Некалькі гадоў беларускія патрыёты патрацілі на тое, каб вярнуць у грамадскі транспарт Оршы тое, што адпачатна там знаходзілася і павінна быць — абвесткі на беларускай мове. Інтэрнэт-галасаванне, якое прайшло на сайце выканкама, прадэманстравала яўную перавагу беларускай мовы і жаданне аршанцаў вярнуць родную мову ў транспарт. Лічбы аказаліся нават больш пераканаўчымі, чым на orsha.eu у галасаванні, якое скончылася крыху раней. Але абвесткі на расейскай мове не прыбяруць, яны застануцца, бо так, паводле словаў намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргея Паца, выказаліся працоўныя калектывы.
Гэтыя крокі можна лічыць пазітыўнымі з абодвух бакоў. Станоўчым з'яўляецца факт таго, што аршанцы, нягледзячы на тое, што барацьба за вяртанне роднай мовы ў грамадскі транспарт Оршы доўгі час была бясплённай, не пакінулі сваіх намераў і не адракліся ад беларускай мовы. З боку Аршанскага райвыканкама выключна станоўчым з'яўляецца само фактычнае прызнанне неабходнасці беларускай мовы ў грамадскім ужытку і тое, што чыноўнікі прыслухаліся да меркавання грамадзян. Усё хутчэй чыноўнікі пачынаюць усведамляць, што інтарэсы аршанцаў трэба ўлічваць, а таксама трэба цаніць Беларусь і яе нематэрыяльныя духоўныя каштоўнасці. Зараз актывісты спадзяюцца, што ўжо ў канцы 2019 года беларуская мова загучыць у грамадскім транспарце і беларусы змогуць чуць абвесткі на роднай мове.