На ўсіх вакзалах Беларусі з'явяцца тэрміналы па продажы чыгуначных квіткоў, дзе пасажыры змогуць разлічыцца не толькі карткай, але і гатоўкай. Больш за тое, аўтамат выдасць рэшту. Тэрміналы плануюць паставіць не на чыгуначных станцыях, а менавіта на вакзалах — іх у краіне 19. Пакуль тэрміналы, дзе можна купіць квіток за гатоўку і атрымаць пры гэтым рэшту, ёсць толькі ў Менску. Усталяваныя яны на вакзале «Менск-Пасажырскі», тут іх 10, а пазней стане 17. А вось жыхары нашай Оршы, напрыклад, скардзіліся на тое, што, не маючы дробных купюр і манет, ёсць праблема купіць квіток у тэрмінале — рэшты ён не выдаваў. Такая самая праблема была, напрыклад, і ў блізкіх ад нас Магілёве і Віцебску. Прычым апарат з выдачай рэшты з'явіцца ў Оршы раней, чым у бліжэйшых абласных цэнтрах, і наогул — першым у Віцебскай вобласці.
— Стаіць задача на ўсіх вакзалах у абавязковым парадку ўсталяваць тэрміналы, дзе чалавек зможа аформіць праязны дакумент, не прывязваючыся да білетнай касы, — сказаў Аляксандр Захарэвіч, начальнік пасажырскай службы перавозак БЧ. — Асаблівасць гэтага апарату ў выдачы рэшты. Закінуць у тэрмінал можна капейкі вышэй «дзясяткі», здачу ж, пры неабходнасці, чалавек атрымае цалкам. Гэта значыць выкарыстоўваецца і адна капейка, і дзве. У гэтым годзе БЧ закупіць яшчэ каля 70 такіх тэрміналаў. У кастрычніку такія навінкі з'явяцца ў Оршы, Барысаве, Маладзечне. А пазней папоўняць вакзалы ў Баранавічах, Гродне, Лідзе, Лунінцы, Брэсце, Гомелі, Жлобіне, Калінкавічах, Магілёве, Асіповічах, Бабруйску, Віцебску і Полацку.