пад камандваннем падпаручніка Антонія Алендскага (паўстанцкія псеўданімы Антоній, Шнырскі, Палонскі, Пётар Іваноўскі) збіраліся каля вёскі вёсцы Чаранручча (сёння Талачынскі раён) ў лес, а дакладней ва ўрочышчы Макараў круг. Абоз атрада збіраўся ў самім Чарнаруччы ў фальварку шляхціча Макавецкага. Ужо вечарам тут сабралося каля 100 чалавек, якія правялі трэніроўку і рушылі на ноч у фальварак, дзе ўжо стаяў абоз.

23 красавіка. Жверждоўскі свой штаб у Літвінава (сёння Дубровенскі раён) пакінуў раніцай 23 красавіка. Ён выехаў у Зубры, дзе сустрэў больш за сотню чалавек, далучыўшыхся да яго атраду. Яшчэ 11 чалавек прыехала разам з ім з Літвінава. Атрад рушыў у бок горада. Ноччу, не даходзячы некалькі кіламетраў да Горак, паўстанцы сустрэлі студэнта Козела, адпраўленага Віскоўскім з дакладам да ваяводы. Козел паведаміў, што пад камандваннем Віскоўскага ў горадзе сабралося каля 130 чалавек. Яны ўжо разбіліся на групы па 10 чалавек, і позднім вечарам 22 красавіка ачапілі горад, каб на выпадак нейкіх нечаканасцяў кантраляваць шляхі падыходу да Горак. Ваявода загадаў ноччу студэнтам, якія не маюць зброі, сабрацца на гарадскім пляцы.

Аршанскі атрад, пераночыўшы ў карчме яшчэ да світання працягнуў паход на Бабінавічы. У мястэчка яны ўвайшлі рана раніцай. Мясцовы прадстаўнік улады – гараднічы падпалкоўнік Лісоўскі ў гэты час яшчэ спаў. Без вялікіх праблемаў паліцэйскі быў раззброены, але па загадзе Будзіловіча не быў пакараны смерцю. Пасля захопу мястэчка паўстанцы выступілі перад жыхарамі з прамовамі і з Бабінавічаў выходзілі ўжо ў колькасці каля 50 чалавек – за адну ўдалую аперацыю Аршанскі атрад вырас ледзь не ўдвая.

Затрымлівацца ў Бабінавічах будзіловічцы не сталі надоўга – рушылі ў бок Лёзна, каб аб’яднаўшыся з іншымі паўстанцкімі групамі, захапіць і гэтае мястэчка. Але па дарозе да іх дайшла інфармацыя, што насустрач атраду выйшаў добра ўзброены атрад паліцыі. Тады Будзіловіч палічыў за лепшае сыйсці з дарогі, каб пазбегнуць бою з моцным супернікам. Атрад скіраваўся ў вёску Ордзеж, дзе і застаўся на ноч у фальварку.

Частка Сенненскага атраду, якая збіралася ў Сляпцах па стане на 23 красавіка налічвала каля 30 паўстанцаў. Ноччу атрад выйшаў у бок групы, якую збіраў Кучэўскі.

Сотня ўдзельнікаў Чарнаруцкага атрада выйшлі рана раніцай 23 красавіка з Чарнаручча ў вёску Навасёлы (магчыма сёняшнія Новае Сяло або навасёлкі Талачынскага раёну), дзе сабралі мясцовых жыхароў, каб зачытаць маніфест паўстання. Пасля паўстанцы рушылі ў фальварак Франкулін шляхціча Осіпа Пазняка. У Франкуліне доўга атрад не затрымаўся, бо дайшла інфармацыя, што па іх шляху ўжо рушыла паліцыя з казакамі. Наступным населеным пунктам, дзе спыніўся атрад была вёска Палкавігі, тут яны сабралі сялянаў каля карчмы. У Палкавігах да іх атраду далучыўся ксёндз, удзел якога быў важным аргумантам у агітацыі сялянаў. Да наступнай вёскі – Літоўск ксёндз ішоў наперадзе атраду з крыжом. Ужо а 10 раніцы паўстанцы былі ў Літоўску, дзе каталіцкі святар-паўстанец і пачаў выступ перад людзьмі. Пасля Літоўска атрад рушыў у вёску Дудаковічы (сёння Круглянскі раён Магілёўскай вобласці). З Дудаковічаў скіраваліся да вёскі Лясное (сёння Лясныя Круглянскага раёну). Апошнім населеным пунктам, куды дайшоў атрад 23 красавіка быў Сляпцова (сёння Скляпава Круглянскага раёну), дзе ў лесе побач з фальваркам шляхцянкі Грэбніцкай і засталіся на ноч.

