У міліцыю ў Аршанскім раёне звярнуўся непрацуючы 1980 года нараджэння, які заявіў, што ў яго аўтамабіля нехта "зрабіў рамонт". Выражалася гэта ў тым, што з машыны скралі пярэдні бампер. Матэрыяльная шкода склала 506 рублёў. Пачата крымінальная справа па ч.1 артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу.
Таксама ў РАУС звярнулася рабочая 1956 года нараджэння, якая паведаміла, што ў яе адрыну пранік невядомы злачынца, які зламаў замок на дзвярах. З памяшкання быў скрадзены скутэр. Марку і год выпуску ўсталяваць не ўдалося, верагодна, сама гаспадыня не ў курсе, скутэр якой маркі знаходзіўся ў яе. Матэрыяльная шкода склала 750 рублёў. І па гэтай справе заведзена крымінальная справа па частцы 1 артыкулу 205.
А Талачын трапіў у зводкі міліцыі разам з Берасцем і Шаркоўшчынай. Там былі канфіскаваныя фальшывыя купюры, адна наміналам у 5 тысяч рублёў Расеі і дзве купюры па 100 даляраў ЗША.