03:00

-1

8 м/с

974 гПа

06:00

-1

7 м/с

976 гПа

09:00

-2

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

15:00

+1

7 м/с

981 гПа

Орша, Спорт

Юбілей першай перамогі

24.02.2020 07:20

2874 просмотра, 0 комментариев

24 лютага спаўняецца 35 гадоў першага залатога медаля аршанца Ігара Жалязоўскага на чэмпіянатах свету.

Легендарны канькабежац Ігар Жалязоўскі ў першай палове 80-х гадоў быў усяго толькі маладым талентам з Савецкага Саюза. У свеце яго ведалі, але не так добра. Аршанец, які нарадзіўся 1 ліпеня 1963 года, ужо з юнацтва прывучыўся да цяжкіх трэніровак і доўгіх збораў. І вось, беларускі талент у лютым 1985-га прыехаў у галандскі Херенвен на чэмпіянат свету і 24-га лютага перамог у спрынтарскім шматбор’і 2-разовага алімпійскага чэмпіёна Гаэтана Бушэ з Канады. Акрамя таго, беларускі канькабежац паставіў новы сусветны рэкорд для раўнінных коўзанак.

Вось тады ўсе і пачулі пра Ігара Жалязоўскага напоўніцу, перспектыўны атлет стаў зоркай сусветнага маштабу. Ягоная сям’я была простай — маці Ганна Пятроўна была прадавачкай у краме спорттавараў, а бацька Мікалай Пятровіч расточнікам на Інструментальным заводзе. Адна з галінаў роду Жалязоўскіх паходзіць са славутай вёскі Крапіўна. Тагачасны дырэктар стадыёна Лёнакамбіната Вячаслаў Штанюк з радасцю ўзгадваў маладога хлопца, які трэніраваўся тут і на прылеглай тэрыторыі, наразаў кругі па стадыёне.

Трэніраваў спартоўца Мікалай Фёдаравіч Гапеенка. Часта Жалязоўскі апраўляўся ў лясок на аршанскім прафілакторыі і там трэніраваўся да знямогі. Усё гэта і заклала аснову будучых перамог. Яшчэ 7-класнікам аршанец быў залічаны ў зборную БССР, а неўзабаве дарос і да зборнай СССР. У 1982 годзе ён стаў займацца там у групе Валерыя Муратава.

У наступныя гады Жалязоўскі ўсё радзей прыязджаў у Оршу — пастаянныя зборы і спаборніцтвы не пакідалі часу надоўга затрымлівацца на малой радзіме. Каб быць бліжэй да падзей, у якіх удзельнічаў, Жалязоўскі пераехаў у Менск, аднак медалі яшчэ доўга захоўваліся ў кватэры бацькоў у Оршы. Было б наіўным думаць, што ўсё ішло без зрываў і няўдач. На самым пачатку дарослай кар’еры Жалязоўскага напаткавала фіяска на чэмпіянаце Савецкага Саюза. У яго падчас бегу зламаўся канёк, Ігара вынесла з трасы, а разам з тым саслізнула па тонкім лёдзе і магчымасць адбору на Алімпіяду-84 у Сараеве.

Роспач не была доўгай, магутныя трэніроўкі працягнуліся, і ўжо ў 1984 годзе ў снежні на спаборніцтвах у ГДР у горадзе Карл-Маркс-Штадт (цяпер Хемніц, аб’яднаная Нямеччына) Жалязоўскі паставіў адразу два сусветныя рэкорды. І пасля, у лютым-85 наступіў той самы чэмпіянат у Херенвене, з якога пачынаўся гэты артыкул. Там пераможаным стаўся канадзец Бушэ, які праводзіў найлепшы час у кар’еры.

У 1986-м Жалязоўскаму не было роўных у японскім горадзе Каруідзава, беларус стаў двухразовым трыўмфатарам чэмпіянатаў свету. Наступны трыўмф на чэмпіянат свету прыйшоў у 1989-м, калі Жалязоўскі выйграў золата ў тым добра знаёмым Херенвене. На наступны год у нарвежскім Трамсё па ходу дыстанцыі аршанец быў траўмаваны і стаў толькі бронзавым прызёрам. Гэты медаль стаў адзіным незалатым у шматбор’і на чэмпіянатах свету. Інцэль-1991, Осла-1992, Ікаха-1993 былі выйграныя з бляскам, Жалязоўскі заваяваў 6 тытулаў чэмпіёна свету! Яшчэ спартовец узяў 3 Кубкі свету.

Відэа з пераможнага чэмпіянату ў Херенвене-89, дзе Жалязоўскі выйграў трэці тытул, роўна палову ад таго, што заваюе за кар'еру.

