На выхадных стартавала Другая ліга чэмпіянату Беларусі па футболе. У першым туры на сваім полі ў Болбасаве ДзЮСШ-«Ворша» прымала «Гарадоцкіх Львоў». Нягледзячы на гол Мікіты Іванова з пенальці, аршанцы не здолелі набраць пункты ў гэтай сустрэчы. Матч завяршыўся паразай з лікам 1:2. У складзе ДзЮСШ-«Воршы» некалькі гульцоў «за 30», а колькасьць юных футбалістаў, якія адпавядалі бы дзіцяча-юнацкім меркам (18 год і меней) — толькі палова заяўкі з 20 чалавек. Таму твітэр Orshafans зьвярнуў увагу на тое, што называць каманду такім чынам не зусім карэктна, хоць яна і фігуруе так у афіцыйных дакументах. Сам жа блог называе каманду "Стартам-ІІ"/"Воршай-ІІ«, настойваючы на неабходнасці вяртання камандзе гістарычнага імя «Старт».
Таксама на выхадных сваю хатнюю сустрэчу правяла і асноўная «Ворша». Сіня-белыя на сваім полі даволі нечакана перамаглі наваполацкі «Нафтан», які многія журналісты паспяшаліся залічыць у галоўныя фаварыты сезону. Вікторыю аршанцы адсвяткавалі ў выніку аднаго дакладнага стржлу ў выкананні Нікіпаронка, які адбыўся яшчэ ў першай палове гульні — 1:0. Навапалачане яшчэ мелі моманты, каб забіць, але зрабіць гэта ім не ўдалося.
Блог «Радыё Аршыца», які вядзе статыстыку каманды і піша пра яе гісторыю, падлічыў, што ў апошні раз аршанцы перамагалі навапалачан на сваім полі 18 гадоў таму. Цяпер удалося «асьвяжыць» успаміны. Пасля трох паразаў запар на старце, сіня-белыя здабылі ўжо другую запар перамогу.