Здарэнне, якое ледзь не прывяло да пабегу сумнавядомага забойцы Уладзіслава Казакевіча са шклоўскай калоніі адбылося 12-га кастрычніка ў 10:40. 18-гадовы душагуб, які напаў на людзей з бензапілой у гандлёвым цэнтры "Новая Еўропа" ў Менску, адбывае пакаранне ў калоніі № 17 горада Шклова. Падчас стандартнай працэдуры дагляду перад шпацырам на Казакевіча спрацаваў металадэтэктар. У левым рукаве ў яго апынуўся самаробны нож, з якім ён кінуўся на ахову, хаця яму было прапанавана добраахвотна здаць зброю. Аднак прапаршчык Аляксей Кузан і вайсковы нарад абяззброілі зняволенага, на месца прыбыла аператыўна-следчая група.
Відавочна, Казакевічу за гэта пагражае яшчэ некалькі гадоў зняволення, плюс да 15 гадоў, якія ён атрымаў за забойства і траўмаванне бензапілой. Ад смяротнай кары альбо пажыццёвага зняволення, якія маглі б прызначыць па такім артыкуле адпаведна з дзеючым заканадаўствам Беларусі, Казакевіча ўратаваў толькі ўзрост. На момант здзяйснення забойства студэнту ўніверсітэта "МІТСО" было 17 гадоў. Пасля суда, які асудзіў яго на 15 гадоў зняволення, Казакевіч паабяцаў, што пасля выхаду абавязкова расправіцца яшчэ з кім-небудзь з людзей.