А вось з Алімпійскімі гульнямі сапраўды не склалася так, як хацелася. Тая самая няўдача з каньком, якая пазбавіла права адабрацца на Алімпіяду ў Сараеве ў 1984-м. У Калгары-1988 была толькі бронза на дыстанцыі 1000 метраў, у Альбервілі-1992 лепшым месцам стала 6-е на карннай дыстанцыі 1000 м. У Лілехамэры-1994 на той самай дыстанцыі срэбра. Пазней у сваіх успамінах Жалязоўскі прызнаваўся, што ў той час не ўспрымаў Алімпійскія гульні вышэйшымі за чэмпіянаты свету, нават наадварот, менавіта на чэмпяінаты свету настройваўся мацней. Хаця ў сучаснасці алімпійскі тытул цэніцца ўжо вышэй.

Алімпіяда 1994 года ў нарвежскім Лілехамэры стала апошняй для Жалязоўскага. На цырымоніі яе адкрыцця аршанец павінен быў несці нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Але ў апошні момант беларуская длегацыя даручыла сцяг біятланісту Яўгену Рэдзькіну. Гэта патлумачылі тым, што Жалязоўскаму трэба лепей псіхалагічна падрыхтавацца да стартаў. Але, верагодна, улічвалася тут і старая заканамернасць — сцяганош амаль ніколі не перамагае на Алімпійскіх гульнях. А Жалязоўскі быў галоўнай надзеяй маладой незалежнай дзяржавы на залаты медаль. Хаця спрынтару ў выніку такая замена ўсё адно не дапамагла заваяваць перамогу.

Цікава, што Жалязоўскі, як, напрыклад, і Аліна Талай з роднай Оршы шмат гадоў пазней, неаднаразова выступаў у абарону бел-чырвона-белага сцяга. Напрыклад, калі Лукашэнка са сваім атачэннем задумалі змяніць сімволіку на БССРаўскую чырвона-зялёную Жалязоўскі канкрэтна выказаўся пра гэта ў прэсе: «Займаюцца лухтой! Мяняюць сцяг. Быццам рабіць больш няма чаго». Праўда, тыя словы тады не паўплывалі на кар’еру чыноўніка, якую Жалязоўскі пачаў пасля заканчэння выступленняў. Ён займаў пасады старшыні Беларускага саюзу канькабежцаў і прэзідэнта Паралімпійскага камітэта Беларусі. У пазнейшыя гады Жалязоўскі працягваў падтрымліваць бел-чырвона-белы сцяг, заяўляючы, што гэта не сцяг нейкай асобнай групы, напрыклад, апазіцыі, а сцяг усёй зямлі, усяго народа, які не варта было змяняць. Вось яшчэ ягоныя словы, сказаныя ў інтэрв’ю «Свабодзе»: «Дастаткова нават крыху заглыбіцца ў мінулае, і стане зразумела: гэта якраз і ёсьць сапраўдны сьцяг. Мы зь ім паўтысячы гадоў разам, як можна такое ігнараваць? Якая б ні была палітыка, хто б ні прыходзіў да ўлады, гістарычныя атрыбуты кранаць нельга. Ну што нам той чырвона-зялёны сьцяг? Толькі як напамін пра Савецкі Саюз, бо яго па шаблёну намалявалі і нам, і іншым рэспублікам. Але ж гэта не пачатак Беларусі. Дык навошта маніпуляваць сьвядомасьцю? Няўжо сур’ёзна лічаць, што ўсё пачалося толькі ў 1917-м?»

Цяпер Ігару Жалязоўскаму 56, ён працуе ў Расеі, у горадзе Снежынску Чалябінскай вобласці. Кіраўнік продажаў кампаніі "Уральскі граніт". Кажуць, менавіта канфлікты з Лукашэнкам і ягонымі людзьмі змусілі Жалязоўскага з’ехаць з Радзімы. Сам спартовец пазней называў верагоднай прычынай тое, што некаторыя чыноўнікі бачылі ў ім канкурэнта і прыпісвалі яму палітычныя амбіцыі, таму і дакладвалі пра Жалязоўскага Лукашэнку ў чорным святле. Адным з такіх апанентаў, па словах Жалязоўскага, быў Уладзімір Рыжанкоў, які й слухаць не хацеў прапановы канькабежца па развіцці ягонага віду спорту. А з менскага прадпрыемства «Керамін» нават тэлефанавалі ў Расею пад ціскам зверху і прасілі звольніць Жалязоўскага. Гэта было ўмовай далейшых паставак беларускай керамікі на прадпрыемства, дзе й працаваў былы спартовец.

Бацькоў Ігара Жалязоўскага ўжо няма на свеце, але ён часам прыязджае ў родны горад, у жонкі Таісы тут жывуць родзічы. У славутага чэмпіёна сярод родных у Оршы засталася цётка. Роўна 35 гадоў таму Жалязоўскі беспаваротна ўвайшоў у гісторыю, цяпер ён уваходзіць за свае дасягненні ў канькабежным спорце і ў Кнігу рэкордаў Гінэса. А таксама, бясспрэчна, з’яўляецца адным са славутых нараджэнцаў Оршы.

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: Юбілей першай перамогі

24 лютага спаўняецца 35 гадоў першага залатога медаля аршанца Ігара Жалязоўскага на чэмпіянатах свету.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение