1-га жніўня па новым стылі, 19 ліпеня па старым, 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. Яна абвастрыла ўсе праблемы Расійскай імперыі і прывяла да яе знішчэння.
За дзень да абвяшчэння Германіяй вайны Расіі кіраўніцтва Оршы атрымала бязмежныя паўнамоцтвы – у горадзе абвешчана ваеннае становішча. У сувязі з гэтым былі цалкам забароненыя любыя формы палітычных пратэстаў, абвяшчалася мабілізацыя, на частцы прадпрыемстваў, якія пачыналі абслугоўваць фронт, уводзіліся асобныя правілы работы – больш цяжкія.
Яшчэ да падыходу германскіх войскаў да Оршы гараджане пабачылі сур’ёзныя наступствы вайны: 17 прадпрыемстваў цалкам ці часткова спынілі сваю працу з-за мабілізацыі спецыялістаў на фронт, у сувязі з увядзеннем “сухога закона” былі зачыненыя ўсе алкагольныя прадпрыемствы, праз горад пайшлі эшалоны з эмігрантамі, у Оршу сцягваліся дадатковыя войскі, у 1915-1916 годзе на жыхароў гораду былі накладзеныя дадатковыя абавязкі – ваенныя павіннасці, напрыклад, пабудова мастоў, ахова чыгункі, рамонт дарогаў і г.д.
Усе гэта прывяло да значных зменаў у жыцці горада. Так, мяняецца нацыянальная структура горада. Калі раней найбольш значная частка насельніцтва была габрэі, то цяпер у складзе войскаў у горад прыходзіць вялікая колькасць рускіх з розных частак Расіі, розных светапоглядаў, рознай культуры і г.д. У жніўні 1916 года расійскае кіраўніцтва прысылае ў Оршу ды ваколіцы некалькі соцень кітайцаў у якасці таннай рабочай сілы.
Усё гэта стварае дадатковае напружанне і калі раней мы адзначалі выпадак габрэйскага пагрому ў горадзе, то цяпер 21 ліпеня 1917 года адбываецца “кітайскі пагром” – каля 180 кітайскіх рабочых былі зверскі забітыя рускімі жаўнерамі на рынкавым пляцы.
Орша стала самым шматнацыянальным горадам за ўсю сваю гісторыю. У такіх умовах беларускі рух не мог стаць значным, проста з-за таго, што колькасць беларусаў у Оршы была малая. 1 ліпеня 1917 года праходзіць першы сход беларусаў Аршаншчыны, але значнага развіцця ініцыятыва так і не атрымала.
У гэтыя ж часы ў Оршы пачынае значна развівацца крымінал. Першапачаткова – гэта нелегальны гандаль ва ўмовах катастрафічнага дэфіцыту, пасля падзелу гораду на савецкую і нямецкую зоны – гэта кантрабанда з усімі выцякаючымі наступствамі.
Лютаўская рэвалюцыя яшчэ больш актуалізавала праблемы ваеннага часу. Салдаты практычна перасталі падначальвацца сваім камандзірам. Наяўнасць у горадзе вялікай колькасці зброі давала магчымасць стварэння розных узброеных арганізацыяў, дружынаў і г.д. З’яўляюцца Саветы (рабочых, салдатаў і г.д.), якія становяцца альтэрнатывай мясцовым органам часовага ўраду.
Маючы падтрымку некаторых узброеных структураў і рабочых, перш за ўсё чыгуначнікаў, Саветы практычна ўзялі пад кантроль мястэчка Чыгуначнае (вакзал, Заходняя і г.д.), дзе пачалі раззбройваць праціўнікаў рэвалюцыі, у тым ліку тых, якія ішлі на падтрымку Карнілаўскаму мяцяжу.
Пры гэтым, у горадзе Саветы маюць меньшую сілу – тут кіруе гарадская дума. У ліпені 1917 гарадскім старшынём абіраецца блізкі да бальшавікоў П.М.Лепяшынскі. Варта адзначыць, што бальшавікі ў той час хаця і атрымлівалі ўсё большую падтрымку насельніцтва, але дужа моцнымі не былі. На момант кастрычніцкай рэвалюцыі ў Оршы партыя бальшавікоў складалася ўсяго з 40 чалавек.
