Эканамічны суд Віцебскай вобласці разгледзеў справу па адміністратыўным правапарушэнні, якая даследвалася АБЭЗ Кастрычніцкага раёну Менска. Як паведамляе Эканамічны суд, справа была заведзеная па частцы 1-1 артыкулу 12.7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях. Грамадзянін Б.. як вынікае з матэрыялаў справы, 25-га жніўня а 6-й гадзіне раніцы рэалізоўваў грамадзянам алкагольныя напоі ў тары па 0,5 літра. Усяго ён меў 908 літраў алкагольных напояў, але не атрымаў неабходныя дакументы на іх продаж, у тым ліку ліцэнзію. Продаж адбываўся ў Талачынскім раёне, на 508-м кіламетры трасы М1, на гэтым жа кіламетры знаходзіцца і “Шашлычная”.
Пры гэтым у дзеяннях мужчыны не быў знойдзены склад злачынства, бо не ўдалося падлічыць, які канкрэтна даход ад здзяйснення незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці ён атрымаў. Самае цікавае, што за аналагічную нелегальную дзейнасць мужчына прыцягваўся да адказнасці ў красавіку 2017 года. Толькі тады яго справу разглядаў Эканамічны суд Менскай вобласці.
У выніку суд прыйшоў да высновы, што неабходна аштрафаваць мужчыну на 69 рублёў і канфіскаваць увесь тавар — 908 літраў незарэгістраванай алкагольнай прадукцыі на агульную суму ў 9080 рублёў.
Пастанова аб накладанні адміністратыўнага спагнання яшчэ не ўступіла ў сілу і пакуль можа быць абскарджана.