Чарговы выпадак на беларускай чыгунцы здарыўся напярэдадні. У ноч на 17 сакавіка на станцыі Ворша-Цэнтральная з рэлейнай шафы невядомыя дэмантавалі і выкралі 6 сігнальных трансфарматараў тыпу СОС2-50. Пра гэта паведамляе «Сообщество железнодорожников Беларуси».
Дыверсія прывяла да наступстваў: з 21.36 па 03.00 выходны святлафор Н11Х быў няспраўным.
Нагадаем, групоўкі беларускіх партызанаў па ўсёй Беларусі перыядычна выводзяць з ладу чыгуначнае абсталяванне. Гэта робіцца дзеля таго, каб не даць расейскім саставам дастаўляць усё новую тэхніку на мяжу з Украінай для працягу вайны. Выпадкі псавання стрэлак, рэлейных шафаў, рэек зафіксаваныя на Асіповіччыне, Маладэчаншчыне і ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі. Так людзі выказваюць сваю нязгоду з тым, што Расея пры дапамозе рэжыму Лукашэнкі вядзе вайну супраць Украіны і штодня забівае бамбаваннямі і абстрэламі сотні мірных людзей, якіх Пуцін і яго прапаганда абзываюць «нацыстамі».
Сілавікі перыядычна затрымліваюць грамадзян па падазрэнні ва ўчыненні дыверсій, аднак аўтары некаторых заклікаў у інтэрнэце нярэдка гавораць, што пад затрыманні трапляюць выпадковыя людзі, якія насамрэч не рыхтавалі дыверсій і ні ў чым не бралі ўдзелу. Для таго, каб злавіць «злачынцу», сілавікі нярэдка заводзяць фальшывыя чат-боты ў Тэлеграме, і могуць арыштаваць чалавека за сам факт рэгістрацыі ў ім.
Праз пашкоджанне каляін неаднаразова праходзіла інфармацыя, што машыністы адмаўляюцц ісці ў рэйс. Расейцы ж, зразумеўшы, што іх манеўры з перакіданнем зброі заўважныя, пачалі маскаваць зброю пад трубы і інструменты.