Аршанскае евангелле - рукапісны помнік ХІІІ стагоддзя, знойдзены ў 1812 годзе ў Оршы сярод манастырскіх прыладаў, раскіданых францускімі жаўнерамі.
Створана, хутчэй за ўсё, у Полацку. Напісана на якасным пергаменце уставам другой паловы ХІІІ стагоддзя. Захаваліся 142 аркушы рукапіса без пачатку і канца.
У Евангеллі змешчаныя дзве мініяцюры с выявамі евангелістаў Мацея і Лукі, дзве застаўкі і 310 ініцыялаў. Мініяцюры паказваюць евангелістаў Мацея і Луку за нізкімі пюпітрамі з аркушамі папіруса ў руках і адлюстроўваюць развіццё візантыйскага ранняга палеалогаўскага стыля ў старажытнабеларускім мастацтве.
Ёсць меркаванне, што ілюстратар Аршанскага Евангелля был майстрам фрэсак, пра гэта сведчыць шырокая, разлічаная на не кніжныя маштабы, манера жывапісу. "Фрэскавы" характар мініяцюрам гэтага рукапісу надае чысты, некрануты пэндзлем фон - пергамент, на якім фігуры евангелістаў чытаюцца выразнымі сілуэтамі. Мастак Аршанскага Евангелля быў цудоўным каліграфістам, тонка адчуваў прапорцыі.
Вобразы адрозніваюцца жыццёвасцю характарыстык, абагульнена-манументальнай трактоўкай формаў, мажорным каларытам. Застаўкі і ініцыялы выкананыя ў раслінна-геаметрычным і тераталагічным стылях, блізкіх да стылю дэкора беларускіх рукапісаў (Полацкае Евангелле ХІІІ стагоддзя ды інш.).
У 1874 аршанскі памешчык Мелянеўскі перадаў Евангелле ў музей Кіеўскай духоўнай акадэміі. Захоўваецца Аршанскае Евангелле ў Кіеве ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Украіны. Яго выдатны муляж, выраблены таленавітым мастаком П.Драчовым, можна пабачыць у Музеі беларускай літаратуры ў Мінску.