24 красавіка. Горацкі атрад увайшоў у Горкі, захоўваючы цішыню. Абоз быў пакінуты за пару кіламетраў ад гораду. Частку людзей Жвярждоўскі пакінуў каля “белай царквы”, частку каля габрэйскіх могілак, студэнты перайшлі на цэнтральную плошчу, дзе ім была раздадзена прывезеная зброя. У гадзіну ночы пачалася атака ў чатырох накірунках. Адна частка пад камандваннем студэнта Дамарацкага, скіравалася на зборны пункт інваліднага палка (ваенныя ветэраны якія заставаліся на службе, але займаліся пераважна аховаў аб’ектаў), які ахоўваў горад. Напад стаў нечаканасцю для вайскоўцаў ветэранаў, большасць з іх пасля кароткай спробы адпору проста разбегліся. Падчас гэтага бою сам Дамарацкі загінуў. З вайскоўцаў загінула 6 чалавек, колькасць параненых невядомая.

Другая група Горацкага атраду скіравалася на дом капітана ветэранаў. Капітан быў палонены без бою, бо быў сонны і не змог супрацьстаяць хуткім дзеянням паўстанцаў.

Трэцяя група атакавала цэйгаўз (сховішча зброі), які таксама ўдалося ўзяць без бою.

Сам ваявода, у складзе чацвёртай групы, атакаваў гарадскі скарб. Ён быў узяты пасля невялікай перастрэлкі.

У гэты самы час у горадзе ўспыхнуў пажар, які паспяхова быў затушаны сіламі паўстанцаў, але каля 70 дамоў згарэла. Для прадухілення марадзёрства і беспарадкаў па горадзе былі расстаўленыя каравулы.

Горкі былі захопленыя. У сельскагаспадарчы інстытут ваявода накіраваў групу пад камандваннем студэнта Маргулеса, якая захапіла інстытут і арыштавала частку адміністрацыі навучальнай установы.

Аршанскі атрад раніцай зноў скіраваўся ў бок дарогі на Лёзна. Заблытваючы сляды, праз лясы і балоты атрад за дзень змог дайсці да фальварка Піорамонт (сёння Перамонт Лёзненскага раёну) шляхціча Аляксандра Піоро (іншы варыянт Пюро). У фальварку атрад і застаўся на ноч.

Сененскі атрад за ноч не змог дайсці да месца дыслакацыі групы Кучэўскага. Раніцай яны спыніліся ў фальварку Валаснік шляхціча Вільчынскага, дзе заняліся трэніроўкамі. У Валаскіах да атраду далучылася яшчэ больш за 10 чалавек. Бліжэй да вечара паўстанцы скіраваліся ў фальварак Худобы, дзе іх прыняў шляхціч Генрых Нітаслаўскі. У Худобах паўстанцы атрымалі яшчэ, прынамсі, аднаго добраахвотніка, тут жа і засталіся на ноч.

Чарнаруцкі атрад раніцай 24 красавіка быў ужо ў Друцку (Сёння вёска Друцк Талачынскага раёну). Далей паўстанцы скіраваліся ў Варагуцьеў (сёння Варгуцьева Круглянскага раёну), Філатаў (сёння Філатава Круглянскага раёну). У Філатаве яны атрымалі вестку, што акрамя атраду казакоў і паліцыі, які ўжо ішоў па іх шляху, на іх жа ўлады накіравалі яшчэ дзве добра ўзброеныя роты. Пакуль зачытваўся маніфест і ішла агітацыя ў Філатаве, выведка атраду, якой часта карыстаўся камандзір Антоній Алендскі, скіравалася ў вёску Круча (сёння Курча Талачынскага раёну). Па выніках выведкі, увесь атрад рушыў у Кручу.

У Кручы яму стала вядома, што роты войскаў пасланыя на пошук яго атрада, ужо набліжаюцца да Друцку і выйшлі на яго след. Тады Алендскі прымае рашэнне – ісці ў бок Сенненскага атраду і аб’ядноўвацца з ім. На ноч атрад спыніўся ва ўрочышчы Мікулінскі лес.

25 красавіка. Каля 11 гадзін раніцы камандзіры Горацкага атраду рушылі ў інстытут. Наперадзе ехалі Міткевіч, Віскоўскі і Жверждоўскі. З сабою паўстанцы везлі цела Дамарацкага, якога ганарова і пахавалі на тэрыторыі інстытута. У самім інстытуце паўстанцаў прынялі вялікім сталом. Яшчэ частка студэнтаў далучыліся да атраду.

Пасля шыкоўнага прыёма ў інстытуце, кіраўнікі паўстанцаў скіраваліся назад у горад, каб выступіць перад жыхарамі. Пад час выступу ахвярам начнога пажару была выплачаная вялікая кампенсацыя.

