Сёлета адзначыць юбілей беларускага класіка паўнавартасна не атрымаецца. Пандэмія ўнесла істотныя карэктывы ў правядзенне імпрэзаў, з-за чаго большасць вандроўнага фэсту адбудзецца толькі ў анлайн-рэжыме. Да нядаўна адной з рэальных сустрэч заставалася юбілейная вечарына ў рэстаране "Сёмае неба" ў самым цэнтры сталіцы. Аднак і яе арганізатары вымушаныя пераносіць у анлайн-рэжым, паколькі эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі яшчэ пагоршылася, а некалькі запланаваных выступоўцаў самі захварэлі на каронавірус. Таму “Саюз беларускіх пісьменнікаў” правядзе святкаванне юбілею ў анлайн-фармаце. "Да 90-годдзя Уладзіміра Сымонавіча мы апублікуем невядомыя яго аўтографы і малюнкі, а таксама падрыхтуем некалькі вельмі цікавых матэрыялаў" — паведамляюць арганізатары на сайце фэсту.
Святкаванне юбілею класіка 28-29 лістапада ў Оршы зладзяць Беларускі ПЭН-Цэнтр, Аршанская філія Таварыства беларускай мовы, Аршанскі рэгіянальны партал orsha.eu, а таксама іншыя партнёры.
А раней, у чацвер 26 лістапада арганізатары запрашаюць сабрацца сем’ямі і кампаніямі за бяседным сталом і ўключыць стрым на канале Беларускага ПЭН-Цэнтру. Наш сайт, як інфармацыйны партнёр-арганізатар фэсту, дадаткова паведаміць пра гэтую і іншыя падзеі.