Зіма ў гэтым годзе распачалася рана і, відавочна, камунальныя службы з ёй справіцца не могуць. Іначай як патлумачыць, што ў двух выпадках, калі Оршу накрывала непагадзь, гэта прыводзіла да вялікай колькасці аварыяў. Чарговы снегапад 2 лістапада зноў выклікаў праблемы для кіроўцаў, асабліва для тых, каго і ранейшы снег не прымусіў памяняць колы.
Ужо а 11 раніцы ў Першым Мікрараёне было дзве аварыі — побач з крамай "Алмі" і побач з аптэкай на Сямёнава. Літаральна гадзінай пазней — а 12 — аўтамабілі сутыкнуліся на павароце з вуліцы Дзяржынскага на Маскоўскую (каля вакзальнага рынку). Адзін легкавік выляцеў у плот прыватнага дома (на фота), а ў другім выпадку сутыкнуліся легкавы аўтамабіль і ЗІЛ.
У раёне дарогі былі не лепш чым у горадзе, але нам вядома толькі пра адно ДТЗ за Оршай - на павароце на Балбасава і Коханава каля Чэрвенскіх могілак.
Снег сыпаў цэлы дзень і вечарам у гадзіну пік аварыі працягнуліся. Каля 18 гадзін каля кавярні "Мілана" па вуліцы Леніна з дарогі вылецеў аўтобус, сутыкнуўшыся з легкавым аўтамабілем. Па нашай інфармацыі, акрамя самога транспарту ва ўсіх аварыях ніхто не пацярпеў.