У гэты час у прыгарадзе зноў аб’ядналіся збегшыя ноччу вайскоўцы-ветэраны. Кароткімі нападамі на заставы, яны забілі яшчэ 4 паўстанцаў і 4 паранілі.

У 16-00 паўстанцкі атрад выйшаў з Горак у кірунку Дрыбіна. Кароткі прыпынак быў толькі ў Гарадцы. У Дрыбіне паўстанцы мелі шыкоўны прыём і спыніліся на ноч у маёнтку шляхціча Ціханавецкага.

Аршанскі атрад раніцай 25 красавіка з Піерамонта зноў скіраваўся ў бок Лёзна, але выведка зноў данесла пра непрыемнасці – у Лёзна кіраўніка мясцовай паліцыі чакае атрад жаўнераў. Каб не патрапіцца, Будзіловіч вядзе свой атрад зноў у бок ад дарогі, ў Яцкава (сёння вёска Ацковае Лёзненскага раёна), дзе ў шляхцянкі Піоро і застаюцца на ноч.

Сененскі атрад раніцай 25 красавіка ўвайшоў у фальварак Стара-Жыццё шляхціча Яноўскага. Апоўдні дайшлі да фальварку Лісічына шляхціча Хамінскага, а вечарам да фальварку Дзеражына ў доктара Тамковіча. Паўсюль паўстанцы мелі душэўны прыём і новых добраахвотнікаў у атрад.

Чарнаруцкі атрад, , ведаючы што на іхны след напалі расейскія войскі, паспрабавалі збіць іх са следу. Цэлы дзень, яны ішлі лясамі, пакідаючы фальшывыя сляды і хаваючы сляды сапраўдныя. Вечарам атрад спыніўся ў фальварку Антонаў шляхцянкі Перот, дзе заначавалі каля рэчкі Вечарэнкі.

26 красавіка. Горыгорацкі атрад выйшаў з Дрыбіна рана і яшчэ раніцай паспеў дайсці да мястэчка Расна. У Расна паўстанцаў насельніцтва сустракала хлебам – соллю, а ў касцёле адбылася імша, прысвечаная касінерам. Пасля Расна атрад скіраваўся ў бок Краснога ў фальварак Фадзея Чудоўскага, дзе планавалася арганізаваць базу. У Красное пазней дабраўся і камандзір Крычаўскага атраду Жукоўскі (паўстанцкі псеўданім - Каса). Ён паведаміў, што яго атрад быў цалкам разбіты, не выканаўшы задачы – захопу артылерыйскай батарэі, размешчанай у Крычаве. Разлік на нечаканы разгром батарэі не спрацаваў, бо камандванне было папярэджана ў выніку здрады адно з членаў паўстанцкага атраду.

Выведка данесла, што заставацца ў Красным становіцца небяспечна і ёсць сэнс сыходзіць з базы. Жверждоўскі палічыў найбольш бяспечным перайсці ў рагачоўскі ўезд. Пераход быў у тым жа стыле – атрад ішоў як пераможцы, наперад высылаліся пасыльныя, якія загадзя арганізоўвалі людзей у вёсках для сустрэчаў паўстанцаў. За гэты дзень яны пабывалі ў вёсцы Забалацце, фальварку Беліцы шляхцянкі Шпішэўскай, а на ноч засталіся фальварку Петрулін шляхціча Кастравіцкага. Тут жа на наступны дзень планавалася зрабіць адпачынак пасля вялікіх пераходаў.

Аршанскі атрад раніцай 26 красавіка ўвайшоў у вёску Пагосцішча. Тут у маёнтку Будзіловіч планаваў даць адпачынак атраду і сабраць дакладныя звесткі пра іншыя паўстанцкія групы Аршаншчыны. Але менавіта ў Пагосцішчы іх нагналі войскі ў колькасці 90 чалавек. Войскі абыйшлі маёнтак з двух бакоў. Паўстанцы былі вымушаныя адступіць за дом, дзе яны апынуліся на маленькай пляцоўцы з якой было складана весці далейшы бой. У выніку бою былі ўзятыя ў палон 21 чалавекі, 6 было забіта, 3 паранена. Частцы атраду ўдалося збегчы, але зноў яны ўжо не сабраліся. З боку рускіх было забіта 2 чалавекі і адзін паранены.

