700 год з часу далучэння Оршы ў складзе Віцебскага княства (з пачаткам княжання ў Віцебску Альгерда Гедзімінавіча) да Вялікага Княства Літоўскага (1320 г.)
На фота: Помнік Альгерду ў Віцебску
610 год з дня Грунвальдскай бітвы, у якой вызначылася Аршанская харугва (15.7. 1410 г.).
400 год з дня складання інвентара замка Аршанскага, які змяшчаў звесткі аб гаспадарцы Оршы таго часу (12.7.1620 г.).
На фота: Аршанскі замак. Сучасны малюнак.
400 год з дня атрымання Оршай прывілея на магдэбургскае права (13.12.1620 г.).
На фота: Герб Оршы 1620 г.
150 год з дня нараджэння (22.4.1870 г.) Уладзіміра Ільіча Леніна (сапр.Ульянаў, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія), расійскага і савецкага палітычнага, дзяржаўнага дзеяча, дзеяча міжнароднага рабочага руху. Абапіраючыся на створаную ім бальшавісцкую партыю, здзейсніў Кастрычніцкі пераварот 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. у Петраградзе, абвесціў “дыктатуру пралетарыята”. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1922 г. Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, у які ў якасці сузаснавальніка ўвайшла і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Памёр 21 студзеня 1924 г. Імем Леніна названа вуліца ў Оршы (былая Віцебская, потым Пецярбургская, з 1914 г. – Петраградская, з 1918 г. - Леніна), у горадзе ўстаноўлена некалькі помнікаў Леніну.
На фота: Помнік У.І. Леніну на Цэнтральнай плошчы Оршы. Скульптар Г. Мурамцаў. 1987 г.
150 год з дня нараджэння Вінцука Грашыса (1870 г.), каталіцкага святара. У 1893-1907 гг. дэкан і адміністратар касцёла Св. Язэпа ў Оршы, карэспандэнт першай беларускай газеты “Наша ніва”.
110 год з дня нараджэння Канстанціна Сяргеевіча Заслонава (7.1.1910 г.), Героя Савецкага Саюза, арганізатара і кіраўніка падпольнага і партызанскага руху на Аршаншчыне. Імя К. Заслонава прысвоена Аршанскаму лакаматыўнаму дэпо, вуліцы ў Оршы. На пероне чыгуначнага вакзала ўстаноўлены помнік К. Заслонаву.
На фота: Помнік К. Заслонаву. Скульптар С. Селіханаў. 1955 г.