Суботняй раніцай 4 лістапада на трасе Е95 быў даволі моцны туман - ён і справакаваў аварыю з удзелам адразу трох аўтамабіляў: мікрааўтобуса Івека, фуры "ДАФ" і легкавушкі "Шкода". Каля 5-30 з віцебскага кірунку ў Оршу ехаў мікрааўтобус пад караваннем мужчыны 1991 года нараджэння. Насустрач яму ехала фура і легкавушка, якая ў кепскіх умовах надвор'я прыстроілася за фурай. Легкавушкай кіраваў 19-гадовы хлопец. На адным з закругленняў дарогі кіроўца мікрааўтобуса не справіўся з кіраваннем і яго аўтамабіль вынесла на сустрэчную паласу, а там ужо адбылося сутыкненне з фурай. А кіроўца легкавушкі не паспеў зрэагаваць на аварыю і ўляцеў у паўпрычэп фуры. Удар машынаў быў такі моцны, што мікрааўтобус проста разарвала на дзве часткі. Увогуле калі глядзець фотаздымкі з месца аварыі, то можна сказаць, што мікрааўтобус пераўтварыўся ў суцэльную кучу металалому. Яго кіроўца і пацярпеў больш за ўсё: на месца здарэння давялося выклікаць ратавальнікаў, каб тыя з дапамогай гідраўлікі дапамаглі яму выйсці з машыны. З рознымі траўмамі малады мужчына быў дастаўлены ў бальніцу.
Інфармацыя паводле сайта УУС, фотаздымкі з суполкі абласнога ДАІ "Укантакце".