На фота: помнік ў гонар атраду Будзіловіча ў вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёну

Сенненскі атрад 26 красавіка быў у шляхецкай аколіцы Віркі. Атрымаўшы інфармацыю пра неспрыяльныя ўмовы далейшай барацьбы на тэрыторыі Магілёўскай губерніі і набліжэнне войскаў, камандзір атраду Жэброўскі павёў паўстанцаў, па розных дадзеных ад 40 да больш чым 100 чалавек, у Мінскую губернію. З тае пары на тэрыторыі Сененскага ўезда атрад з’яўляўся толькі два разы – 5 мая ў фальварку Канлахова, а з 6 па 8 мая ў вёсцы Шчаўры. Менавіта 8 мая недалёка ад вёскі Падберцы яны прынялі бой з артылерыйскай ротай. Частка атраду была ўзята ў палон, таксама быў страчаны абоз. Пазней гэты атрад быў канчаткова разбіты ў Мінскай губерніі. Камандзір у апошнім баю таксама патрапіў у палон.

Чарнаруцкі атрад пасля доўгага замятання слядоў, 26 красавіка арганізаваў адпачынак. У лесе была ўмацаваная невялікая тэрыторыя, дзе і застаўся на цэлы дзень атрад.

27красавіка. Горацкі атрад 27 красавіка адпачываў у фальварку Петрулін. Паўстанцы практыкаваліся ў стральбе, а камандванне строіла планы. Паводле данясенняў выведкі, войскі шукалі атрад у трохкутніку паміж Магілёвам, Чавусамі і Горкамі. Знаходзячыся ў Петруліне атрад не патрапляў у гэты трохкутнік і знаходзіўся ў адноснай бяспецы, але заставацца на месцы было не варта. У планах атраду было пасля Петруліна ісці лясамі ў бок Прапойска (сёння Слаўгарад), дзе перайсці раку і рухацца далей. Таксама ў Петрулін пад час стаянкі павінны былі прыходзіць данясенні з Краснога ад іншых атрадаў. Паведамленні былі не радасныя: Рагачоўскі, Крычаўскі і Аршанскі атрады разбіты, Сенненскі перайшоў у Мінскую губернію, а Чарнаруцкі хаваўся ад войскаў у лесе. Цалкам баяздольны заставаўся толькі Горацкі атрад.

Чарнаруцкі атрад не рызыкаваў пакідаць сваю схованку, бо войскі і казакі, патрапіўшыся на фальшывыя сляды, расстаўленыя паўстанцамі, згубілі атрад, але працягвалі пошукі недалёка ад дыслакацыі. У выніку пошукаў казакі знайшлі аднаго 17-гадовага паўстанца, які пад прымусаў паказаў размяшчэнне атраду.

У выніку бою атрад быў рассеяны. З боку паўстанцаў па даволі прыблізных звестках, загінула 22 чалавекі, 2 параненыя і 79 узята ў палон. З боку рускіх было забіта 4 чалавекі, а паранена 9. Камандзір атраду змог выбрацца з бою жывым і пазней разам з атрадным ксяндзом далучыцца да Сенненскага атраду на тэрыторыі Мінскай губерніі.

28 красавіка. Атрад Жвярждоўскага з раніцы працягнуў рух лясамі. Толькі адзін раз паўстанцы выйшлі на паштовую дарогу, дзе захапілі ў палон некалькі афіцэраў каля станцыі Прыдарожнай. Выведка дакладала ўсё больш непрыемныя навіны – разгром Чарнаруцкага атраду і пра тое, што па слядах Горацкага атраду рушаць войскі. Каб пазбегнуць сутычкі, Тапор павярнуў у бок. Пад вечар яны выйшлі да фальварку Ліцягі шляхціча Віскоўскага. На начоўку лагер не разбівалі – заняліся пошукам сродкаў для пераправы праз раку. За ноч удалося знайсці паром.

29 красавіка.. З раніцы да абеда атрад перапраўляўся праз раку Проню. Апошнім пераправаю скарыстаўся сам камандзір атраду. У гэты час да пераправы ўжо падыходзілі расейскія войскі. Злавіць паўстанцаў не ўдалося. Але а 14-00 пераправу паспелі паспяхова скончыць і пачалі адыходзіць ад ракі. Не маючы магчымасці дастаць паўстанцаў і распачаць паўнавартасны бой, рускія пачалі абстрэльваць паўстанцаў з артылерыі. Каб зменьшыць страты, атрад хутка рассеяўся і пазней сабраўся ў вёсцы Добры-Мох. Адсюль атрад рушыў на начлег у фальварак Мошкі шляхціча Макавецкага.

30 красавіка. Жвярждоўскі самастойна распусціў свой атрад. Сам ваявода і частка кіраўнікоў атраду з’ехала, частка атраду вырашыла самастойна здацца ўладам. Да вечара здаліся каля 140 чалавек, яшчэ 30 былі арыштаваныя паліцыяй.

Паўстанне Каліноўскага на Аршаншчыне

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение