Амбасада Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь патлумачыла ўчорашні дазвол грамадзянам Беларусі наведваць Расею. Пры ўдакладненнях высветлілася, што гэта дазволена толькі ў межах транзіту, а не ўезду.
„У сувязі са зваротамі грамадзян Беларусі, грамадзян дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якія зведваюць пэўныя складанасці з вяртаннем на радзіму з трэціх краін цераз тэрыторыю Расеі, урадам Расейскай Федэрацыі было выдадзенае распараджэнне № 685-р ад 20 сакавіка 2020 года, у адпаведнасці з якім гэтым грамадзянам дазваляецца ўязджаць у Расейскую Федэрацыю цераз паветраныя пункты пропуску, але выключна ў рэжыме транзіту — для далейшага руху ў дзяржаву свайго грамадзянства”, — адзначаецца ў звароце дыпмісіі.
16 сакавіка з-за распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 урад Расеі забараніў на перыяд з 18 сакавіка па 30 красавіка ўезд іншаземцам.