Прадстаўнік прафсаюзу РЭП у Воршы Васіль Бераснеў у эфіры праграмы "Госць раніцы" на радыё "Рацыя" даў інтэрв'ю пра цяперашні стан беспрацоўя ў горадзе. Пытанні тычыліся і ўмоваў для маладых спецыялістаў. Адказы Васіля Бераснева былі несуцяшальныя ля тых, хто думаў, быццам сітуацыя на працоўным рынку у Воршы істотна змянілася. Вось частка аднаго з адказаў:
Абставіны такія, што ў Воршы, калі глядзець так звонку, нейкае намаганне працуе. Пра гэта сродкі масавай інфармацыі гавораць. Пра гэта пэўныя кіруючыя колы нам даводзяць. Але працоўныя не адчуваюць на сабе. Заробкі не павысіліся. Пенсіі толькі вось нядаўна нязначна павышаліся ўсім у Беларусі. Не павялічваецца колькасць працоўных месц. У нас усё роўна больш звальняюць, чым прымаюць на новую працу. Цэнтр занятасці, які працуе ў Воршы, адсочвае гэтую сітуацыю і яны заяўляюць, што беспрацоўе ў Воршы змяншаецца. Змяншаецца колькасць людзей, якія становяцца на ўлік беспрацоўных! Таму што за 25-30 рублёў у месяц выжыць немагчыма, калі зарэгістраваўся ў Цэнтры занятасці. Таксама абавязкова трэба адпрацаваць на нейкіх агульных работах. Таксама трэба пастаянна паказвацца ў Цэнтр занятасці. Таму людзі шукаюць работу самастойна, працуюць, выязджаюць, ці гэта работа сезонная, ці работа ў замежжы, шмат у нас людзей выязджае працаваць у замежжа, цяпер больш едуць у Польшчу, у Літву. У Расею зменшылася.
Сказаць, што якасць жыцця палепшылася – немагчыма. Цэны растуць. Штрафы павялічваюцца. Гляджу, на 2020 год зноўку ўнесены лічбы па штрафах, якія будуць з народа браць і з юрыдычных асоб. Потым гэтыя грошы пойдуць на сілавыя структуры і органы, якія кантроль вядуць. Кожны тыдзень раённая газета друкуе, колькі нарадзілася і колькі памерла. І колькасць памерлых амаль кожны тыдзень у два разы большая за тых, хто нарадзіўся. Мала ствараецца маладых сем’яў. Гэта бачна. Моладзь не бачыць выхаду.
Таксама Васіль Бераснеў распавёў пра тое, што ніяк не палепшыліся ўмовы для маладых спецыялістаў. Ён у пераносным сэнсе ўжыў слова "генацыд" адносна дзеянняў дзяржавы ў дачыненні маладых выпускнікоў сярэдніх і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў. Часта, адпраўляючыся па размеркаванні на адзін з аршанскіх заводаў, маладыя людзі бачаць, што на прадпрыемстве яны не патрэбныя. І ўмовы працы, напрыклад, ацяпленне ў халодны час году ці спецвопратка чакаюць лепшага. Гаворачы пра сітуацыю ў цэлым, Васіль Бераснеў адзначыў ці не адзіную станоўчую рысу, што сапраўды зменілася. Дзяржаўная прэса сапраўды публікуе вакансіі для маладых спецыялістаў, хоць на справе часта выяўляецца, што ўмовы там несалодкія.