Кастрычніцкая рэвалюцыя як раз абвастрыла канфлікт паміж Саветамі і прыхільнікамі часовага ўраду. Праціўнікі бальшавісцкай рэвалюцыі (большасць у гарадской думе – прадстаўнікі казакоў, меньшавікі, эсэры, БУНД-аўцы) стварылі “Аршанскі камітэт выратавання Радзімы і рэвалюцыі”, прыхільнікі (бальшавікі, які ў той час кантралявалі большасць Саветаў) ствараюць Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Канфлікт паміж думай і Саветамі вымусіў Лепяшынкага падаць у адстаўку. А ў лютым 1918 года гарадская дума была цалкам распушчаная. Да 1 студзеня 1918 года Саветы ўзялі ўладу практычна на ўсёй тэрыторыі павета, а, значыць, да ўлады прыйшлі бальшавікі.
На фота: Панцеляймон Мікалаевіч ЛепяшынскіУ лютым 1918 года баі з немцамі пачаліся на тэрыторыі Аршанскага павету. А 5 сакавіка па новым стылі у горадзе з’яўляюцца немцы. Паводле Брэсцкага міру мяжа паміж Германіяй і Савецкай Расіяй прайшла па самой Оршы – па вуліцы Пагранічная, якая з тае пары і атрымала сваю назву. Горад і мястэчка Чыгуначнае былі падзеленыя на часткі. Вакзал быў пад кантролем бальшавікоў, а сёняшняя станцыя Орша-Заходняя кантралявалася немцамі. Але адразу за чыгуначным палатном гэтай станцыі пачыналіся балоты, якія юрыдычна належалі да савецкай зоны і г.д.
Такая сітуацыя працягвалася да 12 верасня, а цалкам з Аршанскага павету немцы сыйшлі толькі 16 лістапада 1918 года.
Усе спробы пазбавіць бальшавікоў кантролю над горадам былі марнымі. Прыбываўшыя ў горад жаўнеры альбо раззбройваліся пад пагрозамі расправы, або пераагітоўваліся і станавіліся на бок Саветаў.
12 студзеня 1918 года генерал-лейтэнант Доўбар-Мусніцкі, прыхільнік далучэння тэрыторыі Беларусі да адноўленай Польшчы вырушыў у бок Оршы і Смаленска, але быў разбіты сфармаванымі ў Оршы і павеце атрадамі пад вёскамі Бабінавічы і Дабрамыслі (сёння Лёзненскі раён).
Больш паспяховым, але таксама ў выніку правальным выступам быў антыбальшавіцкі бунт пад кіраўнітвам І.І. Буевіча. 5 жніўня эсэры падымаюць супраць бальшавікоў жаўнераў і даволі хутка захопліваюць уладу ў горадзе. Але плану далейшых дзеянняў не было – адным з варынтам дзеянняў быў паход на Сянно для падтрымкі антыбальшавіцкіх сілаў там і стварэння зоны Оршы – Сянно як пачатак вялікага супраціву бальшавікам.
Але супакоіў мяцеж глупейшы выпадак. У горад быў пасланы выведкавы атрад, які, абыйшоўшы кантрольныя пункты, патрапіў у горад, дзе, як аказалася, каля выканкаму, дзе знаходзіліся ўсе кіраўнікі бунта не было арганізавана прапускной сістэмы і якаснай аховы. У выніку, атрад прайшоў у будынак, раздаўся адзін папераджальны выстрал уверх, пасля чаго паўстанцам было прапанавана здацца, бо горад быццам-бы акружаны. Паверыўшы напраўдзе, антыбальшавікі здаліся. Тым не меньш, Буевіч не быў пакараны і ў будучым меў значныя пасады ў Оршы.
У 1918 годзе бальшавікі на поўную разгарнулі сваю дзейнасць. Пачалася нацыяналізацыя ўсіх прадпрыемстваў, былі цалкам падпарадкаваныя прафсаюзныя арганізацыі, зачынены ўсе не падпарадкаваныя бальшавікам газеты. У тым ліку, “Оршанский вестник”, які выдаваўся ў горадзе штодзённа з 10 лютага 1915 года. Самі ж бальшавікі выдавалі газету “Известия рабочих, крестьянских и солдатских депутатов”, пазней перайменавана ў “